Tribuna/Баскетбол/Блоги/HOOPS BELARUS/Сныціна сышла са зборнай: гэта яе асабістая перамога і выклік для каманды Трафімавай перад Еўрабаскетам

Сныціна сышла са зборнай: гэта яе асабістая перамога і выклік для каманды Трафімавай перад Еўрабаскетам

Кацярына Сныціна зрабіла самую гучную заяву ў беларускім баскетболе гэтага года. Гэта была шчырая і беспрэцэдэнтная прамова, якая безумоўна ўскалыхнула багну беларускага баскетбола.

Блог — HOOPS BELARUS
23 марта 2021, 19:26
Сныціна сышла са зборнай: гэта яе асабістая перамога і выклік для каманды Трафімавай перад Еўрабаскетам

Кацярына Сныціна зрабіла самую гучную заяву ў беларускім баскетболе гэтага года. Гэта была шчырая і беспрэцэдэнтная прамова, якая безумоўна ўскалыхнула багну беларускага баскетбола.

Адначасова Сныціна ўскрыла нарывы, якія дагэтуль спрытна хаваў беларускі спорт і баскетбол у прыватнасці, і ўпаяла сваё імя разам з прэтэнзіямі спартсменаў быць неад’емнай часткай грамадства.

Быць часткай нацыянальнай зборнай па баскетболе – гэта вельмі і вельмі ганарова. Шмат маладых баскетбалістак імкнуцца не толькі паўдзельнічаць у чарговым трэніровачным зборы, але і быць уключанымі у заяўку ў кваліфікацыі, а ў лепшым выпадку – і каб паехаць на такую блізкую і такую далёкую «Еўропу».

Кацярына Сныціна – знакавы чалавек у беларускім баскетболе апошняга дзесяцігоддзя. Яна была ключавым элементам у сістэме Анатоля Буяльскага, адной з «буяльскіх дзяўчат». На гэтых дзяўчатах трымалася жаночая зборная і пасля Буяльскага, з вялікімі праблемамі прайшла праз апошнія два чэмпіянаты Еўропы. Цяпер цаглінкі, з якіх будаваў наш жаночы баскетбол на міжнароднай арэне Буяльскі, паступова крышацца і знікаюць з радараў заўзятараў.

Сныціна стала такой перадапошняй цаглінкай. Верамеенка – апошняя.

Сныціна пачала пазбаўляцца ад нацзборнай крыху раней, чым апублікавала допіс у Інстаграме. Бронзавы медаль на аўкцыёне быў адным з публічных, бачных для нас заяў капітана. Калі дзяржСМІ ўпарта піхалі навіны пра чарговы выхад зборнай на Еўрабаскет, Сныціна прадала самую памятную рэч: тое, чаму жаночая зборная стала сусветна вядомай і адной з любімых каманд беларускіх заўзятараў.

А пасля быў допіс у Інстаграм. Капітан акрэсліла, што адмаўляецца выступаць за зборную, таму што беларускія ўлады выкарыстоўваюць спорт як інструмент прапаганды. Па-за вялікімі і праўдзівымі словамі пра рэпрэсіі, якія баскетбалістка асвятляе больш за паўгода, хаваецца і яшчэ некалькі важных рэчаў.

Па-першае, Кацярына падзялілася тым, што прафесійная кар’ера за зборную заканчваецца і ў Новай Беларусі. Канешне, гэта прагматычнае рашэнне з усіх бакоў.

Сныцінай – 35 гадоў. У хуткім часе яна будзе завяршаць кар’еру, таму трэба засяродзіцца на заробку грошай на барацьбу з рэжымам Лукашэнкі і на постспартыўную будучыню.

Шмат людзей пішуць у сацыяльных сетках, што Сныцінай трэба было згуляць на чэмпіянаце Еўропы, а ўжо пасля сыходзіць. Аднак перспектывы нацыяналкі на Еўра нерадасныя: не надта цяжкая група, але вельмі спрытныя і сур’ёзныя супернікі ў раўндах на выбыванне. Беларусь не прэтэндуе на медалі, наўрад ці зможа забяспечыць сабе месца ў пяцёрцы лепшых. Таму Сныціна выбрала лагічны шлях, калі яна можа адпачыць летам перад наступным сезонам у клубе, які прыносіць грошы і тытулы, а кіраўніцтва не імкнецца зачапіць не вельмі дасціпнымі выказваннямі.

І яшчэ адзін момант: так бы мовіць, выклік для галоўнага трэнера Наталлі Трафімавай. Цяпер актыўнае амаладжэнне, якое патрабаваў Рыжанкоў, можна праводзіць экстраннымі тэмпамі. Цікава, што ў зборнай шанцаў на дастойнае выступленне на Еўро без Сныцінай зніжаецца, а паўнавартаснай замены капітана няма сярод маладых і перспектыўных.

У допісу Сныцінай можна выявіць заканамерны момант. Заўзятары маглі заўважыць яго яшчэ падчас кваліфікацыі ў лютым. Цяпер экс-капітан выказалася публічна: яна не атрымала падтрымкі ў зборнай.

У лютым зборная баролася на важным кваліфікацыйным этапе за месца на Еўрабаскеце. Клімат у камандзе не ведаў ніхто, акрамя яе чальцоў. Праз каронавірус гульні ў лістападзе 2020 года адмянілі, а сустрэча на нейтральнай тэрыторыі ў Рызе павінна была паказаць, як зборная можа гуляць на фоне рэвалюцыі. Увогуле, канешне, беларускія баскетбалісткі прадэманстравалі сваю пазіцыю. Аднак ад зборнай чакалі большага.

Справядліва меркаваць, што ў распранальні была складаная і наэлектрызаваная атмасфера. Анастасія Верамеенка, ад якой чакалі шмат часу хоць некалькі словаў па абстаноўцы ўнутры краіны, працягвала маўчаць. Юлія Рыцікава падпісала праўладны ліст спартсменаў. А пасля кваліфікацыі і галоўны трэнер Наталля Трафімава адправілася ў турнэ па праўладных мерапрыемствах: спачатку гэта быў так званы Усебеларускі народны сход, затым сход Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Меркаванне, што ў зборнай не ўсё так добра з каманднай «хіміяй», падмацавала першая гульня супраць Польшчы ў кваліфікацыі. Верагодна, вы бачылі, як натхнёна слухалі гімн беларускі. Склалася ўражанне, што перад камерамі стаяць абсалютна незнаёмыя дзяўчаты. І гэтыя незнаёмыя дзяўчаты павінны будуць гуляць разам. Такія вось школьныя спаборніцтвы, калі набіраюць дзяўчат з розных класаў, што сустракаліся раней толькі ў падрапаных калідорах сваёй школы. Але перад гэтым трэба паслухаць песню, якую яны чуюць упершыню, яна іх павінна па плане аб’яднаць. Атрымалася так: Бэнтлі слухала нешта ў навушніках, Рыцікава з захапленнем спявала, а Сныціна з напружаннем стаяла побач з ёй, гледзячы ў паркет (як і палова астатніх дзяўчат).

Сныціна здала пост у зборнай, таму з панурай атмасферай перад матчамі Трафімава будзе разбірацца разам з трэнерскім штабам. Выказваю здагадку: без Сныцінай гэтая атмасфера можа нармалізавацца. Ведаеце прыказку «Баба с возу – кобыле легче»? Мабыць, гэта гісторыя, як і ў Недасекава. Яны змагаюцца за сцяг і герб, а заўзятары не гуляюць ролі і на іх пляваць, калі яны маюць прэтэнзіі да грамадзянскай пазіцыі.

І апошні момант, які павінны паказаць усім беларускім спартсменам, што яны значаць для рэжыму. З адной з самых выбітных баскетбалістак, якая заставалася ў нацзборнай, у якой быў бронзавы медаль за Еўрабаскет, тупа не працягваюць кантракт. Таму што могуць так зрабіць. Дасягненні, уплыў і іншыя малазначныя рэчы топавай баскетбалісткі для тых, хто зараз прымае рашэнні недзе там у кабінеце са скураным крэслам, адкідваюцца і забываюцца. Гэта такі знак астатнім: з вамі зробім тое самае, калі будзеце выступаць.

Аднойчы расказвала калегам не з сусвету спартыўнай журналістыкі, што каментар у капітана нацыянальнай зборнай узяць прасцей, чым у чыноўніка якога-небудзь аддзелу ў райвыканкаме. Мабыць, так склаўся час і лёс, што Кацярына Сныціна стала сапраўды народным капітанам. Яна адказвала заўзятарам у каментарах, была адкрытай да супрацоўніцтва, а летам 2020 года паказала, што з’яўляецца шчырым грамадзянінам сваёй краіны.

Кацярына – першая баскетбалістка зборнай, у каго я ўзяла буйное інтэрв’ю. Усе гэтыя гісторыі – як Сныціна ледзьве не падаравала перамогу літоўкам на адным з чэмпіянатаў, калі кінула мяч амаль на трыбыну, як Верамеенка стрыгла валасы пасля Еўра-2007, як развівалася яе кар’ера ў розных клубах Еўропы… Класна было пачуць гэта ад першакрыніцы, якая без праблем размаўляла некалькі гадзін запар. Думаю, журналісты мяне разумеюць.

З цеплынёй буду ўспамінаць моманты, калі пасля матчаў ішло абмяркаванне з сябрамі: часам з незадаволенасцю «Не, ну Сныціна сёння ўсё запарола!», часам з захапленнем «А трошка якая была ў Сныцінай, агонь!».  

Дзякуй за ўсё, Капітан!

Другие посты блога

Все посты