Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Беларусаў «Уфы» ў Кубку Расіі цягне брамнік, які феерыць у серыі пенальці: спачатку адбіў 6 з 8 удараў у двух матчах, а ў трэцім забіў пераможны мяч
Відэа

Беларусаў «Уфы» ў Кубку Расіі цягне брамнік, які феерыць у серыі пенальці: спачатку адбіў 6 з 8 удараў у двух матчах, а ў трэцім забіў пераможны мяч

Выбіў з турніра чатырох беларусаў.

Аўтар — Alex Zagorski
27 верасня, 13:44
Беларусаў «Уфы» ў Кубку Расіі цягне брамнік, які феерыць у серыі пенальці: спачатку адбіў 6 з 8 удараў у двух матчах, а ў трэцім забіў пераможны мяч

Ужо не адзін раз пісалі мы пра «Уфу» з расійскага Д3: напрыканцы жніўня адзначалі хуткастрэльнасць беларускага трэнера Сяргея Гурэнкі, а напачатку верасня – першы амаль за год гол рэжымнага чарнаспісачніка Рамана Пасевіча.

Пасля сыходу Гурэнкі-старэйшага справы башкартастанскага клуба палепшыліся – 5 перамог і толькі 1 параза пры новым галоўным трэнеры дазволілі ўзняцца з перадапошняга 9-га на 5-е месца ў табліцы «верхняй» групы Д3, а таксама прайсці ў паўфінал шляху рэгіёнаў Кубку Расіі. Прычым апошняе магло і не здарыцца, каб не феерыя брамніка уфімцаў Алега Баклова, які выйграў для клуба тры серыі пенальці запар, выбіўшы пры гэтым са спаборніцтва каманды чатырох беларусаў.

Першы матч з паспяховай серыі Баклова адбыўся яшчэ пры Сяргеі Гурэнку. 23 жніўня «Уфа» дома сустракалася з «Ностай» (Д4) і асноўны час скончыла ўнічыю 0:0. У серыі адзінаццаціметровых башкартастанцы рэалізавалі тры з чатырох стрэлаў (адзін з іх – на рахунку Арцёма Гурэнкі, які выйшаў на поле на 62 хвіліне), а Баклоў адбіў тры пенальці ад супернікаў і вывеў «Уфу» ў наступны раунд.

Раман Пасевіч у матчы адыграў 62 хвіліны.

У 1/8 фіналу ўфімцы заходзілі ўжо без Гурэнкі-старэйшага – супрацьстаяла ім ульянаўская «Волга» беларускага брамніка Андрэя Клімовіча (але у гэтай сустрэчы ён не браў удзел). Ізноў па выніку 90 хвілін на табло гарэлі 0:0 і гульня перайшла ў серыю пенальці, у якой Баклоў не прапусціў ні разу – 3 сэйвы, 1 удар прыйшоўся ў перакладзіну.

Раман Пасевіч адыграў 75 хвілін, Арцём Гурэнка не заяўлены на матч.

26 верасня ў чвэрцьфінале шляху рэгіёнаў «Уфа» гуляла з маскоўскім «Тарпеда» (Д2), у складзе якога ёсць беларусы Глеб Шаўчэнка (59 хвілін на полі), Валерый Грамыка (90 хвілін) і Раман Юзапчук (не заяўлен). Зноў нічыя, але гэтым разам 1:1, пры чым уфімцы зраўнялі лік толькі на першай хвіліне дадатковага часу.

Серыя пенальці пачалася для башкартастанцаў нервова – другі стрэл не забіў Арцём Гурэнка, пасля чаго Грамыка даў масквічам перавагу ў адзін мяч. Але дараваў брамнік «Тарпеда» Ягор Бабурын: ён біў пятым і трапіў у перакладзіну. Гульцы «Уфы» больш не мазалі, а вось паўабаронца «аўтазаводцаў» Аляксей Вусанаў дзявятым ударам прамахнуўся. Вырашальную спробу выконваў Баклоў – і забіў.

У гэтай гульні праз траўму не браў удзел Раман Пасевіч, Гурэнка адыграў увесь матч.

Наступны супернік «Уфы» Гурэнкі-малодшага і Пасевіча ў Кубку пакуль не вызначаны, але з такім брамнікам ёсць вялікія шансы забрацца далёка.

Іншыя пасты блога

Усе пасты