Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Пасевіч з рэжымнага чорнага спісу забіў упершыню амаль за год – пацярпела каманда з трыма суайчыннікамі ў расійскім міноры, а святкаванне атрымалася эфектным
Відэа

Пасевіч з рэжымнага чорнага спісу забіў упершыню амаль за год – пацярпела каманда з трыма суайчыннікамі ў расійскім міноры, а святкаванне атрымалася эфектным

Каманды з беларусамі ўсё яшчэ аўтсайдэры.

Аўтар — Alex Zagorski
9 верасня, 17:54
Пасевіч з рэжымнага чорнага спісу забіў упершыню амаль за год – пацярпела каманда з трыма суайчыннікамі ў расійскім міноры, а святкаванне атрымалася эфектным

Пасля расійскага нападу на Украіну ў РФ адбываецца бум на беларусаў, прычым запрашаюць не толькі ў прэм'ер-лігу ці тую ж ФНЛ, але і ў самы мінор – трэці дывізіён. Напрыклад, у чэрвені гэтага года ва «Уфу», якая выступае ў залатым дывізіёне Д3, галоўным трэнерам прызначылі беларуса Сяргея Гурэнку. Той пасля прыходу падпісаў невялічкі «беларускі дысант»: свайго сына Арцёма (абаронца) і форварда Рамана Пасевіча.

Апошні, нагадаем, будучы футбалістам «Нёмана», не мог гуляць у Беларусі апошнія паўгода праз тое, што трапіў ў чорны спіс лукашэнкаўскага Мінспорту, таму напрыканцы чэрвеня ён скасаваў кантракт з гродненцамі і паехаў у Башкартастан (няхай і былі варыянты ў Казахстане і Узбекістане).

Але выступ «Уфы» пад кіраўніцтвам Сяргея Гурэнкі наўрад ці можна назваць паспяховым: у сямі турах чэмпіянату «Уфа» набрала толькі 6 пунктаў (1 перамога, 3 нічыі і 3 паразы). У выніку беларускага коўча звольнілі 28 жніўня – пасля 69 дзён на пасадзе, і для яго гэта ўжо трэці хутка-няўдалы вопыт запар.

Статыстыка беларусаў-футбалістаў таксама не тое каб ўражвала: у Арцёма Гурэнкі было 1+1 па «гол+пас», а той жа форвард Пасевіч ўсё ніяк не мог забіць. Але пасля сыходу Гурэнкі-старэйшага, здаецца, пайшла справа. Сёння, 9 верасня, «Уфа» гуляла са «Спартаком» з Кастрамы, які займае апошні радок у чэмпіянаце, і перамагла (2:0). Пераможным голам адзначыўся менавіта Раман Пасевіч – на 12-й хвіліне ён адкрыў лік у сустрэчы і адсвяткаваў яго кульбітам:

Пасевіч правёў на полі 72 хвіліны, Гурэнка адгуляў усю сустрэчу без замены. Што да святкавання гола беларускага форварда, то яго эмоцыі тлумачацца вельмі проста: апошні раз 23-гадовы Пасевіч забіваў у афіцыйным матчы амаль год назад – 9 кастрычніка 2022 года, у матчы 24-га тура вышэйшай лігі супраць «Славіі»:

Дарэчы, у складзе кастрамского «Спартака» гуляюць яшчэ тры беларусы: абаронцы Мікіта Супрановіч, Раман Вягера (правялі па 7 матчаў у бягучым чэмпіянаце без рэзультатыўных балаў) і паўабаронца Юрый Лавец (8 матчаў без выніковых дзеянняў). У матчы з «Уфой» Лавец застаўся ў запасе, Супрановіч адгуляў 65 хвілін, а Вягера – ад званка да званка.

Пасля дзевяці тураў Д3 Расіі «Уфа» Пасевіча і Гурэнкі займае 9-е (з 10-і) месца ў табліцы, маючы ў сваім актыве 9 пунктаў. Кастрамскі «Спартак» Супрановіча, Вягеры і Лаўца працягвае ісці апошняй з шасцю пунктамі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты