Усе навіны

Ігар Кавалевіч: «Да Пасевіча ёсць цікавасць з ФНЛ, чэмпіянатаў Казахстана і Узбекістана. Але мы чакаем рашэнне «камісіі»

28 чэрвеня, 20:55

Галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч расказаў, што паўабаронца гродзенцаў, які трапіў у «чорны спіс» так званага міністэрства спорту, Раман Пасевіч можа прадоўжыць кар'еру за мяжой.

– Паводле нашай інфармацыі Раман Пасевіч можа працягнуць карʼеру за межамі Беларусі. Наколькі гэтыя чуткі рэальныя?

– Пасевічам цікавяцца ўвесь перыяд, што ён знаходзіцца без кантракту. На сённяшні дзень існуе канкрэтная цікавасць з клуба расійскай ФНЛ і двух клубаў з чэмпіянатаў Казахстана і Узбекістана, яны гатовы падпісаць з ім кантракт.

– У выпадку сыходу Пасевіча ці плануе клуб падпісанне гульца, на яго пазіцыю?

– Мы чакаем рашэнне па Раману Пасевічу, а там будзе відаць, – сказаў Кавалевіч.

Нагадаем, у снежні 2022-га «Трыбуна» паведамляла пра стварэнне «чорнага спісу» так званага Мінспорту як мінімум з 48 прозвішчаў, у асноўным з удзельнікаў відэа супраць гвалту ў верасні 2020-га. З фігурантамі спісу клубам у рэжымнай Беларусі было забаронена заключаць кантракты.

Пазней стала вядома, што «Мінспорту» робіць выбарачныя выключэнні з пераліку, на што могуць паўплываць прашэнні кіраўнікоў клубаў і ўдзел у рэжымных мерапрыемствах, аднак некаторым гульцам не дапамагае і гэта.