Tribuna/Адзінаборствы/Блогі/Пинта-Шминта/Беларускі спартыўны клуб «Волат» шукае фінансавую падтрымку на 2024-ы год

Беларускі спартыўны клуб «Волат» шукае фінансавую падтрымку на 2024-ы год

Збор арганізаваны ў рамках новай пляцоўкі «Магістрат».

Аўтар — Pam-pam
22 сакавіка, 13:30
Беларускі спартыўны клуб «Волат» шукае фінансавую падтрымку на 2024-ы год

Нядаўна беларускі гісторык Цімафей Акудовіч на сваёй старонцы ў Facebook анансаваў, што найбліжэйшым часам будзе распавядаць пра беларускія праекты, якія можна падтрымаць фінансава ў межах новай платформы для данатаў «Магістрат».

Адным з такіх праектаў стаў спартыўны клуб «Волат», які аўтар апісвае як адзін з самых дынамічных і аўтарытэтных спартыўных праектаў за мяжой на сёння.

Раней «Волат» меў 10 філіялаў у Мінску, у якіх трэніраваліся дзясяткі пераможцаў кубкаў і чэмпіянатаў. Але з падтрымкі пратэстаў некаторымі чальцамі клуба ў 2022-м годзе рэжымная ўлада ліквідавала клуб. Праз паўтара года клуб адрадзіўся ў Варшаве.

«Мы вярнуліся, каб дзейнічаць згодна з мэтамі і перакананнямі, якія ніколі не мяняліся: абараняць, умацоўваць і развіваць нашу Нацыю, забяспечваючы якасную фізічную і інтэлектуальную падрыхтоўку і адукацыю беларусаў усіх узроставых груп, і ў першую чаргу – дзяцей і моладзі!

Выхоўваць і рыхтаваць свабодных, моцных і актыўных беларусаў, якія вернуцца гаспадарамі на сваю зямлю», – казаў перад адкрыццём клуба беларускі трэнер па каратэ Рак.

Сёння «Волат» заяўляе пра амбіцыйныя планы разгарнуць сетку беларускіх патрыятычна-спартыўных установаў па ўсёй Польшчы, якія былі б месцамі не толькі фізічнага, але інтэлектуальнага і патрыятычнага выхавання моладзі.

Клуб плануе развіваць не толькі спартовыя, але і адукацыйныя і культурніцкія кірункі. У якасці прыкладу адной з такіх ініцыятыў называецца шахматны «аддзел», які аб'яднаў пад адным дахам ужо амаль 50 чалавек. На базе клубу таксама перыядычна праходзяць сустрэчы з музыкамі і культурніцкімі дзеячамі. У найбліжэйшых планах – адкрыць моўныя курсы і заняткі малявання.

Але, як кажуць у «Волаце», пакуль ён толькі становіцца на ногі пасля пераезду і многія актыўнасці рэалізуюцца толькі за кошт энтузіязму.

Азнаёміцца з планамі «Волата» на бліжэйшы год можна тут.

Іншыя пасты блога

Усе пасты