Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Да мінскага «Дынама» прыехаў гулец, які са скандалам пакінуў «Бешыкташ»: пацярпеў праз інтарэс да дзяўчат (а можа, і не)

Да мінскага «Дынама» прыехаў гулец, які са скандалам пакінуў «Бешыкташ»: пацярпеў праз інтарэс да дзяўчат (а можа, і не)

Пакуль што свой галоўны хайлайт выдаў у дзяцінстве.

Аўтар — Pam-pam
20 сакавіка, 11:13
Да мінскага «Дынама» прыехаў гулец, які са скандалам пакінуў «Бешыкташ»: пацярпеў праз інтарэс да дзяўчат (а можа, і не)

Беларускі інсайдар Мікалай Іваноў 19 сакавіка паведаміў, што з мінскім «Дынама» турэцкі паўабаронца Эмірхан Дэлібаш.

21-гадовы футбаліст з'яўляецца выхаванцам «Бешыкташа», куды прыйшоў у 10-гадовым узросце і дарос да асновы, дзе дэбютаваў у сярэдзіне снежня мінулага года – выйшаў на замену ў гульні з «Лугана» ў Лізе канферэнцый. За юнацкія зборныя Турцыі (U-17 і U-19) Дэлібаш правёў пяць матчаў і не вызначыўся выніковымі дзеяннямі. А мінулы сезон гулец правёў у арэндзе ў «Гёзтэпе». Партал Transfermarkt ацэньвае гульца ў €50 000.

Першы раз Дэлібаш прыцягнуў да сябе ўвагу ў 2015-м, забіўшы ў дзіцячым матчы пасля шыкоўнага праходу ў вароты «Спортынга». Момант нават патрапіў на старонку Daily Miror з гучным загалоўкам: «Турэцкі Крышціяну Раналду».

А вось другая хваля «папулярнасці» здарылася ў пачатку гэтага года. 19 лютага «Бешыкташ» абʼявіў пра скасаванне кантракта з маладым выхаванцам, пры гэтым не назваўшы прычын рашэння:

«Мы расталіся з прафесійным футбалістам Эмірханам Дэлібашам па ўзаемнай згодзе. Жадаем яму поспехаў у яго будучай карʼеры», – суха гаварылася ў афіцыйнай заяве.

Святло на сітуацыі праліло выданне CNN Turk, якое распавяло, што прычына расстання – старонка ў адной з аплікацый для спатканняў. Нібыта заўзятараў гэты факт вельмі абурыў, і яны сталі аказвалі ціск на клуб, каб той выключыў спартсмена, які шукае амурных прыгод. Футбаліста не выратаваў нават той факт, што ў сваіх інтарэсах у аплікацыі першым чынам ён указаў футбол.

Фанаты былі настолькі незадаволенымі стаўленнем маладога гульца да справы, што сталі прадʼяўляць прэтэнзіі нават за вялікую колькасць дзяўчат у падпісках у інстаграме. А тыя, у сваю чаргу, дзяліліся скрынамі перапіскі з гульцом.

У сваёй анкеце ў аплікацыі Дэлібаш таксама злёгку «падмаляваў» узрост, зрабіўшы сябе старэйшым на тры гады. Некаторыя палічылі, што прычынай разрыву кантракту магла стаць менавіта гэтая неадпаведнасць – маўляў, гулец перапісаны.

Сам Эмірхан, нягледзячы на галачку верыфікацыі акаўнта, адмаўляў той факт, што зарэгістраваны ў аплікацыі: «Я адмаўляю паклёп, які распаўсюджваецца фэйкавымі акаўнтамі, і хацеў бы заявіць, што мая прыхільнасць камандзе не можа быць пастаўленая пад сумнеў. «Бешыкташ» – гэта адказнасць для мяне, ваша любоў і падтрымка заўсёды былі маёй самай вялікай матывацыяй», – пісаў хлопец у сваім інстаграм.

А ўжо пасля звальнення ён даў вялікі каментар Transfermarkt, у якім заявіў, што ўсё ўвогуле не так і ён мог сыйсці з клуба яшчэ ўлетку:

«Па пэўных прычынах мы не змаглі дамовіцца з клубамі, з якімі я сустракаўся. І паколькі час ужо быў абмежаваны, я падумаў, што лепш дачакацца пачатку сезона.

Аднак цяпер мне падалося, што лепш сустрэцца з клубам і скасаваць наш кантракт узаемна. Мяне хвалявала думка, што я прычыняю шкоду «Бешыкташу». На працягу многіх гадоў людзі праяўлялі да мяне непавагу з-за асабістага жыцця. Такое ўспрыманне мяне склалася з самага ранняга веку, я не змог правільна кіраваць гэтым працэсам.

Я сапраўды не хацеў, каб праз мяне пацярпеў клуб. Мне б хацелася прынесці фінансавую выгаду «Бешыкташу», сышоўшы з камісіяй за трансфер, і каб мяне запомнілі дзякуючы футболу».

Не змог стрымацца і бацька Дэлібаша Мурат, які адразу пайшоў на мясцовае ТБ і літаральна абвінаваціў аднаго з супрацоўнікаў клуба ў помсце сыну за тое, што той адмовіўся ад трансферу:

«Мы шакаваныя, мой сын спустошаны. Якая ганьба! Мой сын правёў там 11 гадоў, у добрыя і кепскія часы. Яны скасавалі кантракт, не абмеркаваўшы з намі. Дзіця не ведае, што падпісала ў гэтай паніцы. Яны з намі ніяк не звязаліся!

Думаю, гэта звязана з [галоўным каардынатарам каманд сістэмы «Бешыкташа»] Саметам Айбабай. Падчас паўзы ў чэмпіянаце ён хацеў адправіць Эмірхана ў «Іскандэрунспор», нягледзячы на тое, што ў яго было чатыры прапановы. Усё гэта адбылося таму, што сын не захацеў туды ехаць.

У «Бешыкташы» шмат схем. Я пайду ў клуб асабіста, пайду на тэлебачанне, распавяду пра ўвесь бруд. Нельга ціснуць на 20-гадовае дзіця».

На бок сямʼі ўстаў і турэцкі журналіст Дога Урундюль. Ён пацікавіўся ў сацсеці X, ці павёў бы сябе клуб аналагічным чынам, каб сітуацыя тычылася больш важнага гульца:

Калі гулец застанецца ў Мінску, то з дэйтынг-аплікацыямі ў яго не павінна ўзнікнуць праблем. Bumble, Badoo і Fruitz спынілі працу ў Беларусі практычна адразу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў Беларусь, а ў лютым гэтага года да іх далучыўся і Tinder.

Досвед Дэлібаша на дарослым узроўні вельмі сціплы: 9 хвілін у турэцкай эліце і пара матчаў у мясцовым Д2. Хлопец нібыта здольны згуляць і правага вінгера, і цэнтральнага паўабаронцу, і паўабаронцу атакі. Відавочна, у «Дынама» яго чакае высокая канкурэнцыя.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты