Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Арэнбург, у якім гуляюць беларусы і іспанскі трэнер беларускіх акадэмій, сыходзіць пад ваду з-за прарыву дамбы

Арэнбург, у якім гуляюць беларусы і іспанскі трэнер беларускіх акадэмій, сыходзіць пад ваду з-за прарыву дамбы

Кіраўніцтва мясцовага клуба не турбуецца.

Аўтар — Pam-pam
7 красавіка, 10:10
Арэнбург, у якім гуляюць беларусы і іспанскі трэнер беларускіх акадэмій, сыходзіць пад ваду з-за прарыву дамбы

У футбольнага «Арэнбурга» справы ў гэтым сезоне складаюцца не самым лепшым чынам. Клуб пад кіраўніцтвам экс-трэнера акадэмій брэсцкага «Дынама» і «Шахцёра» Давіда Дэагарсіі ідзе на 14-м радку табліцы РПЛ. У 21 матчы арэнбургская каманда здолела атрымаць толькі 4 перамогі і 8 нічыіх. Горш справы толькі ў «Балтыкі» і «Сочы». Не спасае сітуацыю з турнірным становішчам арэнбуржцаў нават падпісанне скандальнага чылійца Хордзі Томпсана, якога на Радзіме абвінавачваюць у хатнім гвалтаванні.

Не складваецца сезон і ў беларускіх гульцоў, якія абараняюць колеры «Арэнбурга». Абаронца Міхаіл Сівакоў, для якога гэты год стаў 5-м у расійскай камандзе, зʼявіўся на полі толькі ў 9 матчах – у астатніх гульнях ён альбо заставаўся на лаўцы запасных, альбо і зусім не трапляў у заяўку. А 18-гадовы экс-гулец «Мінска» Цімафей Мартынаў, які перайшоў у зімовае міжсезонне, паводле інфармацыі журналіста Уладзіслава Татура, парваў пярэднюю крыжападобную звязку, так і не паспеўшы дэбютаваць на полі.

У дадатак да спартовых няўдач з'явілася яшчэ адна праблема – 5 красавіка ў Орску Арэнбургскай вобласці часткова абрынулася шматкіламетровая дамба, якая абараняла горад ад ракі Урал. Літаральна за некалькі гадзін вада паднялася на чатыры метры і затапіла больш за 4000 тысяч дамоў.

Мясцовая ўлада заклікала жыхароў неадкладна эвакуіравацца – многія былі вымушаны рабіць гэта самастойна без якой-небудзь дапамогі ад дзяржавы.

Адлегласць паміж Орскам і Арэнбургам крыху менш за 300 кіламетраў, але жыхары другога ўжо адчулі наступствы катастрофы – рака Урал, якая праходзіць праз горад, падтапіла некалькі раёнаў і вада ў ёй працягвае прыбываць. Мэр горада паведаміў аб пачатку прымусовай эвакуацыі падтопленых раёнаў, многія з якіх засталіся без электрычнасці.

Па прагнозах мясцовай улады да ночы ўзровень вады ў горадзе можа дасягнуць «крытычнай адзнакі» ў 930 см. Цяпер ён вагаецца ў раёне 855 сантыметраў, што вышэй за афіцыйны «небяспечны» узровень.

Дамбу экстрана спрабуюць парамантаваць, але па прагнозах некаторых спецыялістаў вада наўрад ці сыйдзе ў бліжэйшы тыдзень. Тым не менш прэзідэнт «Арэнбурга» Васіль Ерамякін заяўляе, што пагрозы для матчу з «Рубінам», які павінен адбыцца 8 красавіка, няма. Паводле яго слоў стадыён «Газавік», на якім выступае каманда, размешчаны ў непадтапляльнай зоне. Пра лагістыку гасцявой каманды спецыяліст не сказаў нічога.

Мяркуючы па паведамленнях СМІ прычынай катастрофы стала банальная халатнасць – мясцовая пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі аб парушэнні правілаў бяспекі пры вядзенні будаўнічых работ і аб халатнасці.

Іншыя пасты блога

Усе пасты