Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Аднаклубнікам беларусаў у «Арэнбургу» стане чыліец, які нібыта душыў сваю дзяўчыну – не першы «праблемны» актыў у Расіі

Аднаклубнікам беларусаў у «Арэнбургу» стане чыліец, які нібыта душыў сваю дзяўчыну – не першы «праблемны» актыў у Расіі

У Ганчарэнкі гуляў форвард, вінаваты ў смерці дзіцяці.

Аўтар — KentYara98
8 студзеня, 11:36
1
Аднаклубнікам беларусаў у «Арэнбургу» стане чыліец, які нібыта душыў сваю дзяўчыну – не першы «праблемны» актыў у Расіі

Расійскі «Арэнбург», за які выступаюць беларусы Міхаіл Сівакоў, Юрый Кавалёў і Кірыл Капленка (а яшчэ зусім нядаўна ў іх кампаніі был і Кірыл Пячэнін), завяршыў першую частку чэмпіянату Расіі-2023/24 на 14-м радку ў табліцы з 16. Каманда атрымала 3 перамогі, 6 разоў згуляла ўнічыю, пацярпела 9 паразаў і з 15 пунктамі знаходзіцца ў зоне стыкавых матчаў за права застацца ў РПЛ.

Такія вынікі пасля 7-га месца пад кіраўніцтвам экс-трэнера брэсцкага «Дынама» Марцэла Лічкі ў папярэднім сезоне вымагалі ад кіраўніцтва ўзмацнення ростара ў зімовую паўзу. І яно будзе, толькі вельмі спецыфічным – каманду папоўніць чылійскі паўабаронца «Кола-кола» Хордзі Томпсан. Гэта не суперзорка, але перспектыўны выканаўца. У свае 19 праводзіў першы паўнавартасны сезон у чылійскім топ-дывізіёне, але здарылася непрыемнасць. Уласна, як прызнаюць у «Арэнбургу», гэта і дазволіла падпісаць футбаліста ў Расію.

Справа ў тым, што Томпсана на Радзіме праблемы з законам. Яго абвінавачваюць у гвалце над сваёй дзяўчынай і нават у спробе забойства.

6 лістапада 2023 года Каміла Сепульведа, з якой жыў Томпсан, выклікала паліцыю. Яна паведаміла, што хлопец яе неаднаразова збіваў і наносіў цялесныя пашкоджанні. Больш за тое, у стане алкагольнага ап'янення ён нібыта спрабаваў яе задушыць.

Гэта быў ужо другі раз, калі дзяўчына звярнулася па дапамогу да сілавікоў. У першы гулец адкруціўся лёгкім спалохам – проста выплаціў штраф. Дзяўчына даравала футбалісту і сама зняла судовую забарону на сустрэчы.

У лістападзе Томпсан афіцыйна стаў абвінавачаным па некалькіх артыкулах. У мясцовай прэсе прыводзіліся словы абвінавачання:

«Спадар Томпсан пачаў сварку са сваёй сужыцелькай у стане алкагольнага апʼянення з прычыны рэўнасці. Абвінавачаны накінуўся на дзяўчыну, ударыў у твар і ўкусіў. На просьбы ахвяры аб дапамозе не рэагаваў. Праз некаторы час пачаў яе душыць, закрываючы рот і твар рукамі. Томпсан пры гэтым пагражаў забойствам і крычаў аб нянавісці ў яе адрас», – казаў на працэсе пракурор.

Па рашэнні суда футбаліста адправілі ў камеру на каранцін, але ў Чылі зорных зняволеных на першых этапах агароджваюць ад звычайных вязняў. Паводле паведамленняў мясцовай прэсы, Томпсан таксама атрымаў такую палёгку. Ён правёў у няволі 45 дзён і даў згоду на лячэнне таблеткамі, каб кінуць алкаголь. Спартовец шмат у чым тлумачыў сваю агрэсіўнасць менавіта гэтай заганнай звычкай.

Пазней меру пакарання футбалісту змянілі на хатні арышт. Яму нават дазволена пакідаць межы краіны, але пад заклад прыкладна ў 112 тысяч долараў. Гэта гарантыя таго, што Томпсан вернецца на Радзіму дзеля суда не пазней за 24 чэрвеня. Гіпатэтычна гэта можа стаць праблемай, калі «Арэнбург» вырашыць выкупіць гульца. Пакуль жа гаворка ідзе пра арэнду, якая будзе каштаваць расіянам 300 тысяч долараў.

Сумнеўная рэпутацыя – дакладна не перашкода для карʼеры ў Расіі. Спартыўны дырэктар «Арэнбурга» Дзмітрый Андрэеў адразу паспрабаваў апраўдаць футбаліста.

«Цёмны бок Томпсана? А ў каго яе няма? Аб праблемах з дзяўчынай чулі. Вы так гаворыце, што ён 20 дзяўчат паклаў. Мы не пераймаемся праз рэпутацыю «Арэнбурга». Ну, з кім не бывае?» – рытарычна пацікавіўся менеджар.

Андрэеў не хавае, што «Арэнбург» скарыстаўся сітуацыяй і падпісаў таго, ад каго адмовіліся еўрапейскія клубы.

«Мы да яго не прыглядаліся. Разумелі, калі б не было праблем з ягонай дзяўчынай, то не змаглі б дазволіць сабе такога гульца. Калі ў яго здарылася такая сітуацыя, мы падмітусіліся».

Сумарна рыторыка атрымалася крыху трагладыцкай, і ўжо самому спартыўнаму функцыянеру давялося апраўдвацца:

«Мой каментар быў у кантэксце таго, што ў кожнага ў жыцці здараюцца памылкі, браць, і, умоўна, утоптваць гульца, няма сэнсу. А не тое, што ён бʼе, і гэта нармальна.

Розныя сітуацыі, і часам людзі ў іх трапляюць, не датычна дзяўчат, у кожнага ў жыцці здараюцца негатыўныя рэчы. Ставіць крыж на чалавеку пасля гэтага няправільна. Я меў на ўвазе гэта», – сказаў Андрэеў.

Томпсан дзейнічае ў атацы. Можа згуляць пад нападнікамі, але часцей выходзіць вінгерам справа і злева. Што цікава, на левым жа флангу, толькі ў паўабароне або абароне, быў здольны згуляць і беларус Кірыл Пячэнін, якога з «Арэнбурга» не так даўно папрасілі. Гэты футбаліст таксама дазволіў сабе правіну - не прыйшоў на хатні матч сваёй каманды, калі даведаўся, што не будзе ўключаны ў заяўку. Занадта дробны ўчынак для такой каманды.

Расійская прэм'ер-ліга ўжо стала гаванню для замежных футбалістаў, якія маюць праблемы з законам. Зорка «Спартака» Квінсі Промес мае калекцыю абвінавачванняў па самых розных крымінальных злачынствах у Нідэрландах – ад гандлю наркотыкамі да нажавога ранення чалавека. А паўабаронца «Урала» Рай Улут, яшчэ адзін нідэрландзец, быў асуджаны да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі за аварыю, у якой загінуў чатырохгадовы хлопчык. Віктар Ганчарэнка падтрымаў свайго футбаліста, праўда, той ажно ад траўня 2023-га не выходзіць на поле праз траўму пятачнай косткі.

«Спартак» пару гадоў таму нават прасіў для Промеса расійскае грамадзянства (праўда, атрымаў адмову). Ці стане Томпсан для расіян сваім?

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты