Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Найлепшыя галы беларусаў у еўракубках – легендарны штрафны Бялькевіча, прыгажосць ад Сігневіча, магутныя плюхі барысаўцаў

Найлепшыя галы беларусаў у еўракубках – легендарны штрафны Бялькевіча, прыгажосць ад Сігневіча, магутныя плюхі барысаўцаў

Ну вось маглі ж!

Аўтар — bytribuna com
14 лютага 2023, 12:54
2
Найлепшыя галы беларусаў у еўракубках – легендарны штрафны Бялькевіча, прыгажосць ад Сігневіча, магутныя плюхі барысаўцаў

Беларускі футбол у апошнія гады жыве па прынцыпе "скраў - выпіў - у турму". У тым сэнсе, што патрапіў на еўраарэну, правёў пару матчаў і паехаў дадому які ўжо раз тлумачыць, чаму не атрымалася. Нават прыгадаць асабліва няма чаго.

Зрэшты, нават вылет можа быць яскравым. І тым больш яскравымі могуць быць перамогі. Вось найлепшыя галы беларускіх каманд у міжнародных матчах, якія далёка не заўсёды заканчваліся поспехам.

Валянцін Бялькевіч, «Дынама» Мінск

Каму і калі забіў: «Вердэру» у кваліфікацыі ЛЧ-1993/94

Першы гол на еўракубкавай арэне ў кар'еры легенды беларускага футбола. І той розыгрыш быў першым для беларускіх каманд у кваліфікацыі ЛЧ: лёсаванне звяло «Дынама» з чэмпіёнам Нямеччыны «Вердэрам». Зыход супрацьстаяння быў прадвызначаны ўжо ў першым матчы, калі брэменцы перамаглі на дамашняй арэне 5:2.

У Мінску ж скончылі ўнічыю 1:1 - лік адкрыў 20-гадовы Валянцін Бялькевіч, які дакладна прабіў з лёту пасля падкіду ў выкананні Сяргея Герасімца.

Сяргей Яромка, МПКЦ

Каму і калі забіў: «Рэйк'явіку» ў папярэднім раундзе Кубка ўладальнікаў кубкаў УЕФА-1996/97

Удзел мазырскага калектыву ў Кубку ўладальнікаў кубкаў у 1996-м (увесну каманда ўзяла Кубак Беларусі) стаў яго дэбютам на еўракубкавай арэне. На дамашні матч першага раунда турніру супраць ісландскага "Рэйк'явіка" сабралася 10 тысяч гледачоў. Аж да 73-й хвіліны ўсё ішло для МПКЦ вельмі добра: дзякуючы галам Сяргея Яромкі і Андрэя Скарабагацькі каманда вяла 2:0. Асабліва круты быў мяч першага, які з-за межаў штрафной прабіў у дотык пасля закіду з цэнтра ў выкананні Юрыя Малеева.

Але напрыканцы сустрэчы госці забілі двойчы і вырвалі нічыю 2:2. У сталіцы ж Ісландыі ўсё вырашыў адзіны забіты "Рэйк'явікам" мяч - мазыране вылецелі ў першым жа раундзе.

Андрэй Хлебасолаў, «Белшына»

Каму і калі забіў: "Садам" у папярэднім раундзе Кубка ўладальнікаў кубкаў УЕФА-1997/98

У тым жа турніры годам пазней удзельнічала «Белшына», у складзе якой феерыў форвард Андрэй Хлебасолаў (за паўгода да таго з 34 галамі стаў найлепшым бамбардзірам ЧБ). Бабруйчане ў папярэднім раундзе патрапілі на эстонскі «Садам». У Таліне каманды згулялі ўнічыю 1:1, але ў Мінску намінальныя гаспадары былі мацнейшыя - 4:1.

Хлебасолаў з поля без гала не сышоў, дакладна пад перакладзіну прабіўшы пасля розыгрышу штрафнога (адзнака 2:24).

Павел Няхайчык, БАТЭ

Каму і калі забіў: «Андэрлехту» у кваліфікацыі ЛЧ-2008/09

Адзін з самых значных галоў у кар'еры беларускага вінгера і першы для яго ў еўракубках. Выхад 20-гадовага Няхайчыка на пачатку другога тайма матча ў Бруселі перавярнуў яго ход. На 67-й хвіліне гулец зарабіў пенальці, які рэалізаваў Сяргей Крывец, зрабіўшы лік 1:1, а за дзве хвіліны да канца асноўнага часу вызначыўся і сам Няхайчык. Закід з цэнтра поля ад Міхаіла Сівакова ён у два дотыкі ператварыў у найпрыгажэйшы гол, які прынёс барысаўцам сенсацыйную перамогу.

Дома БАТЭ ўтрымаў перавагу, а ў наступным раундзе адолеў яшчэ і "Леўскі", выйшаўшы ў першы ў гісторыі белфутбола групавы раунд ЛЧ.

Таксама нельга не адзначыць гол Няхайчыка ў вароты кіеўскага "Дынама" ў групавым этапе Лігі Еўропы-2010/11, які прынёс камандзе важныя для выхаду ў плэй-оф ачкі.

Аляксандр Дзегцяроў, «Нафтан»

Каму і калі забіў: "Генту" у кваліфікацыі ЛЕ-2009/10

Сімпатычны "Нафтан" Ігара Кавалевіча выходзіў на еўраарэну двойчы дзякуючы перамогам у Кубку краіны. Абодва разы навапалачане выляталі ў першым жа раўндзе, хоць і «Генту», і «Црвене Звездзе» далі годны бой.

Бельгійцаў у хатнім матчы «Нафтан» увогуле абгуляў дзякуючы дублю 23-гадовага хаўбека Аляксандра Дзегцярова. На 21-й хвіліне ён у дотык з 30 метраў прабіў па мячы, які адляцеў да яго, прама ў верхні кут варот суперніка (адзнака 0:14).

Тая сустрэча скончылася 2:1 на карысць беларусаў, але ў Бельгіі "Гент" аформіў перамогу з мінімальным лікам і прайшоў у наступны раунд.

Алег Страхановіч, «Дынама» Мінск

Каму і калі забіў: «Макабі» Хайфа ў кваліфікацыі ЛЕ-2010/11

У сезоне-2010/11 дынамаўцы былі блізкія да выхаду ў групавы этап Лігі Еўропы, але ў плэй-оф саступілі «Бруге». Па дарозе быў абгуляны «Макабі» з Хайфы: у Ізраілі матч скончыўся на карысць гаспадароў 1:0, а ў Мінску «Макабі» хутка павёў у ліку - у астатнія паўтара тайма «Дынама» трэба было забіць тры.

Пачалі камбэк гаспадары яшчэ ў першай палове: Антон Пуціла на дрыблінгу працягнуў мяч з цэнтра да кута штрафной і адпасаваў пяткай на Алега Страхановіч, які з 18 метраў прабіў дакладна ў кут варот (адзнака 1:30).

Пуціла, дарэчы, і вырашыў зыход супрацьстаяння, забіўшы ў другой палове двойчы.

Эдгар Аляхновіч, БАТЭ

Каму і калі забіў: "АЗ Алкмар" у групавым раундзе ЛЕ-2010/11

БАТЭ тройчы за сваю гісторыю выходзіў у 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Першы раз здарыўся ў сезоне-2010/11, калі барысаўцы сталі другімі ў сваёй групе ЛЕ, абагнаўшы "АЗ" і "Шэрыф".

Адной з ключавых была дамашняя перамога "жоўта-сініх" над нідэрландцамі ў другім туры: БАТЭ на "Дынама" не пакінуў шанцаў суперніку - 4:1. На 83-й хвіліне прыгажосць у вароты «АЗ» аформіў 23-гадовы паўабаронца Эдгар Аляхновіч, які ударам у абвод паразіў верхні кут варот.

Ненад Адамовіч, "Дынама" Мінск

Каму і калі забіў: «Чорна Мора» ў кваліфікацыі ЛЕ-2015/16

Да групавога раунда ЛЕ "Дынама" дабралася такі ў 2014-м, а ў наступным сезоне паўтарыла поспех. Першай камандай, якую прайшлі мінчане ў кваліфікацыі-2015/16, стала балгарскае "Чорна Мора". З выезду "бела-блакітныя" вярнуліся з нічыёй (1:1), а дома разграмілі суперніка - 4:0. Па сутнасці, зняў пытанні ў матчы Ненад Адамовіч, які разрадзіў гармату з 30 метраў (адзнака 2:08).

Мікалай Сігневіч, БАТЭ

Каму і калі забіў: «Кёльну» ў групавым раундзе ЛЕ-2017/18

Групавы этап ЛЕ-2017/18 атрымаўся не вельмі паспяховым для БАТЭ: каманда выйграла толькі аднойчы - дома быў абгуляны "Кёльн" 1:0. А вось у Нямеччыне барысаўцы прапусцілі пяць разоў, адказаўшы толькі двума галамі. Пры гэтым жоўта-сінія нават вялі ў ліку. На 33-й хвіліне Мікалай Сігневіч ударам праз сябе вывеў каманду наперад.

Дальнабоі ад гульцоў БАТЭ

За гады выступаў у еўракубках у БАТЭ назапасілася немалая колькасць галоў-дальнабояў. Напрыклад, у хаўбека Аляксандра Валадзько такіх ажно тры. Стрэл з левай у кваліфікацыі ЛЧ-2011/12 у вароты "Штурма" стаў пераможным у супрацьстаянні.

А гэты ўдар паўабаронцы закрыў зыход супрацьстаяння з венгерскім «Дэбрэцэнам» (2:0) у кваліфікацыі ЛЧ-2012/13.

А вось ужо ў групавым этапе таго розыгрышу ЛЧ ад Валадзько пацярпеў "Ліль" (барысаўцы перамаглі 3:1).

У групавым раундзе ЛЕ-2009/10 прылёт здарыўся ў вароты "Эвертана". У Мінску вызначыўся Дзмітрый Ліхтаровіч, але БАТЭ па выніку саступіў 1:2.

А ўжо ў Ліверпулі гол на свой рахунак запісаў Аляксандр Юрэвіч. Ён стаў адзіным у тым паядынку.

Ну і завершым падборку магутным ударам Яўгена Яблонскага ў кваліфікацыі ЛЕ-2019/20. Тую сустрэчу ў "Астаны" БАТЭ выйграў 2:0, але па выніках двух матчаў усё ж вылецеў (у Казахстане прайгралі 0:3).

БОНУС. Юрый Жаўноў, БАТЭ

Каму і калі забіў: "Дынама" Тбілісі, у кваліфікацыі Кубка УЕФА-2004/05

Ну і нельга не ўспомніць легендарны гол Юрыя Жаўнова ад сваіх варот у хатнім матчы супраць тбіліскага «Дынама» у 2004-м. Тады, праўда, далей прайшлі грузіны - яны былі мацнейшыя і ў Барысаве (3:2), і ў Тбілісі (1:0).

Іншыя пасты блога

Усе пасты