Беларускія футбалісты вельмі падобна забілі за мяжой – у апошні момант прынеслі сваім клубам ачкi ў барацьбе за выжыванне
У Шыкаўкі цяпер ёсць штосьцi агульнае з Месі.
У суботу ў беларускіх футбалістаў у замежных Д1 здарыліся два вельмі падобныя галы. Глядзіце: спачатку Яўген Шыкаўка забіў на 95-й хвіліне матчу сваёй «Кароны» супраць «Ягелоніі» – пасля падачы з вуглавога партнёр падоўжыў палёт мяча, а форвард даслаў яго ў вароты. Арбітр Шымон Марчыняк зафіксаваў гол Шыкаўкі (дарэчы, такое бывала з Ліянелем Месі – гэты ж рэферы судзіў фінал ЧС) і адразу ж даў фінальны свісток – і «Карона» перамагла 2:1. Клуб беларускага гульца дзякуючы гэтаму на тры ачкі адарваўся ад зоны вылету ў чэмпіянаце Польшчы.
А праз пару гадзін ужо ў чэмпіянаце Ізраіля на 93-й хвіліне выглавы падаваў «Ірані» з Кір'ят-Шманы – і пасля навеса гулец каманды падоўжыў палёт мяча, а там яго даслаў у вароты Іван Бахар. Праўда, удар прарэжымнага падпісанта адбіў кiпер, але гэта было ўжо за лініяй. Гол Бахара прынёс яго камандзе нічыю з «Хапаэлем» з Хадэры. Праўда, тут навіны з зоны вылету горшыя за польскія – галоўны канкурэнт «Ірані», «Макабі» з Бней-Рэйны, свой матч выйграў і цяпер апярэджвае каманду беларускага гульца на пяць ачкоў. У «Ірані» усяго чатыры матчы на адыгрыш такога адставання – інакш чакае спуск у Д2.