Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Прарэжымнік са зборнай (муж Козел) на Кіпры атрымліваў добрыя грошы, хоць не гуляў на іх – канфлікту са Шпілеўскім у яго не было

Прарэжымнік са зборнай (муж Козел) на Кіпры атрымліваў добрыя грошы, хоць не гуляў на іх – канфлікту са Шпілеўскім у яго не было

Вось чаму адбылося расстанне з «Арысам».

Аўтар — bytribuna com
14 ліпеня, 10:11
6
Прарэжымнік са зборнай (муж Козел) на Кіпры атрымліваў добрыя грошы, хоць не гуляў на іх – канфлікту са Шпілеўскім у яго не было

13 ліпеня кіпрскі «Арыс» паведаміў пра раставанне з беларускім паўабаронцам Яўгенам Яблонскім. Незадоўга да гэтага паведамлялася пра яго канфлікт з суайчыннікам, галоўным трэнерам каманды Аляксеем Шпілеўскім. А неўзабаве 28-гадовы падпісант ліста за Лукашэнку ў Instagram развітаўся з клубам, з якім паспеў стаць чэмпіёнам краіны і згуляць у еўракубках. Праўда, пры гэтым гулец (і часта капітан) зборнай Беларусі разам з падзякай адзначыў, што «было і такое, пра што хочацца маўчаць і забыць».

Пра што гэта прарэжымнік? «Трыбуна» высветліла некаторыя дэталі сыходу Яблонскага з клуба – і расказвае вам.

Што паказаў у «Арысе»?

У канцы 2021 года Яблонскі вырашыў сысці з БАТЭ, за гады ў якім стаў пяціразовым чэмпіёнам Беларусі, браў Кубкі і Суперкубкі. Андрэй Капскі прапаноўваў футбалісту новы кантракт, аднак гулец з заробкам каля 15 тысяч рублёў пасля роздумаў адмовіўся. У футбаліста былі прапановы ад каманд з Беларусі і Расіі, аднак 24 студзеня 2022-га ён падпісаў кантракт з «Арысам» на два з паловай гады.

Тады клуб трэніраваў мясцовы спецыяліст Ліясос Лука, але ўжо праз месяц пасля з'яўлення навiчка кантракт з коўчам быў скасаваны па дамове бакоў. Праз два дні пасля сыходу Лукі каманду ўзначаліў Аляксей Шпілеўскі – беларускі трэнер, які некалі працаваў у брэсцкім «Дынама». Сезон-2021/22 «Арыс» з новым галоўным скончыў чацвёртым. За 10 тураў другога этапа чэмпіянату Кіпра Яблонскі шэсць разоў з'явіўся ў стартавым складзе і адзначыўся першым у турніры вынiковым балам – аддаў галявую перадачу (хоць гэта, хутчэй, быў няўдалы ўдар) у апошнім туры супраць «Анартосіса» (3:0).

Чацвёртае месца дазволіла «Арысу» прабіцца ў кваліфікацыю Лігі канферэнцый. Аднак вылецеў клуб адтуль ужо ў сваім стартавым, другім, раўндзе, выйграўшы 2:0 дома ў «Нефтчы», але на выездзе «згарэўшы» яму 0:3. Згуляў у ЛК і Яблонскі: восем хвілін у першым матчы, 23 – у другім.

Чэмпіянат Кіпра-2022/23 стартаваў у канцы жніўня, а Яблонскі, пачаўшы сезон з яшчэ аднаго асіста, вялікім даверам Шпілеўскага не карыстаўся. Да канца першага этапу прарэжымны падпісант тройчы з'явіўся ў старце, у астатнім выходзячы на замену, часта на пару дзясяткаў хвілін і менш. У васьмі сустрэчах Яблонскі прасядзеў на лаўцы. Замест яго ў апорнай зоне дзейнічалі славацкі экс-паўабаронца «Шахцёра» Юліус Сзоке, англiчанiн Морган Браўн, паляк Караль Струскі. Па сведчаннях відавочцаў, усё было справядліва – гэтыя легіянеры выглядалі куды мацнейшымi за Яўгена. Пры гэтым футбаліст другі год запар прагаласаваў за сябе ў намінацыі «Найлепшы футбаліст Беларусі 2022 года».

У фінальным этапе чэмпіянату Кіпра сітуацыя ў Яўгена не памянялася: толькі два матчы ў старце (у адным адыграў 90 хвілін, у другім – 47), у пяці турах выйшаў на замену, а яшчэ тры сустрэчы правёў на лаўцы. За 212 хвілін – ніводнага вынiковага бала. Тым не менш Яблонскі разам з «Арысам» у выніку ўзяў першае ў гісторыі клуба кіпрскае чэмпіёнства. Каманда стартуе ў ЛЧ з другога кваліфікацыйнага раўнда, дзе лёсаванне вызначыла ў магчымыя супернікі пераможцу пары БАТЭ і албанскага «Партызані» (1:1 пасля першага матча). Аднак гульнi Яблонскага з былым клубам ужо не адбудзецца.

Чаму пакінуў «Арыс»?

«Арыс» на афіцыйным сайце абмежаваўся кароткай навіной, што кантракт з Яблонскім скасаваны, пажадаў удачы ў кар'еры – усё па стандарце. Аднак сам футбаліст падагрэў цікавасць словамі, што на некаторыя рэчы «хочацца забыцца». А да гэтага на ўзроўні чутак паведамлялася пра праблемы ў яго ўзаемаадносінах са Шпілеўскім.

Але, як нам удалося даведацца з некалькіх крыніц, ніякага канфлікту з галоўным трэнерам «Арыса» ў футбаліста не было. Проста, па нашых даных, у пэўны момант гульцу ў клубе далі зразумець, што ён не падыходзіць пад мадэль гульні трэнерскага штаба, што канкурэнты на яго пазіцыі дзейнічаюць больш якасна, і ў такой сітуацыі яму цяжка разлічваць на стабільную гульнявую практыку, яго максімум – роль гульца ратацыі. Пры гэтым у клубе не выганялі Яблонскага – па нашых звестках, «Арыс» нават знайшоў для не вельмі патрэбнага выканаўцы некалькі варыянтаў арэнды за мяжой.

Аднак, як нам расказалі, Яблонскі сыходзіць не хацеў. Па-першае, ён быў у зоне камфорту – яму самому і яго жонцы Крысціне Козел падабаліся і бытавыя ўмовы, і Лімасол як горад, і курортны клімат. Па-другое, пры ад'ездзе ў іншы клуб Яблонскі губляў бы ў грошах. Зарплата ў «Арысе», паводле нашых звестак, у прарэжымніка складала каля 15 тысяч долараў.

Такая сітуацыя доўжылася практычна год: Шпілеўскі калі і выпускаў Яблонскага, то звычайна на замену, клуб шукаў варыянты арэнды для футбаліста, які туды не хацеў, паўабаронца згаджаўся быць іграком ратацыі, каб заставацца ў камфортных для сябе ўмовах.

Пасля заканчэння сезона бакі зноў заняліся пытаннямі супрацоўніцтва. Па нашых даных, i тут ініцыяваў гэта клуб. Яўгену было абазначана, што галоўны трэнер (без якога-небудзь канфлікту) перастаў бачыць футбаліста ў сваёй каманднай сістэме, таму з гульнявым часам пагражаюць яшчэ больш маштабныя праблемы, чым раней. Прыняўшы довады клуба і абдумаўшы свае перспектывы, Яблонскі ўсё ж пагадзіўся на скасаванне кантракта па дамове бакоў.

Згодна з інсайдамі, у паўабаронцы ёсць прапановы з чэмпіянатаў Кіпра, Расіі і Грэцыі. Паводле інфармацыі «Трыбуны», існуюць і іншыя варыянты працягу кар'еры: у Венгрыі і Босніі і Герцагавіне. Аднак, як нам стала вядома, паўабаронца ўжо адмовіўся ад некалькіх клубаў з-за недастаткова добрых, на яго погляд, фінансавых умоў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты