Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Гурэнка стаў хуткастрэлам. Трэці раз запар сышоў у адстаўку праз пару месяцаў – вось што ён паспеў у Д3 Расіі і як з ім расставаліся раней

Гурэнка стаў хуткастрэлам. Трэці раз запар сышоў у адстаўку праз пару месяцаў – вось што ён паспеў у Д3 Расіі і як з ім расставаліся раней

На думку трэнера, да звальнення «перадумовы ёсць заўсёды».

Аўтар — Alex Zagorski
29 жніўня, 09:12
1
Гурэнка стаў хуткастрэлам. Трэці раз запар сышоў у адстаўку праз пару месяцаў – вось што ён паспеў у Д3 Расіі і як з ім расставаліся раней

28 жніўня на сайце «Уфы», якая выступае ў расійскім Д3, было абвешчана, што Сяргей Гурэнка звольнены з пасады галоўнага трэнера. Адстаўка атрымалася вельмi хуткай – на пасаду Гурэнку прызначылi толькi 17 чэрвеня. I гэта ўжо трэцяе запар месца працы трэнера, якое ён пакiдае праз лiчаныя месяцы. Вось як гэта адбывалася.

111 дзён у «Рытараі»

Пасля звальнення з мінскага «Дынама» ў красавіку 2020-га Гурэнка амаль год быў без працы, пакуль у пачатку 2021 года не ўладкаваўся ў Літве. Пра падпісанне кантракта з вільнюскім «Рытараем» з Д1 стала вядома 9 лютага.

– Я далучыўся да «Рытарая» па трох прычынах: выдатныя адносіны з уладальнікам клуба, амбіцыі каманды, мой назапашаны досвед. З таго, што я ўбачыў, магу смела сказаць, што жадання гульцам хапае. Задача трэнерскага штаба – дапамагчы ім раскрыць сябе, – заявіў Гурэнка пасля падпісання дамовы.

Але вялiкага прагрэсу пры беларускiм трэнеры не атрымалася. У 15 матчах чэмпіянату Літвы «Рытарай» здабыў 5 перамог, 4 разы згуляў унічыю і 6 разоў прайграў. Пасля няўдалай серыі з чатырох матчаў без перамог у траўні Гурэнка быў звольнены. Тады вільнюсцы ішлі на шостым месцы ў табліцы, там жа і скончылі чэмпіянат.

57 дзён у «Шахцёры»

25 ліпеня 2021-га Гурэнка узначаліў салігорскі «Шахцёр». Клуб быў лідарам вышэйшай лігі, выйграўшы першыя 13 матчаў запар, але вылецеў з першага раўнда адбора ЛЧ, а ў квалiфiкацыi ЛК прайграў першы матч люксембургскай «Фоле Эш» (1:2). Пасля гэтага звольнiлi ўкраінскага галоўнага трэнера Рамана Грыгарчука – Гурэнка не лiчыўся фаварытам на замену, але да другога матчу з «Фолай» у Еўропе заставалася менш за тыдзень, а ў трэнера была шэнгенская віза.

Але з Гурэнкам «Шахцёру» стала толькi горш – матч у адказ «Фоле» прайгралі 0:1 і вылецелі з еўракубкаў, потым саступiлi дарогу ў Кубку Беларусі «Гомелю», а ў ЧБ згулялі ўнічыю са «Смаргонню» (2:2) і прайгралі «Руху» з трэцяга месца (0:1) і БАТЭ з другога (0:1). Усяго дзве перамогi ў сямi матчах – катастрафічны адрэзак для моцы таго «Шахцёра». Паказчык набору клубам ачкоў пры Гурэнку стаў найгоршым з 2009-га года.

Усё дрэнна было i з атмасферай. Пасля нічыёй у Смаргоні Гурэнка заявіў, што «цяпер на поле будуць выходзіць толькі тыя, каму неабыякавы клуб і вынік». Адразу пасля гэтага лiдараў «Шахцёра» Ігара Стасевіча і Ніколу Анціча адхілілі ад трэніровак з асновай. Праз некалькі дзён з“явілася інфармацыя, што некаторыя гульцы «Шахцёра» адмаўляліся выходзіць на трэніроўку праз незадаволенасць нагрузкамі ад Гурэнкі. Паведамлялася, што ініцыятарам байкоту быў Ягор Філіпенка, хай пазней футбаліст абверг гэтую інфармацыю.

Пасля Стасевіча і Анціча ў склад вярнулі – вяртанне прыйшлося на прайграны матч з БАТЭ, дзе абодва правялі на полі ўсе 90 хвілін. Але барысаўчане перамаглi i апярэдзілі «Шахцёр» у таблiцы, а праз два дні пасля сустрэчы, 20 верасня, Гурэнка быў звольнены. Новым галоўным трэнерам прызначылі Аляксея Багу – ён прывёў «Шахцёр» да ладу i другога запар чэмпіёнства.

69 дзён ва «Уфе»

Пасля «Шахцёра» Гурэнка доўга не трэніраваў – здавалася, яму і не трэба.

Але ў чэрвені 2023-га пра прызначэнне беларускага галоўнага трэнера абвясціла «Уфа», якая дакацілася да расійскага Д3 і была заўважаная ў непрывабных актыўнасцях.

Гурэнка адразу пасля прыходу ў клуб казаў, што кіраўніцтва ставіць «самыя высокія мэты», і трэба «вярнуць тую самую «Уфу». Для гэтага трэнер прыцягнуў і некалькіх суайчыннікаў – пасаду асістэнта заняў экс-коўч «Віцебска» Яўген Чарнухін, а гуляць прыехалі Раман Пасевіч з «чорнага спісу» «мінспорту» і сын трэнера Арцём Гурэнка.

Але дабіцца добрых вынікаў на старце сезона яны «Уфе» не дапамаглі. Пасевіч не вызначыўся нічым, Гурэнка-малодшы забіў і аддаў асіст у матчы супраць «Іртыша» (2:0) – адзіным пакуль пераможным для «Уфы». Быў таксама вельмі цяжкі праход далей у Кубку Расіі (толькі па пенальці выбілі «Носту» з Д4), а ў Д3 пасля сямі тураў каманда набрала ўсяго 6 ачкоў – яшчэ тры нічыіх і тры паразы. Проста зараз «Уфа», хоць і без крытычных адставанняў, размяшчаецца на 9-м з 10 месцаў «верхняй» групы Д3, а ўжо ў канцы восені чатыры найгоршыя каманды апусцяцца ў «ніжнюю». Кіраўніцтва клуба дрэнны старт у такіх умовах, відавочна, не задаволіў.

Гурэнка ў пасляматчавых каментарыях казаў пра звыклыя для сябе рэчы – наракаў, што «многім гульцам не хапае эмоцый мужчынскіх», а таксама шматслоўна скардзіўся: маўляў, «часта прымаюцца няправільныя рашэнні», а для выйгрышу верхавых мячоў «нападаючы павінен апынуцца перад абаронцам, мы увесь час працуем над гэтым, але не можам». Пасля, як аказалася, апошняга матчу трэнера ва «Уфе», прайгранага 0:1 «Волзе», Гурэнка дайшоў да здагадкі, што на адным з форвардаў «нейкі праклён».

Яшчэ цікавейшымі былі словы трэнера пасля звальнення. Па першым каментарыi беларускага коўча здавалася, што ён сам яшчэ не зразумеў, што адбылося – выказаўся, як быццам усё яшчэ працуе ў клубе.

Пазней Гурэнка сказаў, што яму ўсё ж «як бы паведамілі» пра адстаўку – але яе прычын «ніхто не растлумачыў». Коўч заявіў, што з камандай «фактычна працаваў толькі месяц», але правёў сем матчаў, таму што «чаго кубкавы лічыць», а таксама сказаў, што нібыта «па гульні каманда наогул нікому не прайграла», а «па многіх паказчыках, у тым ліку па галявых момантах, наперадзе ўсіх». У выніку звальненне, да якога, паводле слоў Гурэнкі, «перадумовы ёсць заўсёды», трэнер палічыў абсурдам.

Іншыя пасты блога

Усе пасты