Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Чалядзінскі будзе працаваць з самай маладой камандай свету. А вось хто ў яго рос у дублі «Дынама»

Чалядзінскі будзе працаваць з самай маладой камандай свету. А вось хто ў яго рос у дублі «Дынама»

Некаторыя футбалісты ўжо навідавоку.

Аўтар — Алесь Коваль
9 студзеня, 13:43
Чалядзінскі будзе працаваць з самай маладой камандай свету. А вось хто ў яго рос у дублі «Дынама»

Арцём Чалядзінскі нарэшце ўзначаліў «Мінск» (пра перамовы паведамлялася яшчэ ў канцы мінулага года). Апошнім месцам працы 46-гадовага трэнера было мінскае «Дынама», адкуль яго звольнілі ў лістападзе 2022-га пасля чацвёртага месца ў чэмпіянаце (Лукашэнка ў тым сезоне патрабаваў залатых медалёў).

Да прыходу на пасаду галоўнага трэнера «Дынама» ў чэрвені 2021-га Чалядзінскі роўна тры гады ўзначальваў дубль мінчукоў. Пад ягоным кіраўніцтвам каманда двойчы выйгравала свой чэмпіянат (2018, 2020) і брала срэбра (2019). Пасля павышэння Чалядзінскага пасярод сезона дынамаўскія дублёры таксама фінішавалі першымі.

У «Мінску», які зʼяўляецца самай маладой камандай у сусветных лігах, трэнеру зноў трэба працаваць з маладасведчанымі гульцамі. А якім быў выхлап у «Дынама» і хто загуляў пасля Чалядзінскага? Пра некаторых футбалістаў вы дакладна ўжо чулі.

Уладзіслаў Калінін, 21 год, абаронца

Менавіта Чалядзінскі забраў гэтага футбаліста з моладзевых каманд «Дынама» ў дубль перад сезонам-2019. Праз паўгода Калінін стаў важным выканаўцам другога складу, а за першы дэбютаваў ужо праз месяц пасля прызначэння туды Чалядзінскага.

Давяраў падпісанту ліста за дыктатуру і Вадзім Скрыпчанка – выпускаў у старце ў шасці першых турах чэмпіянату-2023. Аднак затым Калінін пашкодзіў калена і выбыў да сярэдзіны восені. Да таго моманту ў абароне справа добра зарэкамендаваў сябе дасведчаны Раман Бягуноў, і ў заключных турах-2023 малады футбаліст выходзіў толькі на замену.

Мікіта Дземчанка, 21 год, паўабаронца

Неўзабаве пасля прызначэння ў дынамаўскі дубль Чалядзінскі пачаў прыцягваць да матчаў і гэтага хаўбека. Роўна праз год, яшчэ пры Сяргею Гурэнку, той дэбютаваў за першую каманду ў кубкавым матчы з «Гранітам» (2:0). Дземчанка быў адным з самых заўважных выканаўцаў у групе атакі дублёраў. Улетку 2020-га хлопца забралі ў арэнду «Смалявічы», якія праз цяжкасці з фінансамі спрабавалі застацца ў вышэйшай лізе намаганнямі маладых талентаў. У Аляксея Міхайлава дынамавец стаў гульцом старту, але за паўсезона не набраў ніводнага выніковага бала і захаваць элітную прапіску не дапамог.

Больш з «Дынама» паўабаронца нікуды не сыходзіў. Першы круг чэмпіянату-2023 карыстаўся даверам Скрыпчанкам, які часта выпускаў Дземчанку ў стартавым складзе як апорніка. Аднак у сярэдзіне жніўня футбаліст атрымаў траўму і прапусціў астатнюю частку сезона (на сёння мае 49 матчаў у вышэйшай лізе з адным голам).

Як і Калінін, да пашкоджання стабільна гуляў за моладзевую зборную Беларусі.

Кірыл Радзівонаў, 23 гады, абаронца

Улетку 2020-га таксама адправіўся ў арэнду да «Смалявічаў». Там спачатку выходзіў у старце, а потым прысеў на лаўку запасных. Далей былі два гады арэнды ў «Белшыне», дзе стаў асноўным выканаўцам у цэнтры абароны. Бабруйчане назапасілі перад футбалістам даўгі і за гэта атрымалі трансферны бан у ліпені 2023-га.

Да таго моманту Радзівонаў ужо паўгода гуляў у арэндзе ў «Іслачы», якая здзіўляла ў мінулым сезоне. Дзмітрый Камароўскі не абдзяляў абаронцу гульнявым часам – за чэмпіянат-2023 выпусціўшы ў стартавым складзе 17 разоў. У снежні ў яго скончыўся кантракт з мінскім «Дынама» – і футбаліст падпісаў паўнавартаснае пагадненне з «Іслаччу» на год.

Глеб Роўда, 21 год, паўабаронца

Разам з Радзівонавым увесь мінулы сезон за «Іслач» адыграў і гэты вінгер, прычым стаў трэцім бамбардзірам калектыва, набраўшы 6+2 за 28 матчаў. Роўда не раз сваімі галамі прыносіў перамогі. Ягоны дакладны ўдар у вароты «Арсенала» вывеў каманду ў 1/4 фіналу Кубка-2023/24.

2023-і Роўда праводзіў як паўнапраўны гулец «ваўкоў» – ён стаў часткай абмену ў «Дынама» форварда Уладзіслава Марозава. За першую каманду «бела-блакітных» Роўды згуляў толькі аднойчы – у кастрычніку 2020-га яшчэ пры Леанідзе Кучуку. Чалядзінскі не даў былому падапечнаму па дублі і хвіліны, максімум заяўляючы ў запас на гульні «вышкі». Нядзіўна, што ў пачатку 2022-га Роўда зʼехаў у «Іслач» з арэнднай дамовай і адтуль ужо не вярнуўся.

Дзмітрый Латыхаў, 20 гадоў, нападаючы

Яшчэ адзін элемент абмену Марозава з «Іслачы». У Камароўскага ў чэмпіянаце-2023 Латыхаў не згуляў усяго ў трох матчах (правеў іх на лаўцы запасных), але асноўным форвардам так і не стаў (сем выхадаў у старце) – прайграваў канкурэнцыю Прынсу Аду, Дзянісу Мітрафанаву і Аляксандру Макасю. Праводзячы на поле ў сярэднім 32 хвіліны, за сезон Латыхаў набраў сціплыя 1+2 па «гол+пас». Пры гэтым у сезонах-2020 і 2021 у Чалядзінскага ўваходзіў у топ-3 найлепшых бамбардзіраў першынства дублёраў з 18 і 16 мячамі адпаведна. У пачатку 2022-га «Дынама» вяло перамовы аб продажы нападаючага ў «Стандард», аднак, па словах трэнера, канкрэтнай прапановы ад бельгійцаў так і не паступіла. У тым жа годзе Чалядзінскі спрабаваў гульца ў першай камандзе, аднак за 13 матчаў той забіць не здолеў. У канцы снежня 2022-га Латыхаў працягнулі кантракт з «Дынама», аднак ужо праз тры тыдні быў абмяняны ў «Іслач».

Ігар Заяц, 25 гадоў, абаронца

Пасля таго, як Чалядзінскі ўзначаліў дынамаўскі дубль, гэты цэнтрдэф пагуляў там паўгода і перайшоў у дарослы футбол. У сталічным клубе верылі ў перспектыўнасць Зайца, а таму пагаджаліся аддаваць яго толькі ў арэнды. У наступных трох сезонах футбаліст выступаў за «Смалявічы» (першая ліга-2019) і «Гомель» (першая ліга-2020 і вышэйшая ліга-2021), дзе быў лімітчыкам і атрымліваў стабільную практыку.

У 2021-м абаронца з гамельчукамі да апошніх тураў змагаўся за медалі. Не выключана, што менавіта гэта заахвоціла галоўнага трэнера «Дынама» Чалядзінскага даць шанец Зайцу ў сталіцы. Але нічога не атрымалася: за першы круг-2022 гулец на поле не выходзіў і толькі двойчы аказаўся ў дынамаўскай заяўцы. Улетку таго года ён зʼехаў у арэнду да «Слуцка», а ў канцы сезона стаў паўнапраўным гульцом «цукровых». Паўтара гады ў райцэнтры Заяц жалезна выходзіў у старце. На абаронцу ў «Гомелі» не забыліся – з мінулага панядзелка ён ізноў гулец гэтай каманды.

Ягор Багамольскі, 23 гады, нападаючы

У сезоне-2018 паступова стаў у Чалядзінскага асноўным у дублі, з якім выйграў чэмпіянат і за 26 матчаў забіў 12 мячоў – нядрэнна для хлопца, якому ў чэрвені таго года споўнілася 18.

У пачатку наступнага сезона Раман Піліпчук верыў у Багамольскага і падпускаў да першай каманды. Але Сяргей Гурэнка, які прыйшоў на змену, прама заявіў, што больш разлічвае на маладзейшых Ложкіна і Дземчанку. У жніўні таго года футбаліст ужо вольным агентам перайшоў у брэсцкае «Дынама». За чэмпіёнскую каманду нападаючы адгуляў усяго адну хвіліну.

Далей у карʼеры былі «Рух» і «Мінск». У сталіцы Багамольскі выдаў магутны першы круг у ЧБ-2022, выбіўшы 8+3 за 15 матчаў. Пасля гэтага «Нефтчы» заплаціў за футбаліста 100 тысяч еўра. Аднак пакуль карʼера ў Азербайджане не складваецца. За 38 матчаў у мясцовай лізе ён забіў усяго тройчы. Мінулай восенню паведамлялі пра магчымае вяртанне Багамольскага ў Беларусь або пра арэнду ў Ізраіль.

Уладзіслаў Ложкін, 21 год, нападаючы

Пасля моладзевых каманд «бела-блакітных» у сваім першым жа сезоне за дынамаўскі дубль (2019) стаў найлепшым бамбардзірам турніру, забіўшы 22 мячы. У тым жа годзе дэбютаваў за першую каманду. У 2020-м Ложкіна, як і іншых маладых дынамаўцаў, адправілі ў «Смалявічы», за якія ў Д1 атрымалася вызначыцца тройчы за дзесяць матчаў.

У сезонах-2021 і 2022 форвард, падпісант ліста ў падтрымку рэпрэсій, быў асноўным лімітчыкам мінскага «Дынама», аднак вялікай рэзультатыўнасці не дэманстраваў – дзесяць галоў за 51 гульню. Мінулай зімой футбаліст не працягнуў кантракт з «бела-блакітнымі» і адправіўся ў Д2 Казахстана, дзе ў форме «Турана» за 26 паядынкаў выбіў 20+11. Ложкін не мае намеру заставацца ў «Туране» на наступны год і сёння шукае новы клуб.

Хто яшчэ гуляў у дублі ў Чалядзінскага?

Аляксандр Ксенафонтаў мінулы сезон правёў у арэндзе ў «Тарпеда-БелАЗ», пасля чаго вярнуўся ў маскоўскую «Радзіму», кантракт з якой разлічаны яшчэ на паўтара гады. Па апошняй інфармацыі, клуб выставіў паўабаронцу на трансфер.

У польскім міноры (Д4 і ніжэй) гуляюць абаронца Яўген Семянчук, паўабаронца Фёдар Лебедзеў і форвард Мацвей Ермаковіч. Нападаючы Масрур Кіемідзінаў пасля дынамаўскага дубля, «Віцебска» і «Нафтана» вярнуўся ў родны Таджыкістан і там выступае за «Раўшан».

У «Мінску» Чалядзінскі можа сустрэцца з некаторымі сваімі выхаванцамі. Апорнік Ягор Лапуноў першы круг-2023 быў у «гараджан» гульцом ратацыі, а затым выпаў з абоймы Сяргея Яромкі. Другую палову мінулага сезону ў арэндзе ў «Дняпры» адгуляў форвард Кірыл Забелін – і забіў дзесяць мячоў за 18 матчаў. У Д1 гулялі брамнікі Дзяніс Шпакоўскі («Дынама» Мінск), Цімафей Юрасаў («Тарпеда-БелАЗ»), абаронца Аляксей Фірсаў і паўабаронца Раман Давыскіба (абодва – «Нафтан»)

У 2023-м у элітны дывізіён сваім камандам дапамаглі выйсці абаронцы Уладзіслаў Лях і Мікіта Халімончык (гулялі за дзяржынскі «Арсенал»), а таксама паўабаронца «Дняпра» Красімір Капаў. Апроч іх з дубля Чалядзінскага ў Д2 засвяціліся яшчэ дзесяць футбалістаў.

Брамнік Станіслаў Кляшчук і абаронца Аляксандр Міхаленка з «Энергетыкам-БДУ» вылецелі ў першую лігу. Галкіпер, праўда, ужо перабраўся ў «Гомель», а Міхаленка прыязджаў да «студэнтаў» у арэнду з мінскага «Дынама». З «Белшынай» у Д2 вылецеў арандаваны ў «Іслачы» паўабаронца Максім Саматой.

Усяго два падапечныя Чалядзінскага па дынамаўскім дублі 2023-і правялі ў другой лізе. Годам раней іх было пяцёра.

На сёння дакладна вядома пра 12 былых дублёраў «Дынама», якія працавалі з Чалядзінскім і ўжо завязалі з прафесійным футболам.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты