Tribuna/Футбол/Блогі/Хоккейная площадка/Зборная Польшчы U-18 выйграла групу на чэмпіянаце свету па хакеі. Ёй дапамаглі беларусы, якія пераехалі ў 2022-м

Зборная Польшчы U-18 выйграла групу на чэмпіянаце свету па хакеі. Ёй дапамаглі беларусы, якія пераехалі ў 2022-м

Ужо маюць польскія пашпарты, адзін – найлепшы снайпер каманды.

Аўтар — bytribuna com
1 траўня, 18:00
1
Зборная Польшчы U-18 выйграла групу на чэмпіянаце свету па хакеі. Ёй дапамаглі беларусы, якія пераехалі ў 2022-м

На мінулым тыдні зборная Польшчы U-18 па хакеі пад кіраўніцтвам беларуса Андрэя Гусава стала чэмпіёнам свету ў дывізіёне ІІА і павысілася ў дывізіён ІВ, адкуль вылецела год таму з апошняга месца. Трэнер тады захаваў пасаду і выправіў памылкі мінулага.

На баку палякаў падчас апошняга сусветнага турніру быў не толькі беларускі трэнер, але і два ўраджэнцы Беларусі сярод гульцоў – нападаючы Цімафей Петражыцкі і абаронца Ігнат Кашалэвіч.

Расказваем пра выхаванцаў мінскага хакея, якія раптам апынуліся ў Польшчы.

Што паказалі на ЧС?

Сусветнае першынство ў другім дывізіёне праходзіла ў польскім горадзе Сасновец з 17 па 23 красавіка. Гаспадары ў групе А сустракаліся з камандамі Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Румыніі, Харватыі і Сербіі. Толькі пераможца секстэту атрымліваў пуцёўку ў групу В дывізіёна І. Палякі перамаглі ва ўсіх матчах і сталі пераможцамі за тур да завяршэння турніру. У пяці матчах яны закінулі 34 шайбы (дзесяць уляцелі ў браму Сербіі, якая стала апошняй), прапусціўшы ўсяго пяць.

Не апошнюю ролю ў лакальным трыумфе Польшчы адыгралі хлопцы, якія яшчэ нядаўна займаліся хакеем у Беларусі, але сёння зʼяўляюцца ўладальнікамі польскіх пашпартоў. 16-гадовы абаронца Ігнат Кашалевіч выйшаў на пляцоўку ва ўсіх сустрэчах, зрабіў адзін асіст, атрымаў дзве хвіліны штрафу і зарабіў паказнік карыснасці «+1».

Яго суайчыннік і равеснік Цімафей (у польскім пашпарце ўжо запісаны як Ціматэуш) Петражыцкі таксама адгуляў усе матчы і па выніку турніру апынуўся ў топе снайпераў. Ураджэнец Мінска зарабіў сем балаў па сістэме гол + пас (6+1). Шэсць галоў дазволілі яму стаць лепшым снайперам зборнай Польшчы і падзяліць першае месца па гэтым паказніку па выніках усяго ЧС з двума гульцамі з Вялікабрытаніі.

Па агульнай колькасці набраных пунктаў Петражыцкі стаў другім у зборнай Польшчы (апярэдзіў яго Рафал Драбік з двума галамі і сямю «асістамі») і чацвёртым – сярод усіх удзельнікаў турніру. Брытанцы Джэк Кларк і Брынлі Капс з 10 (6+4) і 11 (6+5) баламі адпаведна аказаліся лідарамі бамбардзірскага спісу. Паказнік карыснасці склаў у Петражыцкага «+8». Пры гэтым на турніры форвард абышоўся без штрафу. У матчы з Харватыяй яго прызналі найлепшым у складзе зборнай Польшчы (запісаў на свой рахунак дзве з васьмі шайб сваёй каманды).

Як беларусы апынуліся ў зборнай Польшчы?

Абодва хакеісты – выхаванцы мінскага хакея (хоць Кашалевіч нарадзіўся ў Гродне). Спартыўны шлях пачалі ў школе сталічнага «Дынама» ў 2015 годзе. Кашалевіч у «Дынама» затрымаўся практычна да 2018 года, пасля чаго перайшоў у мінскі клуб «Піранні», дзе гуляў да канца беларускага этапу карʼеры.

Што да Петражыцкага, ён у сваім першым спартыўным сезоне (2015/16) паспеў пагуляць і за «Дынама», і за «Юнацтва». Праўда, першы перыяд у «Юнацтве» абмежаваўся ўсяго 11 матчамі, а далей былі выступы за «зуброў» да вясны 2019-га. Там ён нейкі час гуляў пад кіраўніцтвам Аляксандра Цыплакова – брата легенды беларускага хакея Уладзіміра Цыплакова. Затым Петражыцкі перайшоў у «Юнацтва».

У 2022 годзе хакеісты пакінулі беларускі хакей. Апошнім турнірам, у якім узяў удзел Кашалевіч, стала Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў 2006 года нараджэння ў Наваполацку. Абаронца выступаў за каманду Мінскай вобласці, згуляў у чатырох матчах і набраў тры пункты (0+3). Каманда стала пятай з васьмі.

Петражыцкі выступаў у Беларусі да 24 красавіка 2022-га. Тады фінішавала першынство краіны сярод юнакоў 2007 года нараджэння ў групе А. Форвард абараняў колеры «Юнацтва», прыняў удзел у шасці матчах з 28, набраў 11 пунктаў (5+6). Яго каманда ў выніку фінішавала трэцяй.

У 2022 годзе Кашалевіч і Петражыцкі са сваімі бацькамі апынуліся ў Польшчы (прычыны пераезду нам даведацца не ўдалося). Першага аддалі ў акадэмію хакейнага клуба «Тыхы» з аднайменнага горада. Абаронца, якому на той момант было ўсяго 15, у першы ж польскі сезон гуляў у чэмпіянаце Польшчы і за каманду хакеістаў не старэйшых за 16 гадоў (20 матчаў, 10+13 у чэмпіянаце краіны), і за каманду хакеістаў не старэйшых за 18 гадоў (9 матчаў, 2+2).

На сезон-2023/24 Кашалевіч застаўся ў структуры «Тыхы» і стаў адным з лідараў каманды ў моладзевай хакейнай лізе Польшчы U-20. Адгуляў 23 матчы турніру (3+9) і дапамог камандзе стаць чэмпіёнам.

Разам з ім залаты медаль на шыю атрымаў і Петражыцкі, польская карʼера якога пачыналася не ў «Тыхы». Пасля пераезду бацькі адправілі 14-гадовага нападніка ў акадэмію «Краковіі» ў Кракаве. Нягледзячы на ўзрост, форвард адразу заявіў пра сябе – у сезоне-2022/23 правёў за каманду шаснаццацігодак 24 матчы і набраў 58 пунктаў (42+16). З такімі паказнікамі юнага гульца адразу адправілі ў моладзевы чэмпіянат Польшчы. У тым жа сезоне Петражыцкі правёў у турніры за «Краковію» 20 матчаў (5+6). У 2023 годзе мінчук перабраўся ў «Тыхы», дзе спачатку гуляў за 18-годак (8 матчаў, 12+14), а пасля разам з Кашалевічам першынстваваў у моладзевай лізе Польшчы. Нападнік выбіў 15 галоў і 21 асіст у 26 матчах.

– Кашалевіч выдатна катаецца, чытае гульню, яго мінус – невысокі рост, 175 сантыметраў пры вазе 67 кг. Не самыя выбітныя параметры для абаронцы. Што да Петражыцкага, то гэта высокі хлопец (182 см, вага – 72 кг), забіўны, выдатна бачыць пляцоўку і кідае з любой пазіцыі. Але ёсць у яго і мінус – занадта часта бярэ гульню на сябе. Гэта не гулец, які будзе аддаваць перадачы, ён лепш сам кіне, нават з не самай выгаднай пазіцыі. Наколькі ведаю, Петражыцкі прыцягнуў увагу трэнераў зборнай Польшчы U-20, яны хочуць паглядзець на яго ў калектыве, – распавёў «Трыбуне» адзін са спецыялістаў, які перасякаўся з гульцамі.

У 2023 годзе на гульню беларусаў звярнулі ўвагу ў федэрацыі хакея Польшчы і прапанавалі выступаць за зборную U-18, тым больш за зборныя на Радзіме хакеісты не былі загуляныя. Вось толькі гульцам трэба было атрымаць польскае грамадзянства. Аднак гэта праблемай не стала, хаця хлопцы пражылі ў краіне ўсяго паўтара года.

Адзначым таксама, што ў сезоне-2023/24 за моладзевую каманду «Тыхы» гулялі яшчэ некалькі беларусаў: абаронца Дзяніс Бароўскі, форварды Мікіта Ляшчук і Аляксандр Русовіч. Усе трое – 2007 года нараджэння. Пакуль у іх прафайлах значыцца беларускі рэжымны сцяг. А вось Кашалевіч і Петражыцкі ўжо фігуруюць як палякі.

Фота: Instagrаm ХК «Тыхы», Ігната Кашалевіча і Цімафея Петражыцкага

Іншыя пасты блога

Усе пасты