Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Адзіноцтва Таёты. Па выніках гонкі 6 гадзін Парцімана на подыуме апынуўся толькі адзін экіпаж японскай каманды

Адзіноцтва Таёты. Па выніках гонкі 6 гадзін Парцімана на подыуме апынуўся толькі адзін экіпаж японскай каманды

18 красавіка 2023, 16:21
Адзіноцтва Таёты. Па выніках гонкі 6 гадзін Парцімана на подыуме апынуўся толькі адзін экіпаж японскай каманды

Фота: fiawec.com

Аўтааматары пасмяюцца: Таёта зламалася! У чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць гэта зусім не сенсацыя (успомнім хаця б Ле Ман 2016 года), праблемы на гібрыдных прататыпах-гіперкарах GR010 Hybrid узнікаюць не так ужо і рэдка. Вось і на другім этапе новага сезона гэта здарылася з адной з машын. Падводзіць вынікі чэмпіянату яшчэ зарана?

На жаль, пакуль што рана падводзіць і вынікі вайны ва Украіне, хаця якімі яны будуць, зразумела ўжо зараз: расійская імперыя (у шырокім сэнсе, таму з малых літар) перастане існаваць, а народы, якіх яна спрабуе сабе падпарадкаваць, вызваляцца ад яе і ад уласных тыранаў, дзе яны яшчэ засталіся. Штодзённыя ахвяры сярод нашых суседзяў не будуць марнымі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Вось наконт удзячнасці намаганняў арганізатараў чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць зрабіць яго цікавым і канкурэнтным асабіста ў мяне сумневы захоўваюцца. Пасля кваліфікацыі ў Ferrari AF Corse заяўлялі, што іх гібрыдны гіперкар 499P быццам бы прыбавіў у хуткасці, і пяцідзясяты экіпаж у складзе Антоніа Фуока, Мігеля Маліны і Нікласа Нільсэна такі фінішаваў другім. Але ад пераможцаў з восьмага экіпажа Таёты Себасцьена Буэмі, Брэндана Хартлі і Рыючы Хіракавы яны адсталі на цэлы круг.

Хаця, зразумела, ніхто не перамагае ў WEC адразу пасля прыходу туды, і тая ж Таёта, чыя праграма ў чэмпіянаце свету пачалася ў 2012 годзе, таксама не адразу ўзяла верх над Audi і Porsche, дый пазней брала не заўсёды. Але затрымалася яна ў доўгіх гонках долей, чым нямецкія канкурэнты (адзін з якіх цяпер вярнуўся, але з прататыпам LMDh, а не з арыгінальнай машынай), і ў пэўны перыяд была адзінай завадской камандай, што і абумовіла яе паспяховасць.

Калі топавай катэгорыяй у чэмпіянаце сталі не прататыпы LMP1, а так званыя гіперкары (па сутнасці, таксама прататыпы), канкурэнтаў у японцаў прыбавілася, а ў гэтым годзе з’явілася і згаданая вышэй катэгорыя LMDh, прыраўнаваная да гіперкараў. Дый саміх гіперкараў стала болей, і два Ferrari 499P – адны з іх. Абодва экіпажы на іх, праўда, на стартавай рашотцы апынуліся на другім шэрагу: Фуока, Маліна і Нільсэн на трэцяй пазіцыі, Алесандра П’ер Гуідзі, Джэймс Калада і Атоніа Джавінацы – на чацвёртай.

Наперадзе ж размясціліся таётаўскія экіпажы – будучыя пераможцы на поўле і Майк Конвэй, Камуі Кабаяшы і Хасэ-Марыя Лопес на сёмай машыне следам. Адразу пасля старту, праўда, яны абмяняліся пазіцыямі і іх раздзяліў пяцьдзесят першы экіпаж Ferrari, але ненадоўга, і праз некалькі кругоў абедзве Таёты пачалі пакрысе адрывацца ад пераследнікаў. Ну а аднаму з адным гоншчыкам японскай каманды спаборнічаць забаронена, і перамагае заўсёды тая з машын, якой больш шчасціць з гоначным тэмпам, таму перад першым піт-стопам Конвэй па загадзе з боксаў саступіў лідарства Буэмі.

Канечне, праблемы з прывадным валам, якія ўзніклі на сёмай машыне ў змену Лопеса, усё роўна былі крыўднымі і для аргенцінца, і для яго калег па экіпажы. Рамонт у боксах заняў каля дзесяці хвілін, за якія восьмая машына ад’ехала на сем кругоў. Фінішавалі гоншчыкі на сёмай машыне ў выніку толькі дзявятымі.

Не ўсё гладка было і ў Ferrari. Калада некаторы час стрымліваў Нільсэна, але ўсё ж такі саступіў датчаніну трэцюю пазіцыю. Гэта праблемай не было, а вось непаладкі ў сістэме brake-by-wire (электрычны прывад тармазоў) на пярэдняй восі – былі. Непрыемнасць была не адзінай – на машыне яшчэ і гібрыдная сістэма перастала працаваць (яна на Ferrari 499P якраз на пярэдняй восі і ўсталяваная).

Здарылася гэта ў змену Джавінацы, і яна моцна запаволіла пяцьдзесят першую машыну – яе пачалі абганяць нават малодшыя прататыпы LMP2. Гоначны інжынер раіў Антоніа болей карыстацца накатам перад зонамі тармажэнняў (так званы рэжым lift and cost), таму ў поўную сілу італьянец ехаць не мог. У адваротным выпадку пярэднія тармазы яго гіперкара пачыналі перагравацца. Да фінішу пяцьдзесят першы экіпаж дацягнуў, але гонку скончыў толькі сёмым.

Калі б не гэта, наўрад ці б на подыум па выніках 6 гадзін Парцімана патрапіў бы шосты экіпаж Porsche Penske Motorsport. Зрэшты, Кэвін Эстрэ, Андрэ Лотэрэр і Лоўрэнс Вантор што змаглі, тое зрабілі, і якую-ніякую барацьбу Ferrari ўсё ж такі навязалі. Хаця на фінішы ад Фуока, Маліны і Нільсэна адсталі болей чым на хвіліну. Канкрэтна ў іх з надзейнасцю праблем не было, а вось іх калегам з шостага экіпажа Дэйну Кэмерану, Міхаэлю Крыстэнсэну і Фрэдэрыку Макавецкі прыйшлося на апошняй гадзіне заязджаць у боксы для рамонту стырнавога механізма. Фінішавалі яны трыццаць пятымі ў абсалюце, але замкнулі першую дзясятку ў катэгорыі гіперкараў.

Надзейнасць наогул працягвае быць бальным месцам для многіх машын топавай катэгорыі. Так, на дзевяноста трэцім Peugeot 9X8 Пола дзі Рэсты, Мікела Йенсэна і Жана-Эрыка Верня яшчэ да старту ўзніклі праблемы са стырнавым механізмам. Праз гэта экіпаж пачынаў гонку з піт-лэйна, аднак на сёмае месца ён усё ж прарваўся. Сястрынская дзевяноста чацвёртая машына пад кіраваннем Лойка Дзюваля, Густава Менэзэса і Ніка Мюлера пераадолела дыстанцыю гонкі без асаблівых цяжкасцей, але тэмпу для барацьбы за подыум экіпажу не хапіла, і ён замкнуў першую пяцёрку. Чацвёртымі ж фінішавалі пакуль што адзіныя прадстаўнікі Cadillac Racing Эрл Бамбер, Алекс Лін і Рычард Вэстбрук, якія выступаюць пад другім нумарам.

У адзінага семсот восьмага экіпажа Glickenhaus Racing у складзе Рамэна Дзюма, Раяна Брыска і Аліўе Пла праблем з надзейнасцю гэтым разам не было, але не было і хуткасці. Негібрыдны гіперкар Glickenhaus 007 распрацаваны найперш пад кальцо Сартэ ў Ле Мане з яго доўгімі прамымі, і на кароткай парціманскай трасе Альгарвэ яму проста не хапала прыціскной сілы. Дый калектыў Джыма Глікенхаўза зусім маленькі, і пра навязванне барацьбы завадскім монстрам (хоць ён фармальна таксама завадскі) гаворкі не ідзе, таму – толькі восьмае месца.

Але Дзюма, Брыска і Пла хаця б фінішавалі, у адрозненні ад чацвёртага экіпажа Floyd Vanwall Racing, у якім выступаюць Том Дзільман, Эстэбан Гер’еры і Жак Вільнёў. Бліжэй да фінішу, якраз у змену чэмпіёна свету Формулы 1 1997 года, на іх таксама негібрыдным гіперкары перад дзясятым паваротам выйшлі з ладу тармазы, а пярэдні правы дыск наогул загарэўся, праз што канадзец патрапіў у аварыю. Сам не пацярпеў, але мімаволі нейтралізаваў гонку аўтамабілем бяспекі.

Вось катэгорыя LMP2 ізноў парадавала, і будзе надта крыўдна, калі чэмпіянат свету адмовіцца ад яе, захаваўшы яе толькі эксклюзіўна для Ле Мана. Хоць, дзеля справядлівасці, яе пераможцы вызначыліся яшчэ ў першай палове гонкі, калі Джошуа Пірсан з дваццаць трэцяга экіпажа United Autosports, у якім таксама выступаюць Гіда ван дэр Гардэ і Олівер Джарвіс, прарваўся з шостай пазіцыі на першую, абагнаўшы ў тым ліку поўл-сітараў Дорыан Пэн, Мірка Барталоці і Данііла Квята з шэсцьдзесят трэцяга экіпажа Prema Racing.

Апошніх пазней апярэдзіў і дваццаць другі экіпаж United Autosports у складзе Фрэдэрыка Лубіна, Філа Хэнсана і Бэна Хэнлі, якія затым навязалі барацьбу калегам па камандзе – фінішавалі другімі, але ўсяго ў 0,684 секунды ад дваццаць трэцяй машыны! Ну а Пэн, Барталоці і Квят саступілі яшчэ і Руі Андрадэ, Роберту Кубіцы і Луі Дэлетразу з сорак першага экіпажа Team WRT. Канчаткова з надзеямі на подыум ў Prema развіталіся ў змену Квята, якому дастаўся фінальны адрэзак. На ім расійскі экс-пілот Формулы 1 і саступіў Дэлетразу. Затое ў наступным годзе ён паедзе на завадскім прататыпе LMDh каманды Lamborghini.

У катэгорыі LMGTE Am, для якой гэты сезон стане апошнім, другую запар перамогу атрымаў трыццаць трэці экіпаж Corvette Racing. Бэн Кіцінг, Нікалас Варонэ і Нікі Катсбург стартавалі з поўлу, але канкурэнты не давалі ім расслабіцца да самага фінішу.

Галоўным чынам іх нервавалі гоншчыкі восемдзесят трэцяга экіпажа Richard Mille AF Corse Луіс Перэс-Кампанк, Лілу Ваду і Алесіа Равэра, якія занялі другое месца, адстаўшы ад Кіцінга, Варонэ і Катсбурга ўсяго на 0,260 секунды. Нядрэнная рэабілітацыя пасля аварыі ў самым пачатку гонкі папярэдняга этапу ў Сэбрынгу! Замкнулі першую тройку жалезныя дзеўкі (іх каманда так і завецца – Iron Dames) Сара Баві, Мішэль Гацінг і Рахель Фрэй на ружовым восемдзесят пятым Porsche 911 RSR-19.

Тытул чэмпіёнаў свету ў WEC фактычна разыгрываецца толькі ў катэгорыі гіперкараў, бо толькі тут прысутнічаюць завадскія каманды. І ў заліку гоншчыкаў лідары пасля гонкі ў Парцімане змяніліся – імі сталі Хартлі, Хіракава і Буэмі, у якіх 53 ачкі. Лопес, Кабаяшы і Конвэй у выніку сваёй няўдачы апусціліся адразу на трэцюю пазіцыю. У іх 40 балаў, на два меней, чым у Фуока, Маліны і Нільсэна, якія цяпер другія. Аднак Toyota лідарства ў заліку вытворцаў захавала – у яе 64 ачкі. Ferrari з 42-ма баламі засталася на другой пазіцыі, а на трэцюю паднялася Porsche, у якой роўная колькасць балаў з Кадылакам – па 30.

Сезон чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць працягнецца ўжо меней чым праз два тыдні на трасе Спа-Франкаршам, дзе пройдзе яшчэ адна шасцігадзінная гонка. Бельгійскі этап традыцыйна стане генеральнай рэпетыцыяй сутачнага марафону ў Ле Мане, які будзе наступным. Дый наогул сезон доўгіх гонак набірае абароты, і ўжо ў бліжэйшыя выхадныя свае новыя сезоны распачнуць Еўрапейская серыя Ле Ман і кузаўная серыя GT World Challenge Europe – у Барселоне і Монцы адпаведна. Будзе цікава!

Іншыя пасты блога

Усе пасты