Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Зацішша і бура на першым этапе серыі GT World Challenge Europe на трасе Поль Рыкар

Зацішша і бура на першым этапе серыі GT World Challenge Europe на трасе Поль Рыкар

11 красавіка, 12:42
Зацішша і бура на першым этапе серыі GT World Challenge Europe на трасе Поль Рыкар

У мінулыя выхадныя свой новы сезон пачала серыя GT World Challenge Europe. Гонка на трасе Поль Рыкар атрымалася даволі цікавай, хаця ўсе галоўныя падзеі разварочваліся пераважна ў другой яе палове.

Этап галоўных еўрапейскіх гонак GT на Поль Рыкары заўсёды праходзіў у фармаце Endurance з адной доўгай гонкай. Хіба што ў папярэднія гады яна была шасцігадзіннай, як на стандартных этапах WEC. Сёлета ж дыстанцыю ўпалавінілі, і заезд працягваўся ўжо стандартныя для GT World Challenge Europe тры гадзіны.

Некаторыя ўдзельнікі, напэўна, былі б не супраць якраз шасці гадзін, за якія можна было б паспрабаваць выправіць сваё становішча. У першую чаргу гэта тычыцца ўладальнікаў поўлу з шэсцьдзесят трэцяга экіпажа Iron Lynx – Андрэа Кальдарэлі, Матэа Кайролі і Мірка Барталоці.

Яны якраз нядрэнна спачуваліся у першай палове гонкі, калі іх ярка-зялёны Lamborghini Huracan GT3 EVO 2 узначальваў пелатон. Але канкурэнты дыхалі ім у задні бампер увесь час, чаму дапамог і аўтамабіль бяспекі, што вадзіў за сабой пелатон значную частку першай гадзіны і праз разнастайныя здарэнні, а потым і праз праблемы са стартавым светлафорам.

Бліжэй за ўсё да машыны лідараў быў дваццаць другі Porsche 911 GT3 R каманды Schumacher CLRT, якім кіравалі Айханчан Гювен, Ларан Хайнрых і Дарыан Бакалачы. І менавіта іх экіпаж выйшаў у лідары пасля першай хвалі піт-стопаў, толькі хутка выявілася, што Бакалачы, які праводзіў другі адрэзак, паспяшаўся пакінуць боксы і звёз з сабой кабель, якім механікі зазямляюць машыну падчас дазапраўкі.

Таму дваццаць другому экіпажу суддзі хутка паказалі чорна-аранжавы сцяг, прымусіўшы яго да паўторнага наведвання боксаў, падчас якога лішняя дэталь была прыбраная. Але, канечне, Гювен, Хайнрых і Бакалачы адкаціліся далёка назад і фінішавалі толькі чатырнаццатымі. Аднак жыццё лідараў на шэсцьдзесят трэцім Lamborghini пасля гэтага не палегчылася, бо ў гонцы засталіся і іншыя хуткія экіпажы.

Дзевяцьсот дзевяноста восьмы каманды Rowe Racing стартаваў толькі з пятай пазіцыі, але Аўгуста Фарфус адразу адыграў пару пазіцый. Праўда, зрабіў ён гэта, крыху парушыўшы межы трасы, і гэты эпізод суддзі разглядалі да апошніх хвілін гонкі, на якіх, нарэшце, вырашылі, што парушэнне ўсё ж не было сур’ёзным, а таму адмовіліся ад пакарання. Якое, калі б яно мела месца, было б ну надта балючым.

Фарфус увесь свой адрэзак трымаў высокі тэмп, падтрымаў яго і Даніэль Харпер, якому бразілец перадаў іх BMW M4 GT3. І які хутка пасля таго, як гонка пераваліла цераз экватар, скарыстаўся невялікай памаркай Кальдарэлі ў павароце Beausset і абагнаў яго там. Затым у Харпера атрымалася адарвацца ад канкурэнтаў з Iron Lynx, а Макс Хесэ выдатна справіўся са сваёй задачай на фінальным адрэзку, фінішаваўшы на першай пазіцыі.

Кальдарэлі, Кайролі і Барталоці задаволіліся другім месцам, а трэцім адмашку клецістым сцягам атрымалі Лука Штольц, Фабіан Шылер і Жуль Гунон з другога экіпажа каманды M-AMG Team GetSpeed. Трэцімі яны і стартавалі, і хоць тэмпу для барацьбы за перамогу іх Mercedes-AMG GT3 EVO гэтым разам не забяспечыў, усё можа памяняцца на наступных этапах.

Становішча ў чэмпіянаце супадае з вынікамі першай гонкі: Rowe Racing лідзіруе ў камандным заліку, а Фарфус, Харпер і Хесэ першыя сярод гоншчыкаў, Кальдарэлі, Кайролі і Барталоці з Lynx другія, Штольц, Шылер і Гунон з M-AMG Team GetSpeed замыкаюць першую тройку. Колькасць балаў ва ўсіх выпадках аднолькавая: адпаведна, 25, 19 і 15.

Другі этап серыі GT World Challenge Europe пройдзе 4-5 мая ў Вялікабрытаніі на трасе Брэндс-Хэтч у фармаце Sprint, з дзвюма асобнымі гадзіннымі гонкамі. За падзеямі іх, а таксама іншых чэмпіянатаў працягвае сачыць таксама Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты