Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Першы поспех Cool Racing на першым этапе Еўрапейскай серыі Ле Ман у Барселоне

Першы поспех Cool Racing на першым этапе Еўрапейскай серыі Ле Ман у Барселоне

17 красавіка, 19:35
Першы поспех Cool Racing на першым этапе Еўрапейскай серыі Ле Ман у Барселоне

Фота: ELMS і twitter.com/EuropeanLMS

У мінулыя выхадныя свой новы сезон распачала Еўрапейская серыя Ле Ман, якая, з’яўляючыся лакальным першынством, здаецца, толькі ад гэтага выйграе. Што і даказала гонка 4 гадзіны Барселоны, якую ў абсалюце выйграў трыццаць сёмы экіпаж каманды COOL Racing у складзе Ларэнца Флуксы, Мальтэ Якабсэна і Рытома Міяты.

Катэгорыі прататыпаў LMP2 на пастаяннай аснове больш няма ў чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць, у якім кампанію гіперкарам і машынам LMGT3 яна цяпер будзе складаць толькі ў Ле Мане. Але яна не знікла зусім і засталася ў тым жа ELMS, ад чаго таксама толькі выйграла.

Тыя ж гіперкары ў WEC заўважна павольнейшыя за старыя прататыпы LMP1, таму арганізатары чэмпіянату пачалі падразаць крылы і машынам LMP2. Уласна кажучы, рабіць яны гэта будуць і зараз, але цяпер толькі ва ўзгаданым Ле Мане. Але раней іх запавольвалі і ў ELMS, і ў гэтым годзе гэтая практыка скончылася.

Цяпер 4,0-літровыя атмасферныя рухавікі V8 ад Gibson Technology выдаюць 580 конскіх сіл замест 540-ка (а раней было наогул 600), самі машыны сталі лягчэй, і важаць 930 кг замест 950-ці, а аб’ём іх бакаў павялічыўся з 69-ці да 75-ці літраў. Хаця, канечне, цікавай гонка 4 гадзіны Барселоны атрымалася не ад гэтага.

З поўлу яе пачынаў дваццаць другі экіпаж United Autosports, у якім у гэтым годзе выступаюць румын Філіп Угран, японец Марына Сата і брытанец Бэнджамін Хэнлі. Першы з іх гонку пачынаў і захаваў на старце лідарства. Але будучыя пераможцы адразу заявілі пра сябе – Ларэнца Флукса адразу прарваўся з пятай стартавай пазіцыі на другую, а на рэстарце пасля кароткага перыяду нейтралізацыі наогул перахапіў лідарства.

Адарвацца, праўда, не змог, бо хутка пачалася новая нейтралізацыя віртуальным аўтамабілем бяспекі, а неўзабаве на трасе з’явіўся і рэальны. Зацягнулася эвакуацыя дзясятай машыны Vector Sport і сястрынскай сорак сёмай COOL Racing, якія сутыкнуліся і захраслі ў гравіі пасля парнага дрыфту. Але гэта ў выніку не перашкодзіла трыццаць сёмаму экіпажу, і лідарам ён застаўся, калі Флукса перадаў прататып Oreca Міяце.

А вось дваццаць другі экіпаж пасля хвалі замены пілотаў страціў яшчэ адну пазіцыю. Наперад выйшлі таксама дваццаць пяты каманды Algarve Pro Racing у складзе Маціаса Кайзэра, Олі Колдуэла і Александэра Ліна. Другую змену праводзіў Олі, і правёў яе выдатна, паспяхова атакаваўшы Міяту ў трэцім павароце і адабраўшы ў яго першую пазіцыю. Аднак у COOL Racing адыгралі страчанае на наступных піт-стопах, калі Якабсэн апынуўся наперадзе Ліна.

Змена Мальтэ праходзіла ўжо даволі спакойна – ён здолеў ад’ехаць на бяспечную адлегласць ад пераследнікаў, якія былі занятыя спаборніцтвам паміж сабой. Хэнлі ў апошнія трыццаць хвілін даволі хутка набліжаўся да Ліна, і калі тых хвілін заставалася ўсяго дзесяць і быў дадзены чарговы рэстарт пасля нейтралізацыі, супрацьстаянне дасягнула апагея. Хаця да абгона справа дайсці не паспела, і дваццаць другі экіпаж задаволіўся трэцім месцам, перасекшы фінішную лінію ўсяго ў 0,744 секунды ад дваццаць пятага. Ад якога трыццаць сёмы ў сваю чаргу адарваўся да таго моманту болей чым на шаснаццаць секунд і камфортна перамог.

З мінулага года ў ELMS у асобную катэгорыю LMP2 Pro/Am, дзейнымі чэмпіёнамі ў якой пераможцы гонкі ў абсалюце і з’яўляюцца, выдзеленыя экіпажы з так званымі бронзавымі пілотамі-аматарамі. Тэхніка тут абсалютна такая ж, як і ў звычайнай LMP2, хаця самі экіпажы ў асноўным (але не абавязкова) павольнейшыя за старэйшыя. У гэтым класе ў Берселоне перамогу атрымаў восемдзесят трэці каманды AF Corse ў складзе Франсуа Перадо, Мацьё Ваксів’ера і Алесіа Равэры, якім, як і пераможцам у LMP2, прыйшлося пабароцца з супернікамі.

Гонку франка-італьянскае трыа пачынала з пятай пазіцыі ў сваёй катэгорыі, аднак ужо на старце Перадо прарваўся на трэцюю. Праўда, потым страціў адну, калі атрымаў штрафны праезд па піт-лэйне за абгон пад жоўтымі сцягамі. Аднак затым у Proton Competition зацягнулася абслугоўванне іх семдзесят сёмай машыны, што дазволіла будучым пераможцам выйсці на трэцюю пазіцыю.

Ну а Равэра затым ужо непасродна на трасе ў спрэчцы за другую пазіцыю абагнаў Коліна Ноўбла з дваццаць чацвёртага экіпажа Nielsen Racing, за які таксама выступаюць Джон Фалб і Альберт Коста. Яны ў выніку занялі трэцяе месца, а наперадзе ў восемдзесят трэцяга экіпажа заставаўся яшчэ дваццаць дзявяты каманды Richard Mille by TDS, у якім выступаюць Радрыга Сэйлс, Маціас Бэш і Грэгуар Сасі. Абысці іх атрымалася падчас чарговай хвалі піт-стопаў, прадстаўнікі Richard Mille by TDS занялі ў выніку другое месца.

Перамогу ў малодшай катэгорыі прататыпаў LMP3 на першым этапе новага сезона адсвяткаваў восьмы экіпаж Team Virage у складзе Жульена Гербі, Бернадра Піньейра і Джыліана Хенрыона, якія стартавалі другімі. Аднак яшчэ ў самым пачатку гонкі Гербі абагнаў Мігеля Крыставана з сямнаццатага экіпажа COOL Racing, у якім таксама выступаюць Сэдрык Алтрамар і Мануэль Эспірыта-Санта і які заваяваў напярэдадні поўл.

Крыставан хутка прапусціў наперад яшчэ і адзінаццатую машыну каманды Eurointernational, за стырном якой у той момант знаходзіўся Мэцью Бэл, які дзеліць какпіт Ligier JS P320 з Адамам Алі. Але брытанцу з канадцам затым не хапіла тэмпу, каб утрымаць здабытую другую пазіцыю, і яны задаволіліся трэцім месцам. Крыставан, Алтрамар і Эспірыта-Санта занялі другое, не здолеўшы навязаць рэальную барацьбу Гербі, Піньейры і Хенрыону.

З чым мы развіталіся ў ELMS, як і ў WEC, дык гэта з катэгорыяй LMGTE, якую гоншчыкі любілі за, так бы мовіць, сапраўднасць. Машыны LMGT3 у гэтым сэнсе бліжэй да дарожных споткараў – у іх ёсць і ABS, і трэкшэн-кантроль. Таму некаторыя пілоты паспяшаліся перайсці ў іншыя катэгорыі, але шмат хто і застаўся, бо апошнім часам і ў LMGTE ўдзельнічалі пераважна аматары.

Хаця ў мяне дакладна язык не павернецца назваць аматарамі дзяўчат з восемдзесят пятага экіпажа каманды Iron Dames. Свой высокі статус Сара Баві, Рахель Фрэй і Мішэль Гацінг пацвердзілі і ў Барселоне, здабыўшы поўл у суботу. Дый у нядзелю іх ружовы Porsche 911 GT3 R LMGT3 узначальваў пелатон у сваёй катэгорыі цягам трох гадзін, пакуль чарга садзіцца за стырно не перайшла да Мішэль.

Змена датчанкі скончылася, ледзь пачаўшыся – на выездзе з піт-лэйна, выпусціўшы воблака дыму, машына замерла. Гацінг паспрабавала была крануцца з месца, але безвынікова. Першая пазіцыя, а потым і перамога пасля сходу жалезных дамаў, перайшла да пяцідзясятага экіпажа каманды Formula Racing, за які выступаюць Джоні і Конрад Лаўрсэны і Ніклас Нільсэн.

Конрад у сваю змену вывеў яго з калегамі Ferrari 296 LMGT3 на другую пазіцыю, абагнаўшы ў першым павароце шэсцьдзесят трэці Lamborghini Huracan LMGT3 Evo2 каманды Iron Lynx, на якім выступаюць Хірошы Хамагучы, Аксіль Джэфрыс і Андрэа Кальдарэлі. Баві, Фрэй і Гацінг на той момант мелі перавагу ўжо ў палову хвіліны, таму поспех Formula Racing стаў сапраўды нечаканым. Iron Lynx жа не здолелі ўтрымацца на другой пазіцыі і фінішавалі трэцімі, прапусціўшы яшчэ і восемдзесят шосты Ferrari каманды GR Racing пад кіраваннем Майкла Уэнрайта, Рыкарда Пэры і Давідэ Рыгона.

Становішча ў турнірных табліцах катэгорый ELMS супадае з вынікамі першай гонкі. COOL Racing з Флуксай, Якабсэнам і Міятай, маючы 25 ачкоў, лідзіруюць у LMP2. Algarve Pro Racing з Лінам, Кайзэрам і Колдуэлам, у якіх 18 балаў, другія, United Autosports з Хэнлі, Угранам і Сата на трэцяй пазіцыі, у іх 15 ачкоў. Такая ж колькасць балаў і ў першых тройках і іншых класаў.

У LMP2 Pro/Am лідзіруюць AF Corse з Равэрай, Перадо і Ваксів’ерам, Richard Mille by TDS з Сасі, Бэшам і Сэйлсам на другой пазіцыі, Nielsen Racing з Костай, Ноўблам і Фалбам займаюць трэцюю. Team Virage з Піньейрай, Хенрыонам і Гербі ўзначальваюць залік у LMP3, COOL Racing з Алтрамарам, Эспірыта-Сантай і Крыставанам ідуць следам, Eurointernational з Алі і Бэлам замыкаюць першую тройку. Нарэшце, у LMGT3 на першай пазіцыі Formula Racing з Лаўрсэнамі і Нільсэнам, другія GR Racing з Уэнрайтам, Пэрай і Рыгонам, на трэцяй пазіцыі Iron Lynx з Хамагучы, Джэфрысам і Кальдарэлі.

Другі этап Еўрапейскай серыі Ле Ман пройдзе 4-5 мая на трасе Поль Рыкар у французскім Ле Кастэле. Для вас жа працягне працаваць не толькі гэты блог, але і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja, дзе часам, на жаль, праскокваюць памылкі (пасля 4 гадзін Барселоны, збіты з панталыку афіцыйным сайтам, я запісаў у пераможцы LMP3 экіпаж Eurointernational). Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты