Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Прада і дэ Вольф наступаюць. Лідары чэмпіянату свету па мотакросе запісалі сабе ў актыў Гран Пры Іспаніі

Прада і дэ Вольф наступаюць. Лідары чэмпіянату свету па мотакросе запісалі сабе ў актыў Гран Пры Іспаніі

27 сакавіка, 18:26
Прада і дэ Вольф наступаюць. Лідары чэмпіянату свету па мотакросе запісалі сабе ў актыў Гран Пры Іспаніі

Фота: mxgp.com

У мінулыя выхадныя Мадрыд прымаў у сябе другі этап сусветнага мотакроса. Лідары гэтага сезона Хорхе Прада і Кай дэ Вольф правялі яго ўдала, але ўдала па-рознаму.

Стан MXGP на сёння ў нечым нагадвае Формулу 1. Прынамсі, такое ўражанне магло скласціся ў многіх пасля іспанскага этапу, асабліва калі казаць пра старэйшую катэгорыю чэмпіянату свету. У малодшай MX2 пры гэтым інтрыгі было больш, хаця вынік Гран Пры Іспаніі ў абодвух выпадках атрымаўся адным і тым жа.

Лідар сезона ў MX2 і пераможца першага этапу ў Аргенціне Кай дэ Вольф абазначыў свой намер яшчэ ў суботу, калі выйграў кваліфікацыйную гонку і паклаў у сваю скарбонку дадатковыя балы (якія, нагадаю, не ўлічваюцца пры падвядзенні вынікаў этапу). Бліснуў нідэрландзец з Nestaan Husqvarna Factory Racing і ў нядзелю, хаця тады ўжо прачнуліся і яго канкурэнты.

Напрыклад, на старце першай гонкі лідарства захапіў быў гоншчык Red Bull GASGAS Factory Racing Сімон Лангенфельдэр, тады як дэ Вольфу прыйшлося разбірацца з канкурэнтамі з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Рыкам Элзінгай і Цібольтам Беністанам. Аднак Кай паступова апярэдзіў і свайго суайчынніка, і француза (якія праз адсутнасць гоначнага тэмпу фінішавалі дзясятым і сёмым адпаведна), пусціўшыся ў пагоню за Лангенфельдэрам.

Немца лідар чэмпіянату ліхім манеўрам апярэдзіў прыкладна пасля дзвюх трацін хранаметруемай часткі гонкі. Да фінішу дэ Вольф здолеў нарасціць адрыў ад Лангенфельдэра болей чым да трох секунд, таму выйграў заезд пераканаўча. А вось Сімону прыйшлося панервавацца, бо ззаду на яго накочваў партнёр дэ Вольфа па камандзе Лукас Коэнэн, які, зрэшты, на дыстанцыю сапраўднай атакі выйсці ўсё ж не паспеў, задаволіўшыся трэцяй пазіцыяй.

Старт другой гонкі выйграў брат Лукаса Саша, які выступае за Red Bull KTM Factory Racing, следам за якім прыстроіліся яго партнёры па калектыве – дзейны чэмпіён Андрэа Адама і Ліам Эвертс. Што ж да дэ Вольфа, то яму ізноў прыйшлося разбірацца спачатку з Беністанам, і толькі потым з канкурэнтамі наперадзе. Прычым на гэты раз заезд складаўся для нідэрланца ўжо не так проста, як папярэдні.

Так, Кай вельмі хутка прарваўся да Сашы Коэнэна і перахапіў лідарства ў бельгійца, які потым яшчэ і памыліўся, страціўшы цэлы шэраг пазіцый. Але і ў дэ Вольфа адпачнуць не атрымалася, бо Адама аператыўна нагадаў, што чэмпіёнам ён стаў не выпадкова. Прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі ўжо італьянец пайшоў у атаку на канкурэнта з Хускварны і сам узначаліў заезд.

Праўда, і дэ Вольф не думаў здавацца і ціснуў на Адама да апошняга, але пайсці на яго ў атаку Каю перашкодзіла яго ўласная памылка, калі ён ледзь не паваліўся, страціўшы кантроль над пярэднім колам. На яго шчасце, ён утрымаўся і ў сядле свайго матацыкла, і на другой пазіцыі, хаця і падпусціў да сябе Лангенфельдэра, які ў выніку фінішаваў трэцім.

Затое па выніках Гран Пры Іспаніі дэ Вольф узняўся на вяршыню подыуму. Лангенфельдэр заняў другое месца, Адама – трэцяе. Замацаваўся Кай і на першай пазіцыі чэмпіянату, у якім ён мае ўжо 113 ачкоў. Лангенфельдэр з Адама і тут другі і трэці адпаведна, у іх 101 бал і 82. Сярод вытворцаў у MX2 са 114-цю ачкамі лідзіруе Husqvarna, GASGAS мае 101 бал і займае другую пазіцыю, KTM з 90-цю ачкамі замыкае першую тройку.

Хорхе Прада, дзейны чэмпіён і лідар бягучага сезона ў класе MXGP, свой хатні этап правёў наогул бездакорна. Заводскі гоншчык GASGAS выйграў і кваліфікацыйную гонку, і абедзве нядзельныя (традыцыйна для яго, са стартавымі хол-шотамі), прычым з вялікай перавагай, не пакінуўшы канкурэнтам аніводнага шанцу. Яшчэ тром чэмпіёнам, якія спрабавалі за ім угнацца, толькі і заставалася спрачацца за астатнія пазіцыі ў першай тройцы.

Найбольш удала гэтае змаганне прайшло для гоншчыка заводскай каманды Honda Ціма Гайсэра, які абодва разы фінішаваў другім. Мяняліся ў яго толькі непасродныя супернікі, і ў першай гонцы ім быў яго канкурэнт з Red Bull KTM Factory Racing Джэфры Херлінгс, якога ён апярэдзіў на другім кругу ў спрэчцы яшчэ за трэцюю пазіцыю. Ну а затым яны абодва пакінулі ззаду і прадстаўніка Monster Energy Yamaha Factory MXGP Максіма Рэно.

Гоншчык Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр у першым заездзе задаволіўся чацвёртай пазіцыяй, затое ў наступным яму ўдалася ад пачатку замацавацца на трэцяй. Гайсэр і быў недасягальным і для француза, хаця той пад канец гонкі быццам бы нават пачаў скарачаць адставанне. А да Рамэна ў сваю чаргу набліжаўся Херлінгс, хаця і тут да непасроднай барацьбы справа не дайшла, чацвёртым фінішаваў ужо Джэфры.

Прада, як няцяжка здагадацца, на радасць сваім балельшчыкам на трыбунах выйграў Гран Пры Іспаніі. Гайсэр заняў другое месца, Фэвр падняўся на ніжнюю ступень подыуму. У такім жа парадку яны ідуць і ў чэмпіянаце, займаючы тыя ж пазіцыі. Прада мае 114 ачкоў, Гайсэр – 104, Фэвр – 92. GASGAS са 114-цю баламі ўзначальвае залік вытворцаў, Хонда, якая займае другую пазіцыю, адстае на шэсць балаў, Kawasaki замыкае першую тройку і мае 94 ачкі.

Італьянскіх этапаў у сусветным мотакросе ў гэтым сезоне ізноў будзе некалькі, і наступны як раз такім і будзе. Гран Пры Сардыніі пройдзе на трасе Рыола Сарда 5-7 красавіка. Пра яго падзеі і пра ўсе важныя навіны сусветнага аўта- і мотаспорту паведамяць гэты блог і Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты