Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Сутыкненне чэмпіёнаў, драма апошняга круга, першы подыум Акосты і іншыя падзеі этапу MotoGP у Партугаліі

Сутыкненне чэмпіёнаў, драма апошняга круга, першы подыум Акосты і іншыя падзеі этапу MotoGP у Партугаліі

25 сакавіка, 16:01
Сутыкненне чэмпіёнаў, драма апошняга круга, першы подыум Акосты і іншыя падзеі этапу MotoGP у Партугаліі

Фота: motogp.com

У MotoGP няма патрэбы ў тым, каб у дзейнага чэмпіёна ўзнікалі праблемы, таму што ён іх знойдзе сабе і сам! Франчэска Баньяя па выніках Гран Пры Партугаліі мог калі не нарасціць, то хаця б проста ўтрымаць сваё лідарства ў чэмпіянаце, але замест гэтага нават выпаў з першай тройкі.

Хаця, калі ўжо на тое пайшло, то ўік-энд на трасе Альгарвэ ў Парцімане ні для каго з яго фаварытаў не прайшоў ідэальна. Напрыклад, напарнік Баньяі па Ducati Lenovo Team Энеа Басціаніні ў суботу выйграў поўл, аднак канвертаваць яго ў перамогу ні ў нядзельнай гонцы, ні ў суботнім спрынце так і не здолеў. У кароткім заездзе італьянец наогул фінішаваў толькі шостым, хаця і не па ўласнай віне.

Малады італьянец праз праблемы з сістэмай рэгулявання вышыні задняй падвескі ўжо на стаце спрынту адкаціўся на пятую пазіцыю. Лідарства ж, выдатна прарваўшыся якраз з пятай жа пазіцыі, захапіў гончшык Red Bull KTM Factory Racing Джэк Мілер. Праўда, ненадоўга, бо Баньяя, які з чацвёртай пазіцыі стартаваў лепей за Басціаніні, хутка перахапіў лідарства ў свайго былога напарніка.

І на другой пазіцыі аўстраліец прабыў нядоўга, бо ззаду накочваў па-ранейшаму хуткі Марк Маркес, які цяпер выступае за Gresini Racing MotoGP. Стартаваў іспанец восьмым, але таксама адразу адыграў шмат пазіцый і хутка распачаў спрэчку за другую са сваім суайчыннікам з Aprilia Racing Маверыкам Віньялесам. І спачатку верх у гэтай дуэлі ўзяў шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі, але затым ён памыліўся ў пятым павароце трасы, праехаў у ім занадта шырока і прапусціў Топ Гана.

Ну а дзесьці на сярэдзіне дыстанцыі чарга памыляцца дайшла і да Баньяі, які няўдала ўвайшоў у першы паварот, выехаўшы за межы трасы і адкаціўшыся на чацвёртую пазіцыю. І так атрымалася, што дзейны віцэ-чэмпіён з Prima Pramac Racing Хорхе Марцін, які раней апярэдзіў Маркеса і цяпер бароўся з Віньялесам, бароўся з ім не за другое месца, а за перамогу. Аднак і ён памыліўся за два кругі да фінішу, дазволіўшы не толькі адарвацца Віньялесу, які і перамог, але і абагнаць сябе ў пятым павароце Маркесу, задаволіўшыся ў выніку трэцім месцам.

Затое на наступны дзень Фартуна ўсміхнулася ўжо Марцінатару. Лідарства ён захапіў ужо на самым старце галоўнай гонкі і не саступаў яго да самага фінішу. Усе асноўныя падзеі разварочваліся ў яго за спінай, і бачыў іх Хорхе хіба што потым у запісу. Таму ўражлівы прарыў дэбютанта прэм’ер-класа з Red Bull GASGAS Tech3 Педра Акосты застаўся па-за яго ўвагай.

Малады іспанец пачынаў гонку з сёмай пазіцыі, але падчас нядзельнай гонкі аказаўся ці не самым хуткім яе ўдзельнікам. Дзеля справядлівасці, часам яму і супернікі дапамагалі сваімі памылкамі, аднак тым не менш Педра праводзіў выдатны заезд. У пэўны момант ён далучыўся да барацьбы Баньяі і Марка Маркеса за чацвёртую пазіцыю, актыўна ў ёй удзельнічаў, а за пяць кругоў да фінішу пакінуў абодвух чэмпіёнаў ззаду.

Маркес з Баньяяй працягнулі разбірацца паміж сабой. Марк быў ззаду, але ўвесь час шукаў прарэху ў абароне Пэка і за чатыры кругі быў знайшоў. Баньяя паспрабаваў абараніцца, перакрыжаваў траекторыі ў левым павароце, дзе двум матацыклам аказалася занадта цесна. Кантакт паміж байкамі іспанца і італьянца прывёў да падзення абодвух, але наступствы былі розныя. Франчэска хутка пасля гэтага інцыдэнту сышоў з дыстанцыі, а Марк гонку працягнуў і дабраўся да фінішу. Зрэшты, толькі шаснаццатым, таму ачкоў таксама не набраў.

Так што Акоста за сваю чацвёртую пазіцыю мог ужо не хвалявацца, аднак лёс узнагародзіў яго за талент нават мацней. Праўда, за кошт Віньялеса, які цягам усёй дыстанцыі трымаўся на другой пазіцыі паміж Марцінам і Басціаніні. На апошнім кругу на яго Aprilia RS-GP узніклі механічныя праблемы, іспанец запаволіўся на галоўнай прамой, выехаў за межы трасы ў першым павароце, а потым і наогул паваліўся.

Гэта аўтаматычна вывела наперад усіх яго пераследнікаў і дазволіла Басціаніні заняць другое месца, а Акосце – трэцяе. Марцін жа пераканаўча перамог і захапіў лідарства ў чэмпіянаце, дзе ў яго 60 ачкоў. Напарнік Мілера па KTM Брэд Біндэр, які ў спрынце патрапіў у аварыю і не пабачыў клецістага сцяга, а ў нядзелю фінішаваў чацвёртым, у турнірнай табліцы застаўся з 42-ма баламі другім. На трэцюю пазіцыю падняўся Басціаніні, які мае 39 ачкоў, на два апярэджваючы Баньяю, які ў сваю чаргу праваліўся разам на чацвёрты радок.

У камандным заліку, аднак, па-ранейшаму лідзіруюць, маючы 76 балаў, Ducati Lenovo Team. Prima Pramac Racing з 60-цю ачкамі ўжо на другой пазіцыі, яны на два балы апярэджваюць Red Bull KTM Factory Racing, якія цяпер замыкаюць першую тройку.

Сезон MotoGP працягнецца 12-14 красавіка на Трасе Амерык у Осціне, штат Тэхас. Мы ж працягнем сачыць за ўсім самым цікавым у сусветным гоначным спорце і будзем пісаць пра гэта ў тым ліку ў Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь! І з Днём Волі вас, сябры! Нашае змаганне за свабоду роднага краю яшчэ не прайгранае.

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты