Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Нішто не прадвесціла. Гран Пры Аўстраліі нечакана выйграў Карлас Сайнс, а Макс Ферстапен наогул не фінішаваў

Нішто не прадвесціла. Гран Пры Аўстраліі нечакана выйграў Карлас Сайнс, а Макс Ферстапен наогул не фінішаваў

24 сакавіка, 20:12
Нішто не прадвесціла. Гран Пры Аўстраліі нечакана выйграў Карлас Сайнс, а Макс Ферстапен наогул не фінішаваў

Фота: formula1.com

Ізноў гэта зрабіў менавіта ён! Іспанец, які праводзіць у складзе Ferrari апошні сезон, прынёс Скудэрыі пакуль што першую ў сезоне перамогу. Дый каманда ў цэлым наогул упершыню з Гран Пры Бахрэйна 2022 года стрэліла дуплетам – другое месца заняў Шарль Леклер. А трохразовы і дзейны чэмпіён свету Макс Ферстапен нават не пабачыў клецістага сцяга. Як так атрымалася і чаго чакаць далей?

Напачатку ўік-энду ў Мельбурне я ўжо рыхтаваўся пачынаць гэты артыкул з разбору найперш скандалаў, якіх у Формуле 1 апошнім часам стала замнога. То вяршынства ў Red Bull Racing Крысціана Хорнэра яўна камусьці надакучыць, і супраць яго пачнецца ўнутрыкамандная праверка, то главу FIA Мохамеда бен Сулаема западозраць у спробах ўплыву на вынікі мінулагодняга Гран Пры Саудаўскай Аравіі і на сертыфікацыю трасы ў Лас-Вэгасе з мэтай не пусціць яе ў каляндар (у абодвух выпадках прэзідэнта Федэрацыі апраўдалі).

То, нарэшце, глава Жаночай акадэміі Формулы 1 Сьюзі Вольф падасць у суд на FIA, бо тая летась яе абвінаваціла ў тым, што яна дзялілася карыснай інфармацыяй са сваім мужам Тота Вольфам, босам Mercedes. Скончылася тая гісторыя, фактычна, нават не пачаўшыся, бо прадстаўнікі ўсіх астатніх дзевяці каманд заявілі, што не маюць ні прэтэнзій да Сьюзі і Тота, ні якіх-небудзь боязяў адносна той сітуацыі. Але спадарыня Вольф засталася незадаволенай адсутнасцю рэакцыі з боку Федэрацыі на абмыльныя абвіначаванні на яе адрас, і цяпер жадае сатысфакцыі.

Але, на шчасце, пакуль што ў Формуле 1 застаецца месца і для ўласна спорту, і Гран Пры Аўстраліі акурат сёння гэта даказаў. Спачатку, аднак, дрэнныя навіны, хаця… Трэба разабрацца, ці насамрэч так усё дрэнна. Крыху скарэктую спачатку сваё ўласнае цверджанне, што выказаў у перадсезонным прэв’ю: у чэмпіянаце свету зараз ёсць не проста Red Bull і ўсе астатнія, а Макс Ферстапен і ўсе астатнія. Таму пакуль у нідэрландца ўсё ідзе па плане, астатнім няма на што разлічваць, затое калі ў яго пачынаюцца праблемы, то магчымымі робяцца самыя разнастайныя варыянты.

Усёведны Інтэрнэт кажа, што чалавечы апендыкс важыць каля шасці з паловай грамаў. Ну, калі ён здаровы, а не запалены, якім ён недарэчна стаў у пілота Ferrari Карласа Сайнса перад папярэднім этапам у Саудаўскай Аравіі, праз што іспанец фактычна прапусціў той уік-энд, дазволіўшы, аднак, бліснуць на сваім балідзе Оліверу Бэрману. Карласу прыйшлося класціся на аперацыйны стол і пазбаўляцца важнага для стрававальнай, эндакрыннай і імуннай сістэм органа, што ставіла пад пытанне і яго ўдзел у Гран Пры Аўстраліі.

Сайнс прыехаў у Мельбурн, але не адчуваў сябе гатовым да гонак на сто адсоткаў. Тым не менш ён узяў удзел ва ўсіх сесіях і ўвесь час быў паблізу ад лідараў, а ў кваліфікацыі дык наогул паказаў другі вынік, толькі Ферстапену і саступіўшы. Дый у сённяшняй гонцы нядоўга сядзеў у Макса за спінай, абышоўшы яго ўжо на другім кругу. Ёсць, канечне, важны нюанс – у трохразовага і дзейнага чэмпіёна ўсё пайшло не па плане з самага старту.

Тормаз на правым заднім коле яго баліда заблакаваўся, і калі непасродна старт нідэрландзец выйграў, то далей праблема толькі пагаршалася: машына заўважна запаволілася, тормаз пачаў дыміцца і нарэшце загарэўся, прымусіўшы пілота Red Bull сысці з дыстанцыі на чацвёртым кругу. Гэта, канечне, стала сенсацыяй і рабіла гонку цікавай саму па сабе, хаця перашкодзіць Сайнсу, які ў выніку ўпэўнена ўзначаліў пелатон, маглі памылкі яго ўласныя або каманднага мосціку Скудэрыі, што мы бачылі ў мінулыя гады шматразова.

Аднак гэтым разам стратэгі ў чырвоным спрацавалі добра, дый гонка праходзіла пераважна спакойна. Сход Льюіса Хэмілтана, які якраз Сайнса ў Ferrari ў наступным годзе і рыхтуецца замяніць, праз адмову на сямнаццатым кругу сілавой устаноўкі на яго цяперашнім Mercedes, хоць і выклікаў віртуальны аўтамабіль бяспекі, будучаму пераможцу не перашкодзіў – ён на тым самым кругу свой піт-стоп і правёў, і пасля рэстарту застаўся лідарам.

Удала выступіў і напарнік Карласа Шарль Леклер, які стартаваў чацвёртым. Манэгаск за кошт болей ранняга піт-стопу апярэдзіў канкурэнта з McLaren Ланда Норыса і пасля сходу Хэмілтана ішоў другім. І, як і Сайнс, ішоў упэўнена, дзякуючы чаму Ferrari нарэшце аформіла не проста перамогу, а дубль. Аварыя Джорджа Расэла падчас яго барацьбы з Фернанда Алонса на апошнім кругу хоць і выклікала яшчэ адзін віртуальны аўтамабіль бяспекі, на ход гонкі ў астатнім ужо не паўплывала, хіба што пакінула Mercedes наогул без ачкоў. Ну і двухразовага чэмпіёна з Aston Martin са штрафнымі 20-цю секундамі і трыма штрафнымі баламі ў ліцэнзіі – менавіта яго суддзі прызналі вінаватым у гэтым інцыдэнце.

Добрых слоў заслугоўваюць і пілоты McLaren, і не толькі Ланда Норыс, які ўтрымаўся на трэцяй пазіцыі да самага фінішу, але і Оскар Піастры, які фінішаваў следам. Але Гоншчыкам дня стаў усё ж такі Карлас Сайнс, які атрымаў перамогу, важную з гледзішча што спорту, што псіхалогіі. Па-першае, ён пераканаўся ў сваіх сілах, што нікуды не дзеліся разам з выдаленым апендыксам. Па-другое, іспанец яшчэ раз гучна нагадаў пра сябе сваім патэнцыйным працадаўцам, сярод якіх можа быць – чым чорт не жартуе? – і той жа Red Bull.

Бо проста нагадаю, што кантракт калектыву з Мілтан-Кінса з Серхіа Перэсам сканчаецца акурат у гэтым годзе, а Чэка пакуль што сваімі выступамі наўрад ці натхняе Крысціана Хорнэра з Хельмутам Марка. Так, у Мельбурне мексіканцу перашкодзіў штраф у тры пазіцыі за блакаванне падчас кваліфікацыі гоншчыка Haas Ніка Хюлькенберга, праз што Перэс пачынаў гонку не трэцім, а шостым. Але ж, калі б Ферстапен не сышоў і, напэўна, перамог бы, Серхіа шостым бы і фінішаваў, а так стаў пятым. Навязаць барацьбу ні Ferrari, ні McLaren ён так і не здолеў.

Таму так, у чэмпіянаце свету зараз ёсць Ферстапен і ўсе астатнія. І паколькі яго праблема ў Аўстраліі была, на самой справе, дробнай, а не нейкай глабальнай, каманда з ёй хутка разбярэцца і яна наўрад ці паўторыцца ў агляднай перспектыве. Хаця, магчыма, вылезуць яшчэ якія-небудзь, і тады мы пабачым і іншыя цікавыя гонкі.

Пакуль жа Макс застаецца лідарам чэмпіянату, хаця лідарства яго ўжо не такое ўражлівае – з 51-м ачком ён цяпер усяго чатыры саступае Леклеру, які апярэдзіў Перэса і падняўся на другую пазіцыю. Чэка Шарль апярэджвае на адзін бал. Сайнс пасля сваёй перамогі выбраўся на чацвёртую пазіцыю, у яго 40 ачкоў. Ferrari падцягнулася да Red Bull у Кубку канструктараў і мае там 93 ачкі, усяго на чатыры адстаючы ад аўстрыйскіх канкурэнтаў. Замыкае першую тройку, маючы 55 балаў, па-ранейшаму McLaren.

Напэўна, зусім іншую і, на жаль, хутчэй за ўсё, стандартную для бягучага сезона карціну мы пабачым 5-7 красавіка ў Сузуке, дзе будзе праходзіць Гран Пры Японіі. Аднак аўтаспорт і гонкі наогул адной Формулай 1, на шчасце, не абмяжоўваюцца, шмат цікавага да таго моманту адбудзецца і ў іншых гоначных серыях, таму заклікаю вас і чытаць гэты блог, і падпісвацца на Тэлеграм-канал не толькі нашых сяброў (Formuła Pieramohi | F1), але і на наш уласны (Honačnaja psichapatyja). Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты