Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Раванпэра адыграўся ў Афрыцы. Дзейны чэмпіён свету па ралі выйграў этап у Кеніі

Раванпэра адыграўся ў Афрыцы. Дзейны чэмпіён свету па ралі выйграў этап у Кеніі

2 красавіка, 17:25
Раванпэра адыграўся ў Афрыцы. Дзейны чэмпіён свету па ралі выйграў этап у Кеніі

Сафары Ралі вярнулася ў каляндар WRC у 2021 годзе, і з тых часоў выйгравалі яе толькі гоншчыкі Таёты – Себасцьен Аж’е і Кале Раванпэра. Летась у Кеніі перамог васьміразовы чэмпіён, а сёлета – двухразовы і дзейны.

Малады фін у гэтым годзе не спрабуе абараніць тытул, выступаючы па скарочанай праграме толькі на асобных этапах. Аднак гэта зусім не значыць, што на гэтых этапах ён не збіраецца змагацца за вяршыні подыумаў. І калі ў снежнай Швецыі месяц таму Кале не пашанцавала, то ўжо грунтовыя дарогі Кеніі яму скарыліся.

Поспех Раванпэры, зрэшты, быў абумоўлены праблемамі лідараў чэмпіянату – Hyundai і Цьеры Нэвіля. Калекцыянаваць непрыемнасці паўднёвакарэйскі калектыў пачаў ужо з пятніцы. Па-першае, Нэвіль, мусіў быў выязджаць на допы першым і чысціць трасу для супернікаў. На першым глядацкім суперспэшле ў чацвер гэта яшчэ не надта запаволіла бельгійца, а вось у пятніцу ён ужо пачаў заўважна саступаць канкурэнтам.

Па-другое, Цьеры злавіў пракол ужо на трэцім спецучастку, што натуральна не дадало яму хуткасці. І, нарэшце, па-трэцяе, ужо ў суботу, калі ў яго яшчэ захоўваліся мінімальныя шанцы на перамогу, зніклі і яны, калі на адзінаццатым спецучатку на яго Hyundai i20 N узніклі праблемы з паліўнай сістэмай, праз што Нэвіль нават на подыум перастаў прэтэндаваць.

Яго калегам па калектыве не пашанцавала яшчэ ў пятніцу. Спачатку Эсапека Лапі ўдзень сутыкнуўся з праблемамі з трансмісіяй, а От Цянак пад вечар, памыліўшыся ў адным з левых паваротаў шостага спецучастку, развараціў пярэднюю падвеску свайго аўтамабіля. Пры гэтым эстонец да сваёй непрыемнасці трымаўся на другой пазіцыі і ў прынцыпе не так і шмат саступаў Раванпэры, які на той момант ужо лідзіраваў у гонцы.

Партнёры Кале па Таёце Элфін Эванс і Такамота Катсута хоць і не маглі скласці яму канкурэнцыю па тэмпе, але ўсё ж такі былі дастаткова хуткімі, каб заняць па выніках патніцы другую і трэцюю пазіцыі адпаведна. Субота ж прынесла абодвум выпрабаванні ў выглядзе праколаў, якія больш каштавалі валійцу – ён ужо на ранішнім восьмым допе страціў ажно дзве хвіліны. Японцу пашанцавала больш, ён застаўся ў першай тройцы, і хоць і моцна саступаў Нэвілю, усё роўна апынуўся наперадзе, калі Цьеры падвяла яго машына.

У прынцыпе, лёс ралі ў суботы і вырашыўся. Раванпэра лідзіраваў з запасам перад Катсутай болей чым у дзве хвіліны, Така ў сваю чаргу амаль на дзве з паловай хвіліны апярэджваў канкурэнта з M-Sport Ford Адрыена Фурмо, які ціхай сапай выбраўся на трэцюю пазіцыю, прытым што таксама не пазбег пракола. Перашкодзіць усім траім у апошні спаборніцкі дзень маглі хіба што нейкія форс-мажоры, але кожны з гоншчыкаў іх у нядзелю пазбег, захаваўшы свае пазіцыі да самага фінішу.

А вось Нэвілю не пашанцавала і ў нядзелю – ён зламаў падвеску свайго аўтамабіля аб вялікі валун, якіх на трасе валялася шмат. Так што пятае месца Цьеры пасля ўсяго выглядала не такім ужо і правалам, тым больш што ў чэмпіянаце ён не проста захаваў лідарства, а нават крыху адарваўся ад Эванса, які ў сваю чаргу застаўся другім. У іх цяпер 67 і 61 ачко адпаведна, а Фурмо пасля свайго другога запар подыуму з 46-цю баламі замацаваўся на трэцяй пазіцыі. Яго каманда M-Sport трэцяя ў сваім заліку, але, маючы 72 балы, за лідарства не змагаецца. Займаюцца гэтым Toyota, у якой 131 бал і першая пазіцыя, і Hyundai, якая адстае на чатыры ачкі.

З малодшых катэгорый чэмпіянату свету ў Кеніі была прадстаўленая толькі WRC2. Пераканаўчую перамогу тут атрымаў Гас Грынсміт, якому нават застуда не перашкодзіла захапіць лідарства з самага пачатку. Дзеля справядлівасці, праўда, брытанец пазбег праколаў, тады як яго галоўны канкурэнт Олівер Сольберг, які выступае на такой жа, як у яго Škoda Fabia RS Rally2, назбіраў іх цэлую калекцыю, заняўшы, аднак, другое месца. Трэцяе дасталася паляку Каетану Каетанавічу, які таксама выступае на Шкодзе.

Наступным этапам WRC стане Ралі Харватыя, якое пройдзе 18-21 красавіка, і гэта будзе першая паўнасцю асфальтавая гонка ў сезоне. Шмат цікавага адбудзецца і да яе, бліжэйшыя ўік-энды будуць насычанымі падзеямі, пра якія раскажа не толькі гэты блог, але і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты