Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Надзейны ар’ергард. Эсапека Лапі выйграў Ралі Швецыя, на якім галоўным гоншчыкам Hyundai не пашанцавала

Надзейны ар’ергард. Эсапека Лапі выйграў Ралі Швецыя, на якім галоўным гоншчыкам Hyundai не пашанцавала

Надзейны ар’ергард. Эсапека Лапі выйграў Ралі Швецыя, на якім галоўным гоншчыкам Hyundai не пашанцавала

Фота: wrc.com

Насамрэч, фін у мінулы ўік-энд выйшаў нават у авангард, бо ён не толькі перахапіў сцяг сваёй каманды ў крытычны момант, але і вытрываў у няпростай барацьбе з моцнымі супернікамі. Хаця перамог у выніку даволі лёгка.

Гэта ў сярэдняй еўрапейскай паласе зіма пакрысе саступае свае правы вясне, а вось на поўначы Старога Свету яна пакуль што пануе. І ў наваколлях шведскага Умэа, дзе ў мінулы ўік-энд размяшчалася штаб-кватэра другога этапу чэмпіянату свету па ралі, зараз сапраўдная снежная казка. Праўда, некаторыя ўдзельнікі WRC наўрад ці былі ўзрадаваныя гэтым хараством прыроды.

Гаворка найперш пра лідара чэмпіянату Цьеры Нэвіля, які пару тыдняў таму перамог на Ралі Монтэ-Карла. Яму ў першыя два дні (першы суперспэшл прайшоў яшчэ ў чацвер) выпаў гонар адкрываць допы і, адпаведна, працаваць снегапрыбіральнікам. Да гэтага дадаліся праблемы з рухавіком яго Hyundai i20 N у пятніцу (ціск у паліўнай сістэме быў недастатковы), спазненне на старт шостага спецучастка, атрыманне за гэта штрафу ў 40 секунд, што азначала канчатковае растанне з шанцамі на хоць які-небудзь поспех.

Варта адзначыць, праўда, што адыграўся бельгіец у выніку нядрэнна, прарваўшыся з чатырнаццатай пазіцыі пасля таго ж шостага допа на выніковае чацвёртае. Хаця фаварыты, канечне, усё роўна былі далёка. Дакладней, не фаварыты, а фаварыт. Дзеля справядлівасці, у самым пачатку ралі прэтэндэнтаў на перамогу ўсё ж такі было некалькі, і ў іх кола ўваходзіў і пакуль што дзейны чэмпіён Кале Раванпэра. Фін, як і яго суайчыннік з Hyundai Эсапека Лапі, у гэтым годзе выступае па скарочанай праграме і стартуе толькі на асобных этапах, і шведскі этап ён пачаў вельмі нядрэнна.

Кале захапіў лідарства ў чацвер і заставаўся на першай пазіцыі да трэцяга спецучастка ў пятніцу раніцай. Але на чацвёртым яму не пашанцавала – нос яго Toyota GR Yaris сустрэўся са снежным брустверам, у выніку чаго на машыне быў пашкоджаны радыятар, праз што Раванпэра сышоў з дыстанцыі. На тым жа спецучастку, дарэчы, не пашанцавала і чэмпіёну 2019 года Оту Цянаку, які таксама не пазбег кантакту са снежнай сцяной і дапусціў разварот, пашкодзіўшы і свай аўтамабіль. Эстонец з Hyundai адкаціўся быў далёка назад, на пяцьдзесят трэцюю пазіцыю, а фінішаваў у выніку на сорак першым месцы.

Лідарства пасля няўдачы Раванпэры перайшло да яго партнёра па Таёце… не, не Элфіна Эванса, якому бракавала хуткасці, а часам і месца на трасе (валіец таксама дапусціў разварот на сёмым спецучастку), а Такамота Катсуты. Японец нечакана ўпэўнена спачуваўся на снежных допах, і толькі Лапі і мог скласці яму канкурэнцыю.

Яны распачалі шчыльную дуэль, якая ў пятніцу прамежкава завяршылася на карысць фіна, які вырваў у свайго канкурэнта з Таёты лідарства. Аднак перавага Эсапекі складала ўсяго 3,2 секунды, таму субота абяцала быць надзвычай цікавай. На жаль, пабыла яна такой толькі да другога спецучастку дня і дзясятага па ліку, на якім з трасы ў снежную пастку вылецеў Катсута. Сіл Такамота і яго штурмана Аарана Джонстана было недастаткова, каб вярнуць машыну на трасу, і іх экіпаж сышоў з дыстанцыі.

Пасля сходу японца Лапі стаў ужо аднаасобным лідарам. Бліжэйшы супернік, якім быў на той момант гоншчык каманды M-Sport Ford Адрыен Фурмо, адставаў ад яго больш чым на паўтары хвіліны, што дазваляла Эсапеке расслабіцца і не імчаць з усяе сілы. Таму амаль два дні, што засталіся, фін проста кантраляваў адрыў ад канкурэнтаў і нават дазволіў ім часткова адыграцца, хаця ўсё роўна перамог з вялікай перавагай амаль у палову хвіліны, але не перад Фурмо, а перад Эвансам, які абагнаў француза ў нядзелю раніца і заняў другое месца. Хаця для Адрыена і трэцяе стала выдатным вынікам – подыум ужо ў другой гонцы ў вышэйшай катэгорыі каштуе дорага.

Нэвіль пасля Ралі Швецыя з 48-мю баламі захаваў лідарства ў чэмпіянаце, але Эванс, які падняўся на другую пазіцыю, сур’ёзна наблізіўся да бельгійца і саступае яму ўсяго тры ачкі. Фурмо, у якога 29 балаў, замыкае першую тройку. Як і яго каманда ў адпаведным заліку, дзе яна мае 47 ачкоў, на сорак адстаючы ад Таёты і Hyundai, у якіх роўная колькасць балаў. Карэйская каманда дзякуючы дзвюм перамогам захапіла лідарства.

У Швецыі былі прадстаўленыя і ўсе тры малодшыя катэгорыі чэмпіянату свету па ралі. У WRC2 перамогу на хатнім этапе атрымаў сын Петэра Сольберга Олівер. 22-гадовы хлопец на Škoda Fabia RS Rally2 быў хуткім з самага старту гонкі, а пятніцу скончыў ажно на трэцяй пазіцыі абсалюту. Затым ён чакана прапусціў наперад прадстаўнікоў галоўнай катэгорыі на гібрыдных монстрах, аднак лідарства ў сваёй захаваў і бліскуча правёў наступныя дні.

Фіна Самі Паяры, які выступае на новай Toyota GR Yaris Rally2 і які заняў другое месца, Олівер апярэдзіў болей чым на хвіліну. Трэцім фінішаваў яшчэ адзін гоншчык на Ярысе – эстонец Георг Лінамяэ. Дарэчы, уся першая тройка WRC2 у абсалютным заліку заняла месцы з пятага па сёмае.

Залікі WRC3 і юніорскага чэмпіянату свету традыцыйна аб’ядноўваюцца, тым больш што тэхніка і там, і там аднолькавая – Ford Fiesta Rally3. Некаторыя ўдзельнікі, праўда, часам заяўляюцца толькі ў нейкую адну катэгорыю, але тройка прызёраў шведскага этапу ў абодвух выпадках аднолькавая.

Перамогу тут атрымаў дзейны чэмпіён юніорскага еўрапейскага ралійнага пяршынства –18-гадовы Міле Йохансан, для якога гэтая гонка таксама стала хатняй. Як і Сольберг у WRC2, ралі ён правёў у дамінуючым стылі, без малога на хвіліну апярэдзіўшы эстонца Ромэта Юргенсана, які заняў другое месца. Трэцім стаў ірландзец Іман Кэлі.

З зімы чэмпіянат свету па ралі накіроўваецца туды, дзе ўвесь год лета – у Афрыку, дзе 28-31 сакавіка пройдзе наступны этап, Ралі Кенія. Да таго моманту сусветныя гонкі канчаткова прачнуцца пасля сваіх міжсезонняў, таму шмат будзе і публікацый у гэтым блогу, і ў Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты