Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Даеш разнастайнасць! На подыум Гран Пры Амерык MotoGP падняліся прадстаўнікі не розных не толькі каманд, але і вытворцаў

Даеш разнастайнасць! На подыум Гран Пры Амерык MotoGP падняліся прадстаўнікі не розных не толькі каманд, але і вытворцаў

15 красавіка, 17:06
Даеш разнастайнасць! На подыум Гран Пры Амерык MotoGP падняліся прадстаўнікі не розных не толькі каманд, але і вытворцаў

Фота: motogp.com

Чэмпіянат свету MotoGP у апошнія гады стаў выставай дасягненняў Ducati, прычым не толькі заводскай каманды, але і сатэлітных, і не толькі з матацыкламі апошніх спецыфікацый. Але ў тэхаскім Осціне, які ў мінулы ўік-энд прымаў Гран Пры Амерык, бліснулі і гоншчыкі на іншай тэхніцы.

Траса Амерык, якая і прымала заакіянскі этап, у гэтым годзе сустрэла ўдзельнікаў чэмпіянату свету новым асфальтам, што было важна для гоншчыкаў. Але для самога MotoGP важнейшай была навіна аб новым уладальніку. 1 красавіка стала вядома, што каля 86% акцый кампаніі Dorna Sports, якая раней і валодала чэмпіянатамі MotoGP і WSBK, набылі уладальнікі Формулы 1 – Liberty Media. За Dorna пры гэтым засталося каля 14% у бізнэсе.

Як новая мятла будзе месці, пакажа час, але я пакуль што не падзяляю скептыцызм адносна будучыні MotoGP і сусветнага Супербайка. У выпадку з Формулай 1 Liberty Media проста дастаўся ад пачатку складаны актыў з мноствам праблем, якіх шашыйна-кальцавыя мотагонкі ў сілу розных абставінаў пазбаўленыя. Таму яны і сталі такімі прывабнымі для медыякарпарацыі, з якой нават аўтамабільныя Вялікія Прызы пры ўсіх іх хібах спачуваюцца сёння нядрэнна.

І Гран Пры Амерык ясна гэта адлюстраваў. У ЗША любяць шоў, і гледачы на трыбунах трасы ў Осціне яго атрымалі, хоць і не зусім у такім выглядзе, у якім хацелі б. Гэта не віна гоншчыка заводскай Апрыліі Маверыка Віньялеса – ён-та якраз зрабіў усё для таго, каб публіка засталася задаволенай. Спачатку Топ Ган выйграў поўл, а потым выразна абазначыў свой намер перамагчы і на старце суботняга спрынту, калі захаваў лідарства.

Увага да іспанца была прыцягнутая яшчэ і таму, што акурат за ім на рашотцы размясціліся яго суайчыннікі: дэбютант гэтага сезона з Red Bull GASGAS Tech3 і зорка папярэдняга Гран Пры Партугаліі Педра Акоста і шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі Марк Маркес, які змяніў заводскую Хонду на Gresini Racing з кліенцкімі Ducati Desmosedici GP23. Старт у яго прайшоў лепей за Акосту, і ў першым павароце ён яго апярэдзіў.

Каму не пашанцавала, дык гэта дзейнаму чэмпіёну з заводскай Ducati Lenovo Team Франчэска Баньяі. Італьянец на старце дапусціў невялічкае «вілі», страціўшы разгонны імпульс і адкаціўшыся з чацвёртай пазіцыі ў канец першай дзясяткі. Адыграўся Пэка толькі часткова, скончыўшы спрынт восьмым.

Што ж да групы лідараў спрынту, то тут усё было адносна спакойна – Віньялес пакрысе адрываўся ад Маркеса і Акосты, якія высвятлялі адносіны паміж сабой. На апошніх кругах Педра паспрабаваў атакаваць Марка, але той паспяхова контратакаваў, а Акоста прапусціў яшчэ і лідара чэмпіянату з Prima Pramac Racing Хорхе Марціна, які трэцім і фінішаваў. Маркес заняў другое месца, а Віньялес адсвяткаваў перамогу, хаця пакуль што не ў Гран Пры.

Галоўныя падзеі разварочваліся, зразумела, у нядзелю, і разварочваліся ўжо зусім іншым чынам. Прынамсі, на старце, які праваліў ужо Віньялес, адкаціўшыся на дзявятую пазіцыю. Баньяя ж наадварот, утрымаўся ў галаве пелатона, хаця менавіта за лідарства не біўся. Гэтым на першым кругу былі занятыя Акоста і Марцін, прычым Хорхе, які выдатна стартаваў, у пэўны момант вырваўся на першую пазіцыю, а Педра адкаціўся на чацвёртую.

Новым пераследнікам Марцінатара стаў Марк Маркес, які імкнуўся атрымаць і восьмую перамогу на Трасе Амерык, чаго і прагнулі заўзятары на трыбунах. На сярэдзіне дыстанцыі здавалася, што ў яго атрымаецца, бо ён абагнаў канкурэнта з Pramac ліхім манеўрам, што дазволіла яшчэ і Акосце вырвацца на другую пазіцыю. Але затым у першым павароце Марк дапусціў крыўдную памылку і паваліўся, на чым гонка для яго скончылася.

А вось Віньялес пасля няўдачы на старце імкліва адыгрываўся, і пасля сходу Маркеса літаральна за пару кругоў абагнаў спачатку Марціна, а потым і Акосту. Апошняму хуткасці, каб угнацца за Маверыкам, не хапіла, але і другое месца, якое ён у выніку заняў, стала для яго выдатным дасягненнем, тым больш што Марцін у сваю чаргу не мог угнацца за ім. Насупраць, Хорхе на апошніх кругах прапусціў наперад напарніка Баньяі Энеа Басціаніні, задаволіўшыся толькі чацвёртым месцам.

Побач Марцін і Басціаніні цяпер апынуліся і ў чэмпіянаце, дзе іспанец лідзіруе з 80-цю ачкамі, а італьянец мае 59 і ідзе другім. Ён сам на тры балы апярэджвае Віньялеса, які пасля сваёй бліскучай перамогі выбраўся на трэцюю пазіцыю. А вось Баньяя, які ў нядзелю фінішаваў пятым, на пяты ж радок у турнірнай табліцы і праваліўся, у яго 50 балаў. Хаця Ducati Lenovo Team усё роўна па-ранейшаму лідзіруе сярод каманд, маючы 109 ачкоў. Aprilia Racing з 95-цю баламі на другой пазіцыі, Prima Pramac Racing, у якой 80 ачкоў, замыкае першую тройку.

Наступным этапам MotoGP стане Гран Пры Іспаніі, які пройдзе 26-28 красавіка на трасе імя Анхеля Ніета ў Херэсе. Нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja абавязкова распавядуць пра ўсё важнае і цікавае і на ім, і ў сусветных гонках наогул. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты