Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Першыя трывожныя званочкі для Прада і дэ Вольфа на мотакросавым Гран Пры Трэнціна

Першыя трывожныя званочкі для Прада і дэ Вольфа на мотакросавым Гран Пры Трэнціна

16 красавіка, 18:21
Першыя трывожныя званочкі для Прада і дэ Вольфа на мотакросавым Гран Пры Трэнціна

Абсалютна непераможных няма нават у Формуле 1, а чэмпіянат свету па мотакросе наогул застаецца вельмі канкурэнтным. Гэта і прадэманстраваў яго чацвёрты этап, які ў мінулыя выхадныя прайшоў у італьянскай П’етрамураце.

Канечне, дзейны чэмпіён і лідар гэтага сезона ў старэйшай катэгорыі MXGP Хорхе Прада ўсе тры папярэднія Гран Пры выйграў практычна ў адні вароты. Аднак ужо ў Трэнціна канкурэнты нагадалі яму, што ён на трасе не адзін, а лідар сярод прадстаўнікоў малодшага класа MX2 Кай дэ Вольф і так заўсёды пра гэта памятаў.

Кваліфікацыйную гонку нідэрландзец з Nestaan Husqvarna Factory Racing правёў не ідэальна, фінішаваўшы ў ёй шостым. Выйграў яе дзейны чэмпіён – прадстаўнік Red Bull KTM Factory Racing Андрэа Адама, але бліснуць і ў нядзелю ў яго не атрымалася, італьянец задаволіўся толькі сёмай і шостай пазіцыямі ў першай і другой гонках адпаведна.

Партнёр Адама па камандзе Саша Коэнэн таксама імкнуўся падтрымаць рэнамэ KTM і нават выйграў хол-шот у першым нядзельным заездзе. Першую пазіцыю бельгіец утрымліваў да пятага круга, калі нарэшце прапусціў наперад дэ Вольфа, які да гэтага ліха абышоў канкурэнта з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Цібольта Беністана.

Француз на старце апынуўся быў на другой пазіцыі, а на трэцяй пасля атакі дэ Вольфа прабыў да дванаццатага круга, калі нарэшце ў сваю чаргу апярэдзіў Сашу Коэнэна. Той адразу патрапіў пад агонь атакі з боку Адама, які быў хутчэй і ў пэўны момант нават выйшаў наперад, але амаль адразу памыліўся, зачапіўшы бруствер на выхадзе з аднаго з правых паваротаў, і адкаціўся на восьмую пазіцыю.

Адну Андрэа адыграць усё ж такі ўдалася – ён здолеў абагнаць канкурэнта з Red Bull GASGAS Factory Racing Сімона Лангенфельдэра. Але гэта ўсё роўна не тое, чаго дзейны чэмпіён чакаў пасля поспеху ў суботу. Дый у Сашы Коэнэна не атрымалася ўтрымаць трэцюю пазіцыю да фінішу, але ўжо праз праблемы з байкам. Дарэчы, няўдача насцігла і яго брата Лукаса, напарніка дэ Вольфа, які праз траўмаванае плячо фінішаваў толькі дзясятым, не надта палепшыўшы вынік і ў другой гонцы, у якой ён фінішаваў усяго на адну пазіцыю вышэй.

Трэцім у выніку стаў яшчэ адзін завадчанін KTM Ліам Эвертс. Што ж да дэ Вольфа, то ён першую гонку выйграў, а Беністан у ёй фінішаваў другім. Толькі развіць поспехі ў наступным заездзе ні ў каго з іх не атрымалася, але па розных прычынах. Французу проста не хапіла хуткасці для першай тройкі, і ён задаволіўся чацвёртай пазіцыяй, а вось нідэрландзец паўдзельнічаў у масавым завале ў першым павароце на самым старце.

Выніковая восьмая пазіцыя пасля такога выглядае зусім нядрэнна, хаця з марамі пра выніковую перамогу ў Гран Пры Каю ўсё роўна прыйшлося расстацца. Не прэтэндаваў на яе, зрэшты, і Лангенфельдэр, які яшчэ на старце захапіў першую пазіцыю і нікому яе не саступіў да самага фінішу. Пра яе, напэўна, пачаў марыць партнёр Беністана па камандзе Андрэа Бонакорсі, які адразу вырваўся на другую пазіцыю. Але навічку катэгорыі прыйшлося ў асноўным абараняцца ад атак з боку Эвертса, што ў яго добра атрымлівалася амаль усю першую палову дыстанцыі. Бельгійца Андрэа ў выніку прапусціў, задаволіўшыся трэцяй пазіцыяй, што ўсё роўна стала для яго выдатным дасягненнем.

Эвертс жа, фінішаваўшы другім, выйграў і Гран Пры Трэнціна. Беністан заняў другое месца, трэцім стаў Лангенфельдэр, а дэ Вольф скончыў этап чацвёртым. Хаця ў чэмпіянаце Кай захаваў даволі камфортнае лідарства – у яго 213 ачкоў супраць 187-мі ў Лангенфельдэра, які застаецце другім. Беністан выбраўся на трэцюю пазіцыю, але са 148-мю баламі ён усяго на адзін апярэджвае Лукаса Коэнэна. Husqvarna па-ранейшаму лідзіруе ў заліку вытворцаў у MX2, маючы 217 балаў, GASGAS на другой пазіцыі са 189-цю, што ўсяго на шэсць болей, чым у KTM, які замыкае першую тройку.

Нешанцаваннем не лепшы вынік дэ Вольфа тлумачыцца, аднак, толькі часткова, і гэта ж тычыцца і Хорхе Прада. Іспанец з заводскай каманды GASGAS толькі сямнаццатым скончыў кваліфікацыйную гонку ў суботу, аднак не па сваёй віне – ад яго матацыкла адвалілася сядло, праз што дзейнаму чэмпіёну і лідару сезона спатрэбіўся піт-стоп. А вось у першым нядзельным заездзе Хорхе не хапіла хуткасці.

Хол-шот ён традыцыйна выйграў, але канкурэнт з Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр, які і выйграў кваліфікацыйную гонку, адразу ўвязаўся ззаду і далёка іспанца не адпускаў, а на сёмым кругу падлавіў яго на памылцы і наогул абагнаў! А там яшчэ і завадчанін Хонды Цім Гайсэр накочваў, і ўсяго двума кругамі пазней уладальніка чырвонай таблічкі пакінуў ззаду і славенец.

Прада фінішаваў у выніку трэцім, Гайсэр – другім, а Фэвр выйграў першую гонку. І мог бы выйграць і другую, таму што на яе старце француз ізноў павіснуў на заднім коле ў Прада, які ізноў стаў аўтарам хол-шота. Неўзабаве паміж імі зноў завязалася дуэль, але яна скончылася ўжо на шостым кругу, калі Рамэн дапусціў памылку і паваліўся, задаволіўшыся толькі пятай пазіцыяй.

Таму другую гонку Прада выйграў, як і Гран Пры Трэнціна. Заводскі гоншчык Ямахі Кальвін Вландэрэн, які ўвесь час трымаўся за Фэврам, фінішаваў другім, а замкнуў першую тройку на фінішы Джэрэмі Сівер, напарнік Фэвра. Які, аднак, здолеў заняць на этапе другое месца, бо Гайсэр у другой гонцы фінішаваў чацвёртым і падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

Адпаведна, Прада і ў чэмпіянаце па-ранейшаму лідзіруе, маючы 219 ачкоў. Гайсэр, аднак, ідучы другім, адстае ад Хорхе не катастрафічна – у яго 206 балаў. Фэвр, у якога 174 ачкі, здолеў падняцца на трэцюю пазіцыю. GASGAS першы сярод вытворцаў з 219-цю баламі, але Honda, якая займае другую пазіцыю, адстае ўсяго на дзевяць. Kawasaki застаецца на трэцім радку і мае 187 ачкоў.

Наступным этапам MXGP стане Гран Пры Партугаліі, які пройдзе ў Агуэдзе 4-5 мая. За ім і за ўсімі астатнімі гонкамі акрамя гэтага блога працягвае сачыць таксама Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja, да якога я запрашаю дадучацца. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты