Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Супярэчлівы Электрапрыз Токіа. Пяты этап Формулы Е не пераўзыйшоў чаканні ад яго

Супярэчлівы Электрапрыз Токіа. Пяты этап Формулы Е не пераўзыйшоў чаканні ад яго

30 сакавіка, 14:14
Супярэчлівы Электрапрыз Токіа. Пяты этап Формулы Е не пераўзыйшоў чаканні ад яго

Фота: Formula E

У гэтыя выхадныя Формула Е ўпершыню наведала сталіцу Японіі з гонкай, якая прайшла на трасе даўжынёй 2 585 метраў. Аднак яе канфігурацыя, як аказалася, не надта спрыяе абгонам, хаця без шчыльнай барацьбы ўсё ж такі не абышлося.

Папярэдні этап электраформульнага чэмпіянату свету ў Сан-Паўлу быў настолькі яскравым, што непазбежна зацямніў нават некаторыя з тых, што яшчэ толькі маюць адбыцца. Японскі, што праходзіў акурат учора і сёння, на яго фоне атрымаўся зусім ужо не натхняльным, хаця і правальным яго назваць нельга.

Па-першае, пераможца тут выявіўся ўсё ж такі не ў кваліфікацыі. Выйграў яе пілот Nissan Олівер Роўланд. Брытанец потым захаваў лідарства і на старце, адбіўшы на ўваходзе ў першы паварот атаку з боку канкурэнта з Mahindra Racing Эдоарда Мартара, які пачынаў заезд трэцім і адразу пакінуў ззаду гоншчыка Maserati MSG Racing Максіміліана Гюнтэра.

Немец адразу патрапіў пад прэсінг з боку яшчэ і дзейнага чэмпіёна з Andretti Джэйка Дэніса, які да гэтага апярэдзіў прадстаўніка ERT Серхіа Сэтэ Камару. Але пасля гэтага пэўнае напружанне хоць і захавалася, але не перарасло ў нешта большае. Гонка стабілізавалася, лідары наведваць зону актывацыі рэжыму атакі не спяшаліся і захоўвалі свае пазіцыі.

Першым па дадатковыя кілаваты прыкладна пасля траціны дыстанцыі адправіўся якраз Роўланд, які па-ранейшаму лідзіраваў. Яму ўдалася захаваць першую пазіцыю, але Гюнтэр, які раней паспеў пакінуць Мартару ззаду і вярнуць сабе другую пазіцыю, канечне, наблізіўся да яго. І нават на некаторы час сам вырваўся ў лідары, калі Олівер актываваў рэжым атакі ў другі раз і з атрыманым «бустам» абагнаў Максі.

Сітуацыя ў гонцы ізноў стала стабільнай, хаця і ізноў жа напружанай. А на васямнаццатым кругу адзін з фаварытаў чэмпіянату Мітчэл Эванс даў усім магчымасць выдыхнуць. Пілот Jaguar TCS Racing пашкодзіў пярэдняе антыкрыло свайго баліда ў барацьбе з канкурэнтам з Envision Racing Робінам Фрайнсам. На трасе ў выніку гэтага інцыдэнту засталіся адломкі, і гонка была нейтралізаваная машынай бяспекі.

Не змянілася сітуацыя ў групе лідараў і пасля рэстарту на дваццаць другім кругу: Роўлэнд застаўся на першай пазіцыі, Гюнтэр трымаўся блізка ад яго. А праз тры кругі немец даволі нечакана, без нейкага заўважнага супраціву з боку брытанца выйшаў наперад. Верагодна, адыграла сваю негатыўную ролю папярэдняе лідзіраванне Олівера, расход энергіі ў якога праз гэта ўзрос. І цяпер ён, відаць, спрабаваў эканоміць зарад, трымаючыся ў паветраным мяшку за канкурэнтам з Maserati.

Той, аднак, здолеў адарвацца ад брытанца дастаткова, каб у апошні раз актываваць рэжым атакі без страты лідарства, што дазволіліа яму нарасціць тэмп. Роўланд жа на трыццаць трэцім кругу, першым з двух дададзеных у кампенсацыю за перыяд пэйс-кара, ледзь не прапусціў наперад яшчэ і чэмпіёна 2020 года з TAG Heuer Porsche Антоніу Фелікса да Кошту, які апярэдзіў Мартару, калі той адправіўся на апошнюю актывацыю рэжыму атакі. Аднак Олівер адбіўся, ды так жорстка, што ледзь не накіраваў партугальца ў адобйнік, праз што той прапусціў наперад Дэніса.

Роўланд жа паспяшаўся за Гюнтэрам і навязаў яму барацьбу на апошнім кругу. Ён некалькі разоў атакаваў Максіміліана, але месца для завяршэння манеўра яму кожны раз не хапала, дый апанент абараняўся пісьменна. І ў выніку перамог, а Олівер задаволіўся другім месцам. Дэніс так і фінішаваў трэцім. Герой гонкі ў Сан-Паўлу Сэм Бёрд гэтым разам замкнуў пратакол, фінішаўшы дзевятнаццатым. Пілот NEOM McLaren і кваліфікаваўся няўдала – толькі дваццаць другім.

Карацей, такой ужо нуднай гонка Формулы Е ў Токіа не была, хаця, напэўна, магла б быць і больш насычанай падзеямі. Затое яна стала пятай у сезоне з пятым пераможцам. Выйграць дзве пакуль што не атрымалася ні ў каго, што станоўча адбілася на становішчы ў чэмпіянаце.

Лідзіруе ў ім, як гэта ні дзіўна, напарнік да Кошты Паскаль Верляйн, які фінішаваў сёння пятым. Ён мае 63 ачкі, усяго на два, зрэшты, апярэджваючы канкурэнта з Jaguar Ніка Кэсідзі, які скончыў такійскую гонку толькі восьмым. Роўланд жа падняўся на трэцюю пазіцыю, у яго 54 балы. Нягледзячы на няпростыя апошнія этапы, Jaguar, маючы 100 ачкоў, утрымліваецца на першай пазіцыі сярод каманд. Прычым Porsche са сваімі 83-ма баламі адстае даволі моцна і ўжо бачыць ззаду Andretti, якія цяпер трэція з 70-цю ачкамі.

Два наступныя этапы Формулы Е будуць спаранымі – іх на трасе Мізана пройдзе два, 13 і 14 красавіка. Стацыянарная траса імя Марка Сіманчэлі таксама будзе новым месцам для Электрычных Прызоў, таму ў нас ёсць мінімальныя падставы чакаць цікавых гонак на ёй. Цікавыя гоначныя навіны (як і ўласна гонкі) мы да гэтага таксама пабачым, пра іх вы зможаце даведацца праз Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты