Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Адраджэнне BMW і Разгатліоглу, а таксама Баўцісты на этапе сусветнага Супербайка ў Барселоне

Адраджэнне BMW і Разгатліоглу, а таксама Баўцісты на этапе сусветнага Супербайка ў Барселоне

28 сакавіка, 14:48
Адраджэнне BMW і Разгатліоглу, а таксама Баўцісты на этапе сусветнага Супербайка ў Барселоне

Фота: worldsbk.com

Другі этап чэмпіянату свету па Супербайку, які ў мінулы ўік-энд прайшоў на трасе ў Барселоне, нагадаў пра залатыя часы гэтай серыі. А заадно даў надзею на тое, што гэтыя часы нарэшце вярнуліся.

Адраджэнне дзейнага чэмпіёна? Але ж мы памятаем, што першы этап на Філіп-Айлэндзе для Альвара Баўцісты выдаўся складаным. Што, аднак, зусім не дэматывавала гоншчыка Aruba.it Racing-Ducati, і ўжо ў Каталоніі ён паспрабаваў вярнуць сабе ініцыятыву. І не толькі ён.

Папярэднія два гады ў заводскай Ямахе для чэмпіёна 2021 года Топрака Разгатліоглу былі складанымі, што было абумоўлена ў тым ліку спадам каманды. Цяпер чарга мучыцца перайшла да Джонатана Рэя, які пасля мінулага сезона даволі нечакана перайшоў у Pata Prometeon Yamaha з Kawasaki Racing Team WorldSBK, а вось турак, здаецца, выцягнуў шчаслівы білет.

Таксама заводскі калектыў ROKiT BMW Motorrad WorldSBK Team у апошнія гады таксама не бліскаў і фаварытам сусветнага Супербайка не быў. Аднак у гэтым сезоне яго форма яўна палепшылася, і пад Разгатліоглу байк M 1000 RR паехаў яўна хутчэй. І ў Барселоне Топрак і поўл заваяваў, і пераможнае шэсце аднавіў. Прычым пашанцавала яму і ў суботняй гонцы, і ў ранішнім Суперпоўл-спрынце ў нядзелю.

Хаця ў першым выпадку пасаліраваць на першай пазіцыі паспелі і іншыя яго супернікі, у тым ліку гоншчык ELF Marc VDS Racing Team Сэм Лоўс, які выдатна стартаваў з другога шэрагу і ўзначаліў пелатон на першым кругу. Але канвертаваць хуткасць свайго Ducati Panigale V4R у годны вынік на фінішы ў брытанца не атрымалася – ён хутка страціў кантроль над пярэднім колам матацыкла ў левай шпільцы і злавіў лоўсайд.

Лідарам пасля гэтага стаў, аднак, не Разгатліоглу, а таленавіты і хуткі дэбютант з заводскай Ducati Нікола Булега, зорка першага этапу. Тэмп у яго быў і ў суботняй гонцы ў Барселоне, праўда, толькі ў першай яе частцы. Пасля ж малады італьянец пачаў пакрысе саступаць канкурэнту з BMW і прапусціў яго ў самым пачатку апошняга круга, задаволіўшыся ў выніку другім месцам. А трэцім даволі нечакана фінішаваў яго двойчы тытулаваны напарнік.

Баўціста ў гоначных умовах на хатняй трасе наогул адчуваў сябе нібы рыба ў вадзе. Падкрэслю, праўда, што менавіта ў гоначных, бо ў кваліфікацыі Альвара паказаў толькі адзінаццаты вынік, а потым яшчэ і страціў тры пазіцыі за занадта павольную язду па гоначнай траекторыі. Затое ў гонцы стрымаць яго не мог ніхто з тых, да каго ён паспеў дабрацца.

Самым жа яскравым заездам барселонскага ўік-энду WSBK стаў, напэўна, нядзельны Суперпоўл-спрынт. Лідарства на яго старце захапіў гоншчык Team GoEleven Андрэа Іанонэ, потым яго ў дзявятым павароце абагнаў Сэм Лоўс, якога на другім кругу паспрабаваў быў абысці Булега, але Сэм паспяхова контратакаваў у трэцім павароце, хаця праз пару паваротаў ўсё ж такі вываліўся з групы лідараў.

Барацьба ж за лідарства пайшла паміж Разгатліоглу, Іанонэ, братам Сэма Алексам, які па-ранейшаму выступае за заводскую Kawasaki, а таксама Булегай. Пераможцам у гэтай бойцы стаў Топрак, які быў вярнуў сабе лідарства, але на той момант гэтая перамога была яшчэ прамежкавай, бо ззаду накочваў такі ж хуткі, як і днём раней, Баўціста.

На сёмым кругу, за тры круга да фінішу, іспанец ужо біўся за подыум. Першая яго атака на Іанонэ, праўда, не прайшла – Андрэа контратакаваў і абагнаў яшчэ і Булегу, які затым памыліўся і прапусціў таксама і Баўцісту. Але з другой спробы Альвара пакінуў ззаду канкурэнта з Team GoEleven, а потым пайшоў у атаку і на Разгатліоглу, абагнаўшы і яго і захапіўшы лідарства.

Але і Топрак не здаўся і насядаў на Баўцісту да апошняга павароту апошняга круга, у якім неверагодным рыўком абышоў канкурэнта з Ducati! Гэты манеўр нагадаў усім пра аналагічны ў выкананні Валянціна Росі ў 2009 годзе, калі ён у тым жа месцы абагнаў Хорхе Ларэнца падчас гонкі MotoGP. Баўціста ж пры гэтым прапусціў яшчэ і Іанонэ, задаволіўшыся толькі трэцім месцам. Хаця бліснуць перад хатнімі трыбунамі ў яго нарэшце атрымалася ў другой гонцы.

Стартавы парадак у ёй, нагадаю, якраз ранішні спрынт і вызначае (таму ён і завецца Superpole Race), таму задача для Бау была спрошчаная, і лідарства ён захапіў ужо на старце. Хаця свае планы на першую пазіцыю былі і ў Булегі, які спачатку забароўся быў з Іанонэ, а ў самым пачатку трэцяга круга ў першым павароце пакінуў ззаду і Баўцісту, прычым адразу адарваўся ад яго на 0,7 секунды.

Але доўга падтрымліваць такі высокі тэмп дэбютант не здолеў, і прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі ў тым жа першым павароце Баўціста вярнуў лідарства сабе. Булега паспрабаваў утрымацца за напарнікам, але пакрысе адпусціў яго на дзве секунды. Але хоць другую пазіцыю да фінішу ўтрымаў і прынёс камандзе дубль. Разгатліоглу гэтым разам фінішаваў трэцім.

Нікола ж можа быць задаволены хаця б тым, што ў чэмпіянаце з 87-мю ачкамі цяпер лідзіруе менавіта ён. Баўціста ў сваю чаргу паднўся на другую пазіцыю і мае 75 балаў – столькі ж, колькі і Алекс Лоўс, які замыкае першую тройку. У чатырох ачках ад яго з іспанцам ззаду Разгатліоглу. Залік вытворцаў, маючы 105 балаў, узначальвае па-ранейшаму Ducati, а на другую пазіцыю выбралася BMW, у якой 79 балаў, на чатыры болей, чым у Kawasaki, якая апусцілася на трэці радок.

Як я адзначаў яшчэ ў аглядзе аўстралійскага этапу сусветнага Супербайка, усе наступныя пройдуць у Еўропе, а наступны – 19-21 красавіка ў нідэрландскім Асэне. Спадзяемся, заезды выйдуць такімі ж захапляльнымі, які мы бачылі і ў Барселоне, магчыма, парадуюць нас і астатнія гоначныя серыі, пра навіны якіх будзе паведамляць таксама Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты