Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Не толькі авалы. Джозэф Ньюгардэн пачаў новы сезон IndyCar з перамогі на вулічнай трасе ў Сэнт-Пітэрсбэргу

Не толькі авалы. Джозэф Ньюгардэн пачаў новы сезон IndyCar з перамогі на вулічнай трасе ў Сэнт-Пітэрсбэргу

14 сакавіка, 14:29
Не толькі авалы. Джозэф Ньюгардэн пачаў новы сезон IndyCar з перамогі на вулічнай трасе ў Сэнт-Пітэрсбэргу

Фота: indycar.com

У мінулыя выхадныя ў Сэнт-Пітэрсбэргу, што ў штаце Флорыда, пачаўся новы сезон амерыканскай формульнай серыі IndyCar. Там яе двухразовы чэмпіён з каманды Team Penske Джозэф Ньюгардэн яшчэ раз даказаў, што перамагаць ён умее не толькі на авалах.

Гарадскія трасы для IndyCar наогул вельмі тыповыя, хаця тую, што прымала першы этап новага сезону можна лічыць, хутчэй, паўгарадской, бо яе галоўная прамая знаходзіцца на ўзлётна-пасадачнай паласе мясцовага аэрапорта. Наўрад ці гэты 1,8-мільны (2,9-кіламетровы) трэк можна назваць простым, але Ньюгардэн даказаў, што ведае падыход і да яго, хоць і лічыцца каралём авальных трас. Якія, зрэшты, простымі могуць паказацца толькі тым, хто бачыць іх упершыню.

Шлях да поспеху пілот Team Penske адкрыў сабе па выніках кваліфікацыі, у якой заваяваў поўл. Гонку ён пачынаў на асноўным жорсткім тыпе шын, але здолеў адбіць атакі з боку канкурэнта з Meyer Shank Racing Фелікса Розэнквіста, які стартаваў на альтэрнатыўнай мяккай гуме. А вось прадстаўнік Andretti Global w/ Curb-Agajanian Колтан Херта на такіх жа шынах здолеў абагнаць у спрэчцы за трэцюю пазіцыю Патрысіа О’Ворда з Arrow McLaren, які першы адрэзак праводзіў якраз на жорсткім камплекце.

Аднак у IndyCar, як і ў Формуле 1, многае вырашае не толькі хуткасць, але і стратэгія, што таксама прадэманстравалі ў Penske. Ньюгардэн жа ў сваю чаргу нагадаў, што і ад гоншчыка ў амерыканскай серыі залежыць нямала. Пасля першага піт-стопу, які праз аварыю пілота Chip Ganassi Racing Маркуса Армстранга на дваццаць шостым кругу ў дзясятым павароце прайшоў пад жоўтымі сцягамі, Джозэф страціў быў лідарства праз таўханіну на піт-лэйне. Наперад выйшлі і Розэнквіст, і Херта, які захапіў першую пазіцыю.

Але тут перавага па шынах была ўжо ў Ньюгардэна, які хутка пасля рэстарту на трыццаць першым кругу абагнаў спачатку Колтана і неўзабаве пачаў насядаць на Фелікса. Першую атаку амерыканца ў чацвёртым павароце на трыццаць другім кругу швед адбіў, але на наступным кругу ў першым павароце ўсё ж прапусціў канкурэнта з Penske. А следам яго абагнаў і О’Ворд, на чыім балідзе таксама стаялі шыны мяккага кампаўнду.

Пасля гэтага сітуацыя ў галаве пелатону больш ці менш стабілізавалася: Ньюгардэн паступова адрываўся ад О’Ворда, які ў сваю чаргу кантраляваў адрыў ад Розэнквіста. А вось у Фелікса становішча было не такое спакойнае, бо ззаду на яго насядаў партнёр Ньюгардэна па камандзе Скот МакЛафлін. Стартаваў новазеландзец толькі дзявятым, але яшчэ на старце прарваўся на шостую пазіцыю, а дзякуючы ўдалай тактыцы прэтэндаваў і на подыум.

І заваяваў яго, дзякуючы ў тым ліку мяккім шынам на фінальным адрэзку, пасля двух на жорсткіх. Толькі калі Скоці Мак атакаваў Розэнквіста ў дзясятым павароце на шэсцьдзесят сёмым кругу, то адваяваў у яго чацвёртую пазіцыю. Трэцім у той момант ішоў Херта, але ён сам дапамог МакЛафліну, дапусціўгы некалькімі кругамі пазней слізгаценне ў трэцім павароце. Гэта дазволіла Скоту наблізіцца да яго і абагнаць у дзясятым павароце, каб потым фінішаваць трэцім. Херта ж страціў і яшчэ адну пазіцыю, апынуўшыся ў выніку на пятай паміж двума двухразовымі чэмпіёнамі – Уілам Паўэрам з Penske і дзейным з Chip Ganassi Racing Алексам Палоў, якія фінішавалі чацвёртым і шостым адпаведна. Розэнквіст адкаціўся на сёмае месца.

Ньюгардэн жа пасля першага этапу лідзіруе ў чэмпіянаце, маючы 54 ачкі. О’Ворд другі, у яго 40 балаў, на пяць болей, чым у МакЛафліна. І гэтае становішча не памяняецца пасля наступнай гонкі, якая пройдзе на трохмільнай (4,82-кіламетровай) трасе еўрапейскага тыпу The Thermal Club на поўдні Каліфорніі 24 сакавіка. Гэта будзе, не паўнавартасны этап, а тэлевізійнае гоначнае шоў, па выніках якога ачкі разыгрывацца не будуць. А вось адзін мільён долараў – будзе, і атрымае яго пераможца. Менавіта ж наступны этап прыме 19-23 красавіка гарадская 1,968-мільная (3,17-кіламетровая) траса ў Лонг-Біч. Пра ўсё самае важнае, што да гэтага адбудзецца ў гоначным свеце, напіша гэты блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты