Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Лідары на маршы. Хорхе Прада і Кай дэ Вольф працягнулі перамагаць і на мотакросавым Гран Пры Сардыніі

Лідары на маршы. Хорхе Прада і Кай дэ Вольф працягнулі перамагаць і на мотакросавым Гран Пры Сардыніі

9 красавіка, 16:16
Лідары на маршы. Хорхе Прада і Кай дэ Вольф працягнулі перамагаць і на мотакросавым Гран Пры Сардыніі

Фота: mxgp.com

Пасля трэцяга этапу ў чэмпіянаце свету па мотакросе ўжо вызначыліся яўныя лідары ў абедзвюх катэгорыях. На трасе Рыола Сарда ім у мінулы ўік-энд было аднолькава цяжка, хаця справіўся кожны па-рознаму.

Трэк на Сардыніі добра знаёмы многім удзельнікам чэмпіянату свету, але гэтым разам праз неверагодную спякоту цяжка на ім прыйшлося ўсім. Тым больш што яго купіны нікуды не дзеліся, і нагрузкі на гоншчыцкія арганізмы хіба толькі ўзраслі.

Адным з першых гэта адчуў на сабе лідар сезону ў малодшай катэгорыі MX2 Кай дэ Вольф. У суботу нідэрландзец з Nestaan Husqvarna Factory Racing выйграў кваліфікацыйную гонку і павінен быў выйграць першую ў нядзелю, але штосьці ў яго пайшло не так.

Лідарства на старце тады быў захапіў яго канкурэнт з Red Bull KTM Factory Racing Саша Коэнэн, але дэ Вольф перахапіў у яго першую пазіцыю ў пачакту трэцяга круга. І калі Саша пасля гэтага пачаў адкочвацца назад, каб у выніку фінішаваць толькі трынаццатым, яго брат-блізнятка Лукас, які з’яўляецца сукаманднікам дэ Вольфа, наадварот, парываўся наперад.

Неўзабаве Лукас павіснуў на хвасце ўжо ў Кая, і калі той на трынаццатым кругу памыліўся на выхадзе з павароту перад прамой з боксамі, бельгіец апярэдзіў яго. У дэ Вольфа не атрымалася не толькі контратакаваць, але і падтрымліваць тэмп партнёра па камандзе, і на фінішы, хоць і застаўшыся другім, ён саступіў яму без малога палову хвіліны.

Пашанцавала Каю і ў тым, што астатнія супернікі не маглі скласці канкурэнцыі яму. Што, канечне, не зняцэньвае старанняў гоншчыка Monster Energy Triumph Racing Камдэна МакЛелана, які атрымаў адмашку клецістым сцягам трэцім – выдатны вынік паўднваафрыканца.

Ну а дэ Вольф адыграўся ў другой гонцы. Хол-шот у ёй ізноў выйграў Саша Коэнэн, але і тут ён затрымаўся на першай пазіцыі ненадоўга, хаця фінішаваў лепей, чым у першым заездзе – шостым. Лідарства перайшло да дэ Вольфа ўжо на першым кругу, калі ён адным махам апярэдзіў адразу некалькіх супернікаў. Пасля Каю заставалася проста кантраляваць сітуацыю і, па магчымасці, не памыляцца.

Апошняе было нават больш важным, бо ззаду ізноў накочваў Лукас Коэнэн, які ў сваю чаргу хутка прарваўся на другую пазіцыю. Ён пакрысе набліжаўся да дэ Вольфа, але замест выхаду на дыстанцыю атакі сам памыліўся, упаў і на некаторы час прапусціў наперад прадстаўніка Red Bull GASGAS Factory Racing Сімона Лангенфельдэра. Праўда, Лукасу да фінішу ўдалася вярнуць сабе другую пазіцыю, а немец задаволіўся трэцім.

У нядзельных гонках дэ Вольф набрал у выніку роўную з Лукасам колькасць балаў, але за кошт перамогі ў другім заездзе ўсё ж такі атрымаў перамогу на Гран Пры Сардыніі. Коэнэн заняў другое месца, а на ніжнюю ступень подыуму ўзышоў МакЛелан, які ў другой гонцы фінішаваў пятым.

Адначасова дэ Вольф замацаваўся на першай пазіцыі чэмпіянату – у яго 170 ачкоў супраць 141-го ў Лангенфельдэра, які застаецца другім. Лукас Коэнэн са 124-ма баламі цяпер замыкае першую тройку. Husqvarna, маючы 174 ачкі, узначальвае залік вытворцаў у MX2, GASGAS са 141-м балам на другой пазіцыі, KTM адстае на дзесяць ачкоў і займае трэці радок.

Першая тройка на фінішы абедзвюх гонак старэйшай катэгорыі MXGP выглядала аднолькава, хаця самі гонкі прайшлі па-рознаму. Канечне, спякота і выбоіны даставілі гоншчыкаў праблем і тут, і дзейны чэмпіён з заводскай каманды GASGAS Хорхе Прада выключэннем не стаў. Што ўсё роўна не перашкодзіла яму атрымаць дзве перамогі.

Іспанец напярэдадні выйграў і кваліфікацыйны заезд, а ў першым нядзельным на першым жа кругу вырваў лідарства ў аўтара хол-шоту Джэрэмі Сівера, які з гэтага году выступае за Kawasaki Racing Team. Швейцарац пасля гэтага губляў пазіцыю за пазіцыяй, фінішаваўшы толькі на адзінаццатай, а іспанец выйглядаў расслабленым на першай, хаця пасля фінішу яго стома была заўважная.

Аднак у заводскага гоншчыка Хонды Ціма Гайсэра ўгнацца за Хорхе не надта атрымалася – ён пасля выхаду на другую пазіцыю ў пачатку гонкі так на ёй і застаўся, саступіўшы Прада на фінішы больш за пяць секунд. Аднак і да сябе іншых супернікаў на адлегласць атакі не падпусціў, і завадчанін KTM Джэфры Херлінгс пасля ня лепшага старту хоць і прарваўся на трэцюю пазіцыю, нават ад славенца адстаў болей чым на палову хвіліны.

Ну а другую гонку Прада ўжо і пачаў хол-шотам, і ўтрымліваўся на першай пазіцыі да самага фінішу. Праўда, у пэўны момант да яго даволі блізка падабраўся Херлінгс, але нідэрландцу не пашанцавала ў павольным левым павароце, дзе ён няўдала ўткнуўся ў купіну пярэднім колам і паваліўся.

На шчасце, траўм Джэфры не атрымаў, але другую пазіцыю аддаў Гайсэру. Які на апошнім кругу сам не ўтрымаўся на двух колах! Хаця яму запасу для захавання другой пазіцыі хапіла. Першая тройка па выніках Гран Пры ў MXGP выглядала гэтак жа, як і ў гонках: Прада перамог, Гайсэр заняў другое месца, Херлінгс – трэцяе.

Прада, вядома, лідзіруе і ў чэмпіянаце, маючы 174 ачкі. Гайсэр з Херлінгсам і тут другі і трэці адпаведна – у іх 157 і 125 балаў. GASGAS з тымі ж 174-ма ачкамі лідзіруе сярод вытворцаў, Honda, у якой 161 бал, другая, Kawasaki замыкае першую тройку са 132-ма ачкамі.

Пасля этапу на Сардыніі чэмпіянат свету па мотакросе застаецца ў Італіі, але перабіраецца на трасу П’етрамурата, дзе ўжо ў бліжэйшыя выхадныя пройдзе Гран Пры Трэнціна. Гран Пры ўласна Італіі ў гэтым годзе таксама будзе, але ён завершыць сезон у канцы верасня, дзе менавіта, пакуль невядома. І за мотакросам, і за ўсім самым цікавым у сусветных гонках працягвае сачыць не толькі гэты блог, але і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты