Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Галавакружэнне не толькі ад поспехаў на Электрычных Прызах Мізана

Галавакружэнне не толькі ад поспехаў на Электрычных Прызах Мізана

15 красавіка, 00:48
Галавакружэнне не толькі ад поспехаў на Электрычных Прызах Мізана

Фота: Formula E

Шосты і сёмы этапы Формулы Е учора і сёння адпаведна прымала стацыянарная траса імя Марка Сіманчэлі ў італьянскім Мізана. Сваімі шматлікімі падзеямі яна запомніцца надоўга, хаця некаторыя ўдзельнікі гонак пра некаторыя падзеі якраз, напэўна, хацелі б забыцца.

Гонкі на сапраўдных аўтадромах – гэта для электрычнай Формулы і добра, і не. Добра, таму што гэта нешта новае і свежае ў параўнанні са стандартнымі цеснымі часовымі гарадскімі трасамі. Гоначныя баліды на іх выглядаюць арганічна, тут можна смялей атакаваць і трымаць больш высокі тэмп. Хаця апошняе адначасова ёсць і мінусам – ад павышанага расходу энергіі нікуды не дзенешся.

Гэта можна было б паспрабаваць вырашыць піт-стопамі для падзарадкі батарэй, і акурат на этапах Мізана такі фармат заездаў планавалася апробаваць упершыню. Аднак у апошні момант арганізатары чамусьці адмовіліся ад такога кроку, на мой погляд, лагічнага на стацыянарных трасах. У рэшце рэшт, гонкі тады можна было б праводзіць на поўным варыянце трасы, а так яе ўсё ж такі мадыфікавалі для Формулы Е, скараціўшы з 4 064 да 3 381 метра і дадаўшы пару вузкіх шыкан. Аднак у цэлым характар аўтадрома застаўся такім жа хуткасным па мерках электрычнага чэмпіянату свету. Не меней важна, што вузкай трасу зрабілі ўсяго ў пары месцаў, пакінуўшы астатнія віражы і прамыя шырокімі, што давала безліч магчымасцей для атак і абгонаў, якіх мы безліч жа і пабачылі і ўчора, і сёння.

Суботнюю гонку з поўлу пачынаў пілот Jaguar TCS Racing Мітчэл Эванс, але яго шанцы на перамогу, на думку віртуальнага праказальніка Формулы Е, не дасягалі і трыццаці адсоткаў. Як паказала далейшае развіццё падзей, гэты Настрадамус меў рацыю. Некалькі першых кругоў Мітч лідарам пабыў, паспяхова абараніўшыся на старце ад канкурэнта з DS Penske Жана-Эрыка Верня, які дзяліў з ім першы шэраг, але на пятым прапусціў француза наперад.

Прызнаюся, я перад стартам чакаў, што ўдзельнікі гонкі будуць вясці сябе стрымана, эканоміць энергію ў батарэях. Але замест гэтага яны актыўна атакавалі адзін аднаго, у тым ліку за кошт выкарыстання рэжыму атакі, для актывацыі якога наведвалі адмысловую зону ў дванаццатым павароце. Гэтым, як і заўсёды, тлумачылася значная частка перастановак у пелатоне, хаця хапала і рэальных абгонаў.

Дзеля справядлівасці, праўда, тактычныя хітрыкі ўсё ж мелі месца. Лідар гонкі Формулы Е заўсёды знаходзіцца ў меней выгадным становішчы ў параўнанні з канкурэнтамі, што апынаюцца ў паветраных мяшках за ім і адзін за адным. Таму той жа герой этапу ў Сан-Паўлу з каманды NEOM McLaren Сэм Бёрд нядоўга утрымліваў першую пазіцыю, захапіўшы яе. Аб чым пашкадаваў, калі потым у таўханіне атрымаў пракол задняй шыны, праз які страціў шанцы на хоць які-небудзь прыстойны вынік.

Зрэшты, прэтэндэнтаў на перамогу хапала і без яго, і галоўным на апошніх кругах быў пілот Tag Heuer Porsche Антоніу Фелікс да Кошта. На чэмпіёна 2020 года ззаду насядаў канкурэнт з Nissan Олівер Роўланд, аднак партугалец здолеў давесці справу да перамогі. Якой Антоніу Фелікс радаваўся ўсяго некалькі гадзін, праз якія быў дыскваліфікаваны. Тэхнічная інспекцыя выявіла, што спружына амартызатара дроселя на яго балідзе была старога ўзору, і цяперашняму рэгламенту не адпавядала.

Так што пераможцам першай з гонак у Мізана стаў Роўланд. Другое месца заняў пілот Andretti і дзейны чэмпіён Формулы Е Джэйк Дэніс, а трэцяе – пераможца папярэдняга этапу ў Токіа Максіміліан Гюнтэр з Maserati MSG Racing. Камусьці з іх пашанцавала і ў нядзелю, а камусьці наступны дзень прынёс боль і расчараванне.

У другі спіс патрапіў і Вернь, які суботнюю гонку скончыў шостым. Нядзельную француз таксама пачынаў другім, і на старце ізноў не здолеў з наскоку апярэдзіць уладальніка поўлу – на гэты раз напарніка Бёрда Джэйка Х’юза. А цягам гонкі Жан-Эрык наогул адкаціўся на сёмае месца, на якім і фінішаваў. Антоніу Феліксу да Кошце пашанцавала яшчэ меней – падчас гераічнага прарыву з апошняй пазіцыі, з якой ён стратаваў праз няўдачу ў кваліфікацыі, пілот Porsche пашкодзіў пярэдняе антыкрыло свайго баліда і да фінішу дабраўся сямнаццатым і апошнім.

Як і днём раней, гоншчыкі ўжо на першых кругах пачалі актываваць рэжым атакі, якім можна было карыстацца смялей: дыстанцыя гонкі была на два кругі меншай, чым днём раней – дваццаць шэсць кругоў замест дваццаці васьмі. Адпаведна, пачаліся і актыўныя перастаноўкі ў пелатоне, дый першая пазіцыя ўвесь час мяняла ўладальніка, бо ўсё ж такі мала хто хацеў граць ролю своеасаблівага аэрадынамічнага спойлера.

Прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі яна была адведзеная Роўланду, на якога ззаду насядаў пераможца першага этапу ў Мехіка і напарнік да Кошты Паскаль Верляйн. Немец паправіў сваё становішча пасля не самага лепшага старту, на якім страціў быў дзве пазіцыі, перамясціўшыся з трэцяй на пятую, і цяпер па-сапраўднаму прэтэндаваў на перамогу. Хаця брытанец быў усё ж крыху хутчэйшым, і пад канец гонкі Паскаль апярэдзіў яго зусім ненадоўга – Олівер аператыўна контратакаваў і вярнуў сабе лідарства.

Але ў папярэдняй барацьбе Роўланд зрасходваў зашмат энергіі, якой яму не хапіла для таго, каб наогул фінішаваць – ён спыніўся на трасе і сышоў з дыстанцыі. Верляйн у выніку перамог, і першым у сезоне зрабіў гэта двойчы, другое месца заняў ізноў заняў Дэніс, а трэцім фінішаваў напарнік Мітча Эванса і пераможца другой гонкі ў Ад-Дырыі Нік Кэсідзі.

Нядзельны поспех Верляйна дазволіў яму вярнуць страчанае было лідарства ў чэмпіянаце. Праўда, з Дэнісам, які падняўся на другую пазіцыю, у яго роўная колькасць балаў – па 89. Роўланд застаўся трэцім і адстае ад іх на дзевяць ачкоў. Лідарства ў камандным заліку па-ранейшаму за Jaguar, у якога 128 ачкоў. Andretti са 112-цю баламі выбраліся на другую пазіцыю, Porsche апусціліся на трэцюю, у іх 109 ачкоў.

Сезон Формулы Е працягнецца 27 красавіка адзіным этапам у Манака. Пра ўсё важнае, што адбудзецца на ім і перад ім, распавядзе і гэты блог, і яго Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты