Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Накапленне зараду на Электрычным прызе Мехіка. У сталіцы Мексікі стартаваў новы сезон Формулы Е

Накапленне зараду на Электрычным прызе Мехіка. У сталіцы Мексікі стартаваў новы сезон Формулы Е

14 студзеня, 13:39
Накапленне зараду на Электрычным прызе Мехіка. У сталіцы Мексікі стартаваў новы сезон Формулы Е

Электрычныя баліды трэцяга пакалення пачалі другі год свайго жыцця. Варта прызнаць, не надта яскрава, і не Паскаль Верляйн, які ізноў адкрыў сезон Формулы Е перамогай, у гэтым вінаваты.

Ужо чацвёрты год электрычная формула ёсць афіцыйным чэмпінатам свету і першым з такіх стартуе (фінішуе таксама першым). У гэтым годзе апроч мексіканскага, што прайшоў учора, удзельнікаў чакае яшчэ шаснаццаць этапаў. Традыцыйна некаторыя з іх пройдуць парамі ў адзін ўік-энд на адной і той жа трасе, як наступныя ў Дырыі ў Саудаўскай Аравіі, новыя ў італьянскім Мізана ў красавіку, у Берліне, таксама новыя ў Шанхаі, ва ўжо вядомым Портлэндзе і ў Лондане.

Кітайскі горад у гэтым спісе таксама новы, а яшчэ невядомай тэрыторыяй з’яўляецца сталіца Японіі Токіа, куды Формула Е наведаецца ў канцы сакавіка. Ну а Мехіка нам ужо добра вядомае, і не толькі па электрычных гонках. Але менавіта яны завіталі на яе зноў першымі ў гоначным сезоне 2024 года.

Траса імя братоў Радрыгес у Мехіка прыгожая, аднак назваць гонкі Формулы Е, што праходзяць там, цікавымі можна толькі са шматлікімі абмоўкамі. Так было ў мінулым годзе, калі ў мексіканскай сталіцы дэбютавала новае пакаленне электрычных балідаў, так адбылося і ўчора.

Характар кожнай асобнай трасы на характар гонак у Формуле Е ўплывае ці не болей, чым у Формуле 1, якую за прадказальнасць хто толькі не штурхае. Можа, калі б электрабаліды маглі катацца па ўсёй даўжыні аўтадрома ў Мехіка, было б і цікавей, але пакуль што ўзровень развіцця батарэйных і маторных тэхналогій гэтага не дазваляе.

Да таго, што перастаноўкі ў пелатоне ў электрычных прызах адбываюцца ў асноўным за кошт выкарыстання пілотамі рэжыму атакі, для актывацыі якога яны мусяць праехаць па адмысловым месцы на трасе – такім, каб ім пэўна было цяжка захаваць пазіцыю, мы даўно прывыклі. І ўчарашняя гонка ў Мехіка натуральна не была выключэннем.

З поўлу яе пачынаў пілот TAG Heuer Porsche Паскаль Верляйн. Пачаў паспяхова, захаваўшы лідарства і не даўшы сябе атакаваць канкурэнту з Envision Racing Себасцьену Буэмі, які дзяліў з немцам першы стартавы шэраг. Швейцарац наогул сам быў заклапочаны абаронай ад гоншчыка Maserati MSG Racing Максіміліана Гюнтэра, які стартаваў трэцім, але ад яго Сэб адбіўся.

Аднак па-сапраўднаму атакаваць Верляйна ў Буэмі не атрымалася, і лідарства ў немца ён перахапіў толькі пасля таго, як той на чацвёртым кругу адправіўся за першай порцыяй дадатковых 50 кВт (68 к.с.). Яны, дарэчы, Паскалю не дапамаглі, і сходу ён першую пазіцыю ў Себасцьена не адваяваў. Не дапамог Паскалю і аўтамабіль (дакладней, электрамабіль – Porsche Taycan) бяспекі, які выехаў на трасу пасля аварыі Робіна Фрайнса, які з гэтага сезона з’яўляецца напарнікам Буэмі.

Прыйшлося Верляйну чакаць, пакуль яго канкурэнт паедзе на актывацыю рэжыму атакі, што і адбылося на трынаццатым кругу, наступным пасля рэстарту. Не дапамаглі дадатковыя кілаваты і Буэмі – ён застаўся на другой пазіцыі, а Верляйн пачаў пакрысе ад’язджаць. А Нік Кэсідзі – пад’язджаць. Новазеландзец, які да мінулага года быў напарнікам якраз Себасцьена, да таго моманту ўжо пакінуў ззаду Гюнтэра і цяпер намагаўся адваяваць другую пазіцыю ў швейцарца. Але і ў яго нічога не атрымалася, тым больш што неўзабаве тэмп узвінціў і Буэмі.

Себасцьен пабачыў магчымасць пазмагацца ўсё ж такі за перамогу з Верляйнам, калі той на апошніх кругах пачаў эканоміць зарад у батарэі свайго баліда, для чаго запаволіўся. Фінішаваў немец літаральна «на парах», але затое першым.

Становішча ў турнірнай табліцы пасля першага этапу цалкам адпавядае такому ў пратаколе гонкі. Верляйн лідзіруе ў заліку пілотаў, маючы 28 ачкоў, роўна дзесяць яму саступае Буэмі, у двух ад якога Кэсідзі. Porsche з тымі ж 28-мю баламі першая сярод каманд, а вось Ягуар за кошт таго, што ачкі, фінішаваўшы пятым, набраў і Мітчэл Эванс, займае другую пазіцыю, на адну апярэджваючы Envision. У іх 26 і 18 балаў адпаведна.

Саудаўская Аравія, дзе зараз праходзіць ралі «Дакар», Формулу Е ў Дырыі будзе прымаць 26 і 27 студзеня. Будзем спадзявацца, што электрычныя гонкі назапашваюць зарад, каб парадаваць нас шчыльнай барацьбой на наступных этапах. Сачыць за навінамі пра іх і не толькі цяпер можна і ў Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты