Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Класіка, сучаснасць, скандал і тактычныя гульні, якія дазволілі Ніку Кэсідзі выйграць этап Формулы Е ў Портлэндзе

Класіка, сучаснасць, скандал і тактычныя гульні, якія дазволілі Ніку Кэсідзі выйграць этап Формулы Е ў Портлэндзе

29 чэрвеня, 18:59
Класіка, сучаснасць, скандал і тактычныя гульні, якія дазволілі Ніку Кэсідзі выйграць этап Формулы Е ў Портлэндзе

Фота: Formula E

Рэдка электрычныя баліды выязджаюць на класічныя стацыянарныя аўтадромы, але ў мінулы ўік-энд на этапе ў Портлэндзе яны гэта зрабілі. Атрымалася нядрэнна і даволі нечакана. А яшчэ не абышлося без шпіёнскага скандалу.

Вайна ніколі не прыносіць ніякага пазітыву, аднак яе наступствы часам вяселяць. Няўдалы ваенны мяцеж у Расіі быў анекдатычным ад пачатку і выразна паказаў, чаму ўкраінцы адолеюць акупантаў і выкінуць іх са сваёй зямлі. А следам ад іх вызваляцца і беларусы, каб разам з украінцамі пабудаваць сапраўдны саюз роўных. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Даволі цікавым выдаўся і амерыканскі этап Формулы Е. Танкі ў браме цырка там не захрасалі, затое гоншчыкі падарылі мясцовым балельшчыкам шоў, якое яны так любяць. Прычым шоў не толькі спартыўнае! Каманда DS Penske выкарыстоўвала сістэму тэлеметрыі, якая дазваляла адсочваць дадзеныя і з балідаў іншых калектываў.

Пакаранне, на маю думку, за гэта было занадта мяккім: кваліфікацыйныя вынікі Жана-Эрыка Верня і Стофеля Вандорна фактычна былі ануляваныя (абодва стартавалі з піт-лэйну), а каманда была аштрафаваная на 25 000 еўра. У іншым формульным чэмпіянаце свету за такое можна было нарвацца на самыя сур’ёзныя непрыемнасці.

На шчасце, было на што паглядзець і на трасе падчас гонкі. З поўлу яе пачынаў пілот Avalanche Andretti Джэйк Дэніс, які рэалізаваў сваю перавагу на старце, захаваўшы лідарства. Толькі лідарства ў Формуле Е рэдка бывае перавагай, нават на звычайных гарадскіх трасах, а на стацыянарнай у Портдэндзе яно наогул стала таксічным – расход энергіі мог аказацца занадта высокім.

Таму хітрыць з тактыкай гоншчыкі пачалі ўжо з першых кругоў, і той жа Дэніс пазбавіўся першай пазіцыі, напэўна, нават з радасцю. Яна наогул пераходзіла з рук у рукі безліч разоў, у тым ліку да Кэсідзі, які стартаваў ажно дзясятым. Пілот Nissan Нарман Нато ў кваліфікацыі быў трэцім, таму і ён быў у групе лідараў, і якраз на першай пазіцыі і апынуўся перад тым, як на дзясятым на трасу выехаў электрамабіль бяспекі пасля аварыі гоншчыка ABT CUPRA Ніка Мюлера.

Нейтралізацыя выйшла даволі працяглай, рэстарт быў дадзены толькі на сямнаццатым кругу. Пасля гэтага пачалася чарговая хваля актывацый рэжыму атакі, пасля якой лідарам стаў пілот TAG Heuer Porsche Антоніу Фелікс да Кошта. Непасродна за ім, аднак, апынуўся Кэсідзі, які меў тэмп для атакі, які і выкарыстаў на дваццаць шостым кругу, абагнаўшы партугальца ў першым павароце. Антоніу Фелікс амаль адразу апынуўся пад агнём атак з боку Дэніса, якога стрымліваў да апошняга круга, калі ўсё ж саступіў і яму, задаволіўшыся трэцім месцам.

Інтрыга ў чэмпіянаце пасля этапу ў Портлэндзе абвастрылася да мяжы. Напарнік да Кошты Паскаль Верляйн, якому не пашанцавала ў кваліфікацыі і які ў гонцы фінішаваў толькі восьмым, ізноў страціў лідарства, са 138-мю ачкамі апусціўшыся на трэцюю пазіцыю. Першая ж цяпер належыць Дэнісу, у якога 154 ачкі, што ўсяго на адно болей, чым у Кэсідзі.

Porsche з 231-м балам пакуль што захавалі лідарства ў камандным заліку, але Envision, якія займаюць другую пазіцыю, блізка – у іх 225 ачкоў. Jaguar TCS Racing, чыім лепшым гоншчыкам у Портлэндзе стаў Мітч Эванс, які фінішаваў чацвёртым, у турнірнай табліцы трэція і маюць 184 балы.

Дзявяты сезон Формулы Е на фінішнай прамой – наперадзе ўсяго два прыпынкі, праўда, у межах кожнага адбудзецца па два этапы. Наступныя пройдуць у Рыме 15 і 16 ліпеня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты