Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Невызначанасць, напружанне і развязка на апошнім кругу. Гонка Формулы Е ў Сан-Паўлу прэтэндуе на званне лепшай у сезоне

Невызначанасць, напружанне і развязка на апошнім кругу. Гонка Формулы Е ў Сан-Паўлу прэтэндуе на званне лепшай у сезоне

17 сакавіка, 15:20
Невызначанасць, напружанне і развязка на апошнім кругу. Гонка Формулы Е ў Сан-Паўлу прэтэндуе на званне лепшай у сезоне

Фота: Formula E

Сан-Паўлу – гэта не толькі любімы ўсімі Інтэрлагас, але і гарадская траса для Формулы Е, якая ўчора таксама пакінула яскравыя ўспаміны пра сябе. Чацвёрты этап сезона ўсталяваў вельмі высокую планку для астатніх.

Праз адмену этапу ў індыйскім Хайдэрабадзе ў календары электрычнай Формулы ўтварылася дзірка ў сем тыдняў. Аднак тое, што мы пабачылі ўчора ў Сан-Паўлу, аказалася вартым таго, каб чакаць. Бразільская Траса хоць і энергавыдаткоўная, а таму быццам бы падштурхоўвае пілотаў да тактычных гульняў, але падзеі на ёй развіваліся такім чынам, што хапіла і напружанай і адчайнай барацьбы.

Нават шкада, што этап на ёй праводзіўся толькі адзін, так хацелася б паглядзець на яшчэ адну гонку – настолькі непрадказальнай і цікавай была ўчарашняя. З поўлу яе пачынаў пілот TAG Heuer Porsche Паскаль Верляйн, які выйграў першы этап у Мехіка. Немец яўна наважваўся вярнуць сабе лідарства ў чэмпіянаце, і спачатку здавалася, што ўсё ў яго павінна атрымацца. Ён без асаблівых праблем выйграў старт, тады як яго канкурэнт з DS Penske Стофель Вандорн дапусціў прабуксоўку і мог страціць другую пазіцыю.

На шчасце бельгійца, яго напарнік па камандзе Жан-Эрык Вернь стартаваў яшчэ горай, саступіўшы сваю трэцюю пазіцыю пілоту Jaguar TCS Racing Мітчэлу Эвансу. А іх абодвух апярэдзіў напарнік Верляйна Антоніу Фелікс да Кошта, які на рашотцы быў толькі дзявятым. На наступным кругу партугалец паспяхова атакаваў і Вандорна, а калі Верляйн адным з першых адправіўся ў зону актывацыі рэжыму атакі, наогул выйшаў у лідары.

Аднак на той момант усё было падобным на тое, што сітуацыя развіваецца на карысць Верляйна. Так, ён не лідзіраваў, але на магутнаснай трасе ў Сан-Паўлу гэта на такім этапе гонкі было і не патрэбна. Паскаль знаходзіўся ў паветраным мяшку за канкурэнтамі і эканоміў энергію. Яго тактыкай, відаць, раскусіўшы яе, скарысталіся таксама да Кошта і Вандорн, што дазволіла выйсці ў лідары Сэму Бёрду, які з гэтага года выступае за NEOM McLaren і які пачынаў гонку пятым.

І менавіта брытанец, напэўна, абраў лепшы момант для абавязковага атрымання дадатковай магутнасці, бо калі адпаведны рэжым актываваў ён, прапусціўшы наперад да Кошту, гонка была нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі. Маршалам трэба было прыбраць з трасы абломкі машын, што засталіся пасля таўханіны на першых кругах. Ну а тыя, хто атрымаў дадатковую магутнасць, у тым ліку Бёрд, цяпер эканомілі зарад у батарэях замест таго, каб павышана яго выдаткаваць.

Пасля рэстарту на дзявятым кругу перастаноўкі ў пелатоне працягнуліся. Эванс разам абагнаў Бёрда і да Кошту, паміж якімі таксама адбыўся размен пазіцыямі, і захапіў лідарства, але ненадоўга, бо ўжо на наступным кругу ізноў адправіўся ў зону актывацыі рэжыму атакі. Аднак Мітч хутка адыграўся і вярнуў сабе першую пазіцыю, тады як Бёрд і да Кошта працягвалі бароцца паміж сабой, і цяпер чарга паспяховай атакі перайшла да Антоніу Фелікса, які хутка разам з Эвансам адправіўся ў зону актывацыі рэжыму атакі ў другі раз.

Гэта дазволіа ўзначаліць гонку дзейнаму чэмпіёну з Andretti Джэйку Дэнісу, на якога ззаду насядаў Бёрд. Сэма ў сваю чаргу прэсінгаваў Эванс, і хутка, калі па дадатковую магутнасць адправіўся Дэніс, іх барацьба стала барацьбой за лідарства. Але ім прыйшлося крыху пачакаць, бо заезд ізноў быў нейтралізаваны аўтамабілем бяспекі праз аварыю напарніка Мітчэла Ніка Кэсідзі, героя этапаў у Ад-Дырыі і лідара чэмпіянату. Пашкоджанае пярэдняе антыкрыло яго баліда нарэшце адарвалася і патрапіла пад колы, у выніку чаго новазеландзец страціў кіраванне і разбіў машыну аб адбойнік, ды так, што ледзь не нарабіў бяды заднім правым колам, якое адарвалася.

На шчасце, гэты інцыдэнт скончыўся адносна малай крывёю. Сам Нік не пацярпеў, а гонка працягнулася ў нармальным рэжыме на дваццатым кругу. Працягнулі сваё супрацьстаянне і Бёрд з Эвансам, прычым ініцыятыва на той момант была ў пілота Jaguar. І на апошніх кругах Мітч пайшоў у вырашальную, як тады здавалася, а галоўнае, паспяховую атаку, захапіўшы першую пазіцыю. Пры гэтым у яго заставалася болей зараду, чым у брытанца, таму было падобнае на тое, што ён і атрымае перамогу.

Больш энергіі заставалася і ў Дэніса, які пераследаваў Бёрда, таму пытаннем было, ці ўтрымае Сэм другую пазіцыю. Тым больш што наперадзе было яшчэ тры кругі, даданыя суддзямі за час, праведзены за машынай бяспекі, а балід Бёрда яшчэ і перагравацца пачаў. Аднак брытанец, які не перамагаў з другога этапу ў Нью-Йорку ў ліпені 2021 года, вырашыў ісці да апошняга электрону ў батарэі свайго баліда, узвінціў тэмп і пачаў насядаць на Эванса. І быў узнагароджаны за сваю рашучасць, калі ліхім манеўрам апярэдзіў Мітчэла літаральна за пару паваротаў да канца апошняга круга!

І гэта была не адзіная яскравая падзея фіналу гонкі. Пілот Nissan Олівер Роўланд скарыстаўся барацьбой Дэніса і Верляйна за трэцюю пазіцыю і сам вырваўся на яе! Ну а Дэніс прапусціў яшчэ і Паскаля, задаволіўшыся толькі пятым месцам.

Эвансу, напэўна, было крыўдна так страціць перамогу і заняць другое месца, затое ён падняўся на трэцюю пазіцыю ў чэмпіянаце, дзе мае 39 ачкоў. Верляйн застаўся другім з 53-ма баламі, але цяпер ён усяго чатыры саступае Кэсідзі, які захаваў лідарства. Бёрд пасля сваёй перамогі з 37-мю ачкамі займае шостую пазіцыю.

У Jaguar, нягледзячы на сыход Кэсідзі, атрымалася замацавацца на першай пазіцыі каманднага заліку. Брытанскі калектыў мае 96 ачкоў супраць 61-го ў Porsche, якія падняліся на другі радок. DS Penske з 57-мю баламі цяпер трэція.

Наступны этап Формулы Е таксама будзе адзіным і пройдзе 30 сакавіка на абсалютна новым месцы – у сталіцы Японіі Токіа. Аднак шмат цікавага ў гоначным свеце адбудзецца і да гэтага, нават наступныя выхадныя будуць насычанымі рознымі гонкамі. Пра ўсё самае важнае і цікавае раскажа гэты блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты