Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Гучная заява Кэсідзі. Новазеландзец захапіў лідарства ў чэмпіянаце свету Формула Е пасля этапаў у Ад-Дырыі

Гучная заява Кэсідзі. Новазеландзец захапіў лідарства ў чэмпіянаце свету Формула Е пасля этапаў у Ад-Дырыі

28 студзеня, 18:29
Гучная заява Кэсідзі. Новазеландзец захапіў лідарства ў чэмпіянаце свету Формула Е пасля этапаў у Ад-Дырыі

Стабільнасць у Формуле Е намнога больш эфектыўная, чым адзінкавыя яркія гонкі. Якраз гэтай якасцю і можа пахваліцца новы пілот каманды Jaguar TCS Racing Нік Кэсідзі, які цяпер упэўнена лідзіруе ў турнірнай табліцы дзясятага сезона чэмпіянату.

Зрэшты, і яскрава выступаць новазеландзец таксама ўмее, што ён і даказаў учора, выйграўшы другую гонку этапу ў Саудаўскай Аравіі. Аднак важней усё ж такі яго стабільна высокія вынікі. Напрыклад, на першым этапе ў Мехіка двума тыднямі раней Нік заняў трэцяе месца, а потым паўтарыў сваё дасягненне ў пятнічнай гонцы ў Ад-Дырыі.

Траса ў прыгарадзе Эр-Рыяду, дзе праходзіць пакуль што адзіная начная гонка Формулы Е, удзельнікам чэмпіянату вядомая добра. Што, зрэшты, зусім не гарантуе і добрага выступу, і ўсё той жа Кэсідзі ў пятніцу кваліфікаваўся толькі сёмым. З поўлу ж стартаваў пілот DS Penske Жан-Эрык Вернь, і зрабіў гэта француз паспяхова, утрымаўшы лідарства і адбіўшы атаку яшчэ аднаго прадстаўніка Jaguar Мітчэла Эванса, які дзяліў з ім першы шэраг.

Толькі трэцім першую гонку ўік-энду пачынаў яе будучы пераможца і дзейны чэмпіён свету Джэйк Дэніс, які выступае за Andretti. Аднак пасля таго, як Вернь з Эвансам на першых кругах наведалі зону актывацыі рэжыму атакі, першую пазіцыю захапіў якраз брытанец. Адарвацца ад пераследнікаў у яго, праўда, не атрымалася, але і пераследнікі тыя высвятлялі адносіны і паміж сабой.

Так, на дванаццатым кругу паміж сямнаццатым і васямнаццатым паваротамі Эванс рашучым манеўрам абагнаў Верня і, што нават важней, не памыліўся на тармажэнні, не выехаў за межы трасы ў павароце і замацаваўся на здабытай другой пазіцыі. Наважыўся Мітч здабыць і першую, хутка ў тым жа месцы такім жа чынам атакаваўшы і Дэніса, але на гэты раз усё ж пралічыўся на тармажэнні перад васямнаццатым паваротам і там прапусціў Джэйка наперад.

І ўжо сам Эванс стаў ахвярай Верня, які на шаснаццатым кругу абагнаў яго ўсё ў тым жа васямнаццатым павароце. Кэсідзі да таго моманту ўжо паспеў выбрацца на чацвёртую пазіцыю, і хутка каманда загадала Эвансу прапусціць яго. Магчыма, для больш эфектыўнай эканоміі энергіі, бо Мітчэлу паабяцалі, што потым напарнік сам прапусціць яго. Актываваць рэжым атакі Нік на той момант мусіў двойчы, таму бліжэй да фінішу Эванс на самой справе вянуўся на трэцюю пазіцыю.

І адразу ж узяўся за Верня, апярэдзіць якога, зрэшты, было зусім няпроста – двухразовы чэмпіён Формулы Е, як ніяк. Аднак Эванс усё ж такі паспрабаваў, і на апошнім кругу перад апошняй шыканай пасрпабаваў абагнаць француза такім жа чынам, як у пачатку гонкі. Але замест гэтага памыліўся, як у выпадку з Дэнісам, выехаў за межы трасы і прапусціў наперад не толькі свайго новага напарніка па камандзе, але і былога – Сэма Бёрда, які цяпер выступае за NEOM McLaren.

У выніку Эванс задаволіўся толькі пятым месцам. Трэцяе заняў Кэсідзі, другое – Вернь, а Дэніс перамог. Трыумфатар гонкі ў Мехіка Паскаль Верляйн у Ад-Дырыі не надта ўдала кваліфікаваўся, стартаваў шостым, а фінішаваў наогул восьмым у выніку яшчэ і няўдалага старту. Забягаючы наперад, і ў суботу ўдача немцу з Porsche не сказаць, што ўсміхнулася – стартаваў ён дзясятым, але хаця б фінішаваў сёмым.

У Дэніса, зрэшты, кваліфікацыя прайшла нават горай, і ён другую гонку пачынаў толькі з чатырнаццатай пазіцыі, а скончыў на дванаццатай. Першыя ж скрыпкі ў 36-кругавым заедзе (на круг карацейшым за папярэдні) па чарзе гралі той жа Кэсідзі, а таксама пілот Envision Racing Робін Фрайнс і прадстаўнік Nissan Олівер Роўланд.

Брытанец пачынаў гонку з поўлу, а нідэрландзец дзяліў з ім першы шэраг, і ўжо на старце адабраў у яго лідарства, неўзабаве пачаўшы адрывацца ад пелатона. Аднак хутка ў больш выгаднай пазіцыі апынуўся ўжо Кэсідзі, чый тэмп таксама быў высокі. Нік выйшаў у лідары пасля таго, як у зону актывацыі рэжыму атакі накіраваўся Фрайнс, а паколькі раней гэта зрабіў і Роўланд, то новазеландцу толькі і заставалася, што як мага хутчэй самому ад’ехаць ад пераследнікаў на бяспечную адлегласць.

З гэтым Кэсідзі справіўся, давёўшы свой адрыў ад Франйса да моманту, калі ён сам адпавіўся за дадатковай магутнасцю, да дзвюх з паловай секунд. Натуральна, гэта дазволіла Ніку не страціць пазіцыю пасля таго, як ён праехаўся па зоне актывацыі. Затым жа гоншчык Ягуара проста кантраляваў адрыў, дазволіўшы Фрайнсу яго скараціць, але да бяспечнага для сябе значэння, і атрымаў упэўненую перамогу. Фрайнса паспрабаваў быў папрэсінгаваць Роўланд, але да абгону тут справа не дайшла, і Олівер задаволіўся трэцяй пазіцыяй, якая яго, зразумела, не радавала.

Учарашняя перамога Кэсідзі дазволіла яму выйсці на першую пазіцыю ў чэмпіянаце. Нік мае 57 ачкоў, на дзевятнаццаць апярэджваючы Верляйна, які апусціўся на другую пазіцыю. Вернь у сваю чаргу выбраўся на трэцюю, у яго 33 балы. Дэніс з 28-мю ачкамі ідзе чацвёртым. Лідар памяняўся і сярод каманд, дзе першы цяпер Jaguar, у якога 78 балаў. Калектыў DS Penske падняўся на другую пазіцыю і мае 47 ачкоў, Porsche з 38-мю ачкамі апусцілася на трэці радок.

Формула Е павінна была працягнуць свой сезон праз два тыдні ў індыйскім Хайдэрабадзе, але ўлады горада адмовіліся прымаць чацвёрты этап. Таму працягу нам прыдзецца чакаць да 16 сакавіка, калі адзіную гонку прыме гарадская траса ў Сан-Паўлу. Аднак гонак будзе шмат і да гэтага, і за імі вельмі зручна будзе сачыць у тым ліку праз Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Фота: Formula E

Іншыя пасты блога

Усе пасты