Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Першы крок да першага тытулу? Цьеры Нэвіль адкрыў новы сезон WRC перамогай на Ралі Монтэ-Карла

Першы крок да першага тытулу? Цьеры Нэвіль адкрыў новы сезон WRC перамогай на Ралі Монтэ-Карла

29 студзеня, 14:51
Першы крок да першага тытулу? Цьеры Нэвіль адкрыў новы сезон WRC перамогай на Ралі Монтэ-Карла

Фота: wrc.com

Кіраўнік каманды Hyundai Сірыль Абітэбуль, каментуючы поспех свайго падначаленага на першым этапе новага сезона чэмпіянату свету па ралі, адзначыў, што плён далі дапрацоўкі іх i20 N у міжсезонні. Аднак і сам Нэвіль абсалютна аб’ектыўна быў хуткім, і нават памылкі, якія ён дапускаў, не надта яму перашкодзілі.

Бельгіец удзельнічае ў WRC з 2012 года, і за мінулы час пяць разоў станавіўся віцэ-чэмпіёнам і два разы займаў трэцяе месца па выніках сезона. Патэнцыял нарэшце выйграць чэмпіянат у Цьеры відавочна ёсць, але дагэтуль штосьці яму пастаянна перашкаджала. Але тое, як склалася для яго Ралі Монтэ-Карла, дае яму надзею на тое, што яго мара нарэшце стане рэальнасцю.

Дзейны ж чэмпіён Кале Раванпэра ў гэтым годзе вырашыў узяць удзел у чэмпіянаце свету па скарочанай праграме, таму ён на вышэйшую ступень прэтэндаваць ужо не будзе. Праўда, у Таёты і без яго хапае хуткіх і матываваных гоншчыкаў, як той жа Элфін Эванс, або нават Себасцьен Аж’е, які таксама выступае не на поўным раскладзе, але ўсё роўна ахвочы да перамог, асабліва на фактычна хатнім для яго першым этапе, які, насуперак назве, амаль цалкам праходзіць на тэрыторыі Францыі.

Сэб выйграў мінулагодняе Ралі Монтэ-Карла, і аналагічны поспех сёлета стаў бы для яго юбілейным дзясятым. Але гэтым разам Фартуна ўсміхнулася не васьміразоваму чэмпіёну свету. Усміхалася яна спачатку і не будучаму пераможцу гонкі, а згаданаму вышэй Эвансу, які выйграў першыя два спецучасткі ў чацвер вечарам, узначаліўшы і агульны залік.

А вось яго канкурэнты з Hyundai спачатку сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі. Нэвіль быў занепакоены перагрэвам шын на даволі нечакана сухім асфальце, а яго стары новы напарнік От Цянак, які вярнуўся ў каманду пасля году ў складзе M-Sport Ford, пакутаваў ад перабояў у працы рухавіка яго аўтамабіля. Цьеры, як ён прызнаўся пазней, таксама сутыкаўся з гэтай бядой, праз якую машына не заўсёды адэкватна рэагавала на націсканне педалі акселератару.

Ну а ў пятніцу раніцай, калі мароз усё ж такі прыхапіў ільдом горныя альпійскія дарожкі, пачаліся і першыя памылкі гоншчыкаў. Напрыклад, той жа Цянак не справіўся з кіраваннем у адным з паваротаў падчас першага праходу па допе St-Léger-les-Mélèzes - La Bâtie-Neuve. На яго шчасце, балельшчыкі, якія былі побач, хутка вярнулі яго Hyundai i20 N на трасу.

А вось гоншчыку Таёты Такамота Катсуце, з якім літаральна праз пару хвілін такая ж непрыемнасць здарылася ў тым жа месцы, пашанцавала меней – яго GR Yaris закапаўся ў снег глыбей, праз што японец страціў пяць хвілін. Памыляліся раніцай у пятніцу, зрэшты, і іншыя ўдзельнікі ралі, як навічок M-Sport Грэгуар Мюнстэр і той жа Нэвіль, які не пазбег развароту на чацвёртым спецучастку, што каштавала яму дзесяць секунд.

Аднак астатнія допы пятніцы для бельгійца аказалія гладчэйшымі, і пад канец дня Эвансу, які захаваў лідарства, ён прайграваў не так і шмат – 16,1 секунды. Праўда, Цьеры займаў пры гэтым трэцюю пазіцыю, і разбірацца меў яшчэ і з Аж’е. Аднак раніцай у суботу Нэвіль перахапіў у канкурэнтаў з Таёты ініцыятыву, выйшаўшы ў лідары ўжо па выніках другога спецучастка дня і дзясятага па ліку, выйграўшы і яго, і папярэдні.

Гэты момант, як стала зразумела потым, стаў паваротным у гонцы. Тут яшчэ і ў Эванса пачаліся праблемы з гібрыднай сістэмай яго Ярыса, праз што валіец пакрысе пачаў адставаць і прапусціў наперад яшчэ і Аж’е. Себасцьен быў асцярожным раніцай на месцамі абляднелым асфальце, аднак затым пайшоў у атаку і ў пэўны момант скараціў быў адставанне ад Нэвіля до 0,8 секунды. Але дзень скончыў усё ж такі другім, адпусціўшы бельгійца на 3,3 секунды.

Дарэчы, у адпаведнасці з новымі правіламі WRC, удзельнікі атрымалі ачкі ўжо па выніках суботы. Нэвіль такім чынам зарабіў васямнаццаць, Аж’е – пятнаццаць, Эванс – трынаццаць і гэтак далей да аднаго са ўдзельнікаў катэгорыі WRC2 Йохана Русэля. Аднак у залік чэмпіянату гэтыя балы спачатку запісваліся, што называецца, аловачкам, а ручкай – толькі пасля фінішу ў нядзелю.

У нядзелю, у якую ўжо ніхто не здолеў на роўных спаборнічаць з Нэвілем. Цьеры выйграў усе тры спецучасткі дня, атрымаўшы яшчэ пяць бонусных балаў за лепшы вынік на фінальным суперспэшле, і заслужана і пераканаўча перамог на Ралі Монтэ-Карла. Аж’е заняў другое месца, Эванс захаваў трэцяе.

Адпаведна, Нэвіль пасля першага этапу з 30-цю ачкамі ўзначальвае і агульны залік. Аж’е, у якога 24 балы, пакуль другі, ён на тры ачкі апярэджвае Эванса, які замыкае першую тройку. Разам з Элфінам у Себасцьена атрымалася вывесці Таёту ў лідары заліку вытворцаў, аднак японская каманда, маючы 46 ачкоў, усяго на адно апярэджвае Hyundai. M-Sport Ford з 19-цю баламі займае трэцюю пазіцыю.

У катэгорыі WRC2 перамога на Ралі Монтэ-Карла дасталася згаданаму вышэй Йохану Русэлю, які выступае на Citroën C3 Rally2. Цікава, што галоўнымі прэтэндэнтамі на перамогу да вечара суботы былі расіянін Мікалай Гразін, які таксама выступае на Сітраэне, і, праз злачынствы сваёй краіны, пад сцягам Балгарыі, а таксама іспанец Пэпэ Лопес на Škoda Fabia RS Rally2. Гэтыя двое абменьваліся ўдарамі цягам усёй гонкі, пакуль раніцай у нядзелю на ўсе грошы не паехаў Русэль.

Йохан адчуваў сябе на падмарожаным асфальце лепей за Гразіна, з якім яны з’яўляюцца напарнікамі і які саступіў быў лідарства Лопесу. Таму спачатку француз абышоў Мікалая, а потым і Пэпэ, выйграўшы ралі з перавагай перад іспанцам, які заняў другое месца, у чатыры секунды. Гразін скончыў гонку на трэцім месцы.

Наступным этапам WRC стане Ралі Швецыя, якое пройдзе 15-18 лютага, ужо з удзелам дзейнага чэмпіёна Кале Раванпэры. Пра ўсе важныя навіны не толькі сустветнага ралійнага пяршынства можна будзе даведацца праз наш Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты