Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Выдатная спроба, Ferrari! Ці з’явіліся ў чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць новыя фаварыты?

Выдатная спроба, Ferrari! Ці з’явіліся ў чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць новыя фаварыты?

22 сакавіка 2023, 19:20
Выдатная спроба, Ferrari! Ці з’явіліся ў чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць новыя фаварыты?

Фота: fiawec.com

У мінулы ўік-энд на трасе Сэбрынг, што ў Фларыдзе, ЗША, пачаўся новы сезон сусветнага аўтамарафонскага пяршынства. І не проста яго новы сезон, а новая эра з новымі ўдзельнікамі прэм’ер-катэгорыі гіперкараў, у тым ліку з прататыпамі LMDh. Аднак перамагла ізноў Toyota.

Расійска-фашысцкія захопнікі працягваюць тэрор супраць украінскага народа, якраз сёння яны атакавалі Запарожжа. Краіны NATO абавязаныя сёння дапамагчы Украіне ўсім, чым магчыма. У адваротным выпадку заўтра будуць ваяваць ужо яны самі, і зусім не факт, што пратрымаюцца гэтак жа доўга, як украінцы. Поспех нашых суседзяў неабходны ўсім, у тым ліку нам. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Свет зараз можа ўратаваць толькі Украіна, а што здольнае ўратаваць аўтагонкі на цягавітасць? Калі некалькі гадоў таму ў тады яшчэ катэгорыі LMP1 фактычна засталася адна Toyota, арганізатары WEC зразумелі, што трэба рабіць доўгія гонкі больш прывабнымі для вытворцаў. Для гэтага была створаная новая топавая катэгорыя гіперкараў, у якую японская марка перайшла аўтаматычна. Да яе далучыліся спачатку Glickenhaus з машынай з негібрыднай сілавой устаноўкай, затым Peugeot з гібрыднай, а цяпер і Ferrari, у якой рухавік унутранага згарання таксама дапоўнены электрычным.

А таксама з сезона 2023 года у сусветным марафонскім чэмпіянаце з’явіліся і прататыпы LMDh, якія па характарыстыках набліжаныя да гіперкараў і выступаюць з імі ў адным заліку. Коратка нагадаю сутнасць гэтага класу: стандартызаваныя шасі ад некалькіх вытворцаў на базе машын LMP2 наступнага пакалення са стандартнымі электрарухавікамі на пярэдніх восях (на гіперкарах яны могуць размяшчацца і на задніх).

Вытворцы, якія абіраюць гэты клас, могуць стылізаваць прататыпы пад сваю серыйную прадукцыю і ставіць на іх любыя ўласныя рухавікі ўнутранага згарання (агульная аддача сілавых установак усё роўна абмяжоўваецца балансам прадукцыйнасці). Па гэтым шляху пайшлі Porsche і Cadillac, якія ўжо выставілі свае экіпажы. У наступным годзе да іх далучацца BMW, якая зараз у баявым рэжыме даводзіць сваю машыну у амерыканскай серыі IMSA, а таксама Alpine і Lamborghini.

А вось вядомы ў WEC Колін Колес выставіў паўнавартасны гіперкар арыгінальнай канструкцыі і ўласнай распрацоўкі Vanwall Vandervell 680. Негібрыдны, з адзіным бензінавым 4,5-літровым V8 Gibson. Канечне, яго яшчэ трэба навучыць ездзіць (Том Дзільман, Эстэбан Гер’еры і Жак Вільнёў (той самы, так) занялі ў Сэбрынгу толькі трыццатае месца), але пелатон ён упрыгожыў па-сапраўднаму.

Што ж да Ferrari, якую прадстаўляюць яе даўнія партнёры па WEC каманда AF Corse, то праект яе гіперкара 499P нарадзіўся дзякуючы абмежаванню бюджэтаў у Формуле 1. У Скудэрыі вызваліліся значныя фінансавыя і чалавечыя рэсурсы, якім і знайшлося новае прымяненне. І ў мінулы чацвер, калі праходзіла кваліфікацыя перад 1 000 міль Сэбрынгу (сама яна прайшла ў пятніцу, бо традыцыйна з’яўляецца гонкай падтрымкі этапу IMSA), стала зразумела, што папрацавалі італьянцы нядрэнна – Антоніа Фуока, Мігель Маліна і Ніклас Нільсэн з пяцідзясятага экіпажа выйгралі поўл.

Аднак мы выдатна ведаем, што стартавая пазіцыя ў доўгіх гонках не мае вырашальнага значэння, асабліва калі памыляецца гоншчык. Вось Фуока і памыліўся на першых кругах, часткова праз фактычнага партнёра па камандзе, але з катэгорыі LMGTE Am Луіса Перэса Кампанка. Гэта ён на першым жа кругу памыліўся ў адным з паваротаў і не проста разбіў восемдзесят трэцюю Ferrari 488 GTE Evo, а перакуліў яе. Сам, на шчасце, не пацярпеў, але сваіх партнёраў па экіпажы Лілу Ваду і Алесіа Равэру пазбавіў магчымасці паўдзельнічаць у гонцы.

Пасля гэтай аварыі на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі, які фактычна і сапсаваў гонку экіпажу поўл-сітэраў. Хоць, канечне, ніхто не прымушаў Антоніа Фуока ісці на абгон суперніка раней, чым трэба было. За гэта ён пазней атрымаў штрафны праезд па піт-лэйне, што адкінула яго з Малінай і Нільсэнам далёка назад. Хуткасць машыны, аднак, нікуды не дзелася, і пасля боек з канкурэнтамі з Porsche і Cadillac пяцідзясяты экіпаж прарваўся на трэцяе месца, пачаўшы новую главу Ferrari ў WEC з подыуму.

Лепшымі з астатніх сталі Эрл Бамбер, Алекс Лін і Рычард Вэстбрук з другога экіпажа Cadillac, якія занялі чацвёртае месца. Пятымі і шостымі дабраліся да фінішу прадстаўнікі Porsche – адпаведна, пяты экіпаж у складзе Дэйна Кэмерана, Міхаэля Крыстэнсэна і Фрэдэрыка Макавецкі і шосты ў складзе Кэвіна Эстрэ, Андрэ Лотэрэра і Лоўрэнса Вантора. Алесандра П’ер Гуідзі, Джэймсу Калада і Антоніа Джавінацы з пяцьдзесят першага экіпажа Ferrari пашанцавала меней – яны згубілі шмат часу на рамонт пасля сутыкнення з яшчэ адной машынай AF Corse катэгорыі LMGTE Am за дзве гадзіны да сканчэння гонкі і фінішавалі ў выніку толькі пятнаццатымі ў абсалюце.

Абодва экіпажы Peugeot, зрэшты, адсталі яшчэ болей праз шматлікія праблемы з надзейнасцю, прычым на дзевяноста чацвёртай машыне, якой кіравалі Лойк Дзюваль, Густава Менэзэс і Ніка Мюлер, скрыня перадач з ладу выйшла яшчэ да старту, на прагрэўным кругу. Яны фінішавалі трыццаць другімі ў абсалюце, а іх партнёры з дзевяноста трэцяга экіпажа Пол дзі Рэста, Мікел Йенсэн і Жан-Эрык Вернь сталі трыццаць першымі. Адзіны ж семсот восьмы экіпаж Glickenhaus у складзе Рамэна Дзюма, Раяна Брыска і Аліўе Пла да фінішу наогул не дабраўся, сышоўшы з дыстанцыі на чацвёртай гадзіне з васьмі праз праблемы з электрыкай.

Ну а Toyota, як няцяжка здагадацца, новы сезон WEC адкрыла дублем. У самым пачатку гонкі лідарства захапіў восьмы экіпаж Себасцьена Буэмі, Брэндана Хартлі і Рыючы Хіракавы, якія стартавалі другімі, але пазней наперад выйшлі Майк Конвэй, Камуі Кабаяшы і Хасэ-Марыя Лопес, якія і перамаглі. Пяцідзясяты экіпаж Ferrari, для разумення, прайграў ім два кругі, таму няцяжка здагадацца, прадстаўнікі якой каманды будуць сапраўднымі фаварытамі ў гэтым годзе. Аднак канкурэнты, набіраючыся досведу, дакладна будуць пакрысе набліжацца да японскага калектыву.

Традыцыйна намнога болей напружанай і непрадказальнай была барацьба за перамогу ў LMP2, дзе, аднак, амаль палову дыстанцыі гонку кантралявалі ўладальнікі поўлу з дваццаць трэцяга экіпажа United Autosports Джошуа Пірсан, Том Бломквіст і Олівер Джарвіс. Аднак якраз на чацвёртай гадзіне, у змену Пірсана, на іх Oreca 07... адвалілася камера, закрануўшы пры гэтым вонкавы выключальнік матора! Гэта прывяло да сходу экіпажа з дыстанцыі, пасля чаго прэтэндэнтамі на першае месца ў класе сталі некалькі іншых. Але лепей за ўсіх з задачай справіўся сорак восьмы каманды Hertz Team Jota.

Е Іфэй, Уіл Сцівэнс і Дэвід Бэкман стартавалі пятымі, але захапілі першую пазіцыю пасля непрыемнасцей у Пірсана, Бломквіста і Джарвіса. Ужо пад самы фініш ім спатрэбіўся кароткі піт-стоп для дазапраўкі, але тое ж спатрэбілася і канкурэнтам, у прыватнасці Фрэдэрыку Лубіну, Філу Хансану і Феліпэ Альбукерке з дваццаць трэцяга экіпажа United Autosports, якія занялі другое месца, адстаўшы меней чым на тры секунды. Трэцяе месца заняў шэсцьдзесят трэці экіпаж каманды Prema Racing у складзе Дарыан Пан, Мірка Барталоці і расійскага экс-пілота Формулы 1 Данііла Квята, якому праз злачынствы яго краіны прыходзіцца выступаць пад нейтральным сцягам.

Новы сезон WEC прынёс і страты – перастала існаваць катэгорыя LMGTE Pro. Хаця яна і так у апошнія гады ўяўляла сабой не надта радаснае відовішча, і ўдзельнікаў і падзей у LMGTE Am усё роўна было болей. Доўгі час яўны лідар быў і тут, дакладней, яўныя лідары. А яшчэ дакладней – яўныя лідаркі. Дзяўчаты з восемдзесят пятага экіпажа Iron Dames, Сара Баві, Мішэль Гацінг і Рахель Фрэй, стартавалі з поўлу і лідзіравалі ледзь не палову гонкі, але Рахель, памыліўшыся на выхадзе з першага паварота, моцна пашкодзіла іх Porsche 911 RSR 19. Доўгі рамонт адкінуў жаночы экіпаж далёка назад, гонку ён скончыў толькі восьмым.

Пасля няўдачы Сары, Мішэль і Рахель лідарства перахапілі Бэн Кіцінг, Нікалас Варонэ і Нікі Катсбург з трыццаць трэцяга экіпажа Corvette Racing, якія стартавалі другімі і ўпэўнена давялі справу да перамогі. Другое месца, прарваўшыся з адзінаццатага на старце, заняў семдзесят сёмы экіпаж Dempsey Proton Racing у складзе Крысціана Рыда, Мікела Педэрсэна і Жульена Андлаэ. Замкнулі першую тройку гоншчыкі пяцьдзесят сёмага экіпажа Kessel Racing Такешы Кімура, Скот Хафэйкер і Даніэль Сэра.

Пасля першага этапу WEC сярод гоншчыкаў гіперкараў з 38-ю ачкамі лідзіруюць Лопес, Кабаяшы і Конвэй. Хартлі, Хіракава і Буэмі, у якіх 27 ачкоў, займаюць другую пазіцыю, на тры балы апярэджваючы Фуока, Маліну і Нільсэна. Toyota, маючы 38 ачкоў, узначальвае залік вытворцаў гіперкараў, Ferrari з 24-ма баламі знаходзіцца на другой пазіцыі, Cadillac, у якога 18 ачкоў, на трэцяй.

Сезон чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць працягнецца 14-16 красавіка ў партугальскім Парцімане, на трасе ў якім пройдзе шасцігадзінная гонка.

Іншыя пасты блога

Усе пасты