Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Няспынны Крыстоферсан і дыскваліфікаваны Вэйбі. На вынікі нарвежскага этапу WRX паўплывалі і суддзі

Няспынны Крыстоферсан і дыскваліфікаваны Вэйбі. На вынікі нарвежскага этапу WRX паўплывалі і суддзі

21 чэрвеня, 13:21
Няспынны Крыстоферсан і дыскваліфікаваны Вэйбі. На вынікі нарвежскага этапу WRX паўплывалі і суддзі

У мінулы ўік-энд у нарвежскім Хэле прайшоў другі этап новага сезона чэмпіянату свету па ралі-кросе. Пяціразовы ўладальнік кароны Йохан Крыстоферсан правёў яго бездакорна, а вось яго партнёр па камандзе Оле-Крысціан Вэйбі – не.

Бездакорна сваю цяжкую, але важную для ўсяго свету справу акурат зараз выконваюць Узброеныя сілы Украіны. Ім трэба ачысціць сваю зямлю ад расійска-фашысцкага бруду, каб ад яго ачысціўся ўвесь свет. Беларусь мусіць быць наступнай у чарзе на вызваленне ад акупацыі, бо толькі гэта гарантуе бяспеку на кантыненце. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Трагедыя ў нашых суседзяў стала чарговай праверкай на вашывасць сусветнай бюракратыі, якая гэтую праверку чакана праваліла. Часта спорнымі бываюць і рашэнні суддзяў у гонках, але дыскваліфікацыя Оле-Крысціана Вэйбі па выніках нарвежскага этапу чэмпіянату свету па ралі-кросе была зразумелай, хоць і не зусім своечасовай.

Пакаралі нарвежца за інцыдэнт у другім кваліфікацыйным хіце, калі яго кантакт з чэмпіёнам 2019 года Цімі Хансэнам прывёў да сходу апошняга з дыстанцыі. Прычым гэта не прывяло да вялікай аварыі – швед проста спыніў сваю Peugeot 208 RX1e на трасе. Пасля заезду ён не хаваў сваёй незадаволенасці і адкрыта дэманстраваў яе Вэйбі, стукаючы кулакамі па яго Volkswagen RX1e. За што, дарэчы, сам быў аштрафаваны на адну тысячу еўра.

Вэйбі ж пасля гэтага барацьбу працягнуў і нават фінішаваў другім у другім паўфінале, у якім перамог Ніклас Гронхольм. Адпаведна, і ў фінал Оле-Крысціан таксама патрапіў, хаця там заняў толькі пятае месца. Яго напарнік па камандзе Kristoffersson Motorsport Йохан Крыстоферсан без праблем выйграў першы паўфінал, далей якога не прайшоў малодшы брат Цімі Хансэна Кэвін – ён пашкодзіў шыну ў шчыльнай барацьбе на старце.

У фінал жа апроч Крыстоферсана адабраліся таксама дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб, які на сваёй Lancia Delta Evo RX1e фінішаваў трэцім, і двухразовы чэмпіён DTM Ціма Шайдэр на Seat Ibiza. Навязаць барацьбу лідару чэмпіянату ў вырашальным заездзе, аднак, не атрымалася ні ў каго з іх. Нават Гронхольм, які заняў другое месца, адстаў ад Крытоферсана амаль на дзве секунды. Шайдэр саступіў яму наогул без малога чатыры секунды, затое ўпершыню за амаль тры гады і ўпершыню ж з пачатку электрычнай эры падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

Па выніках двух этапаў Крыстоферсан сабраў максімальныя 46 балаў і замацаваў сваё лідарства ў чэмпіянаце. Гронхольм, у якога 33 ачкі, падняўся на другую пазіцыю, а Кэвін Хансэн апусціўся на трэцюю і мае 24 балы. Ён, дарэчы, стрымлівае даволі шчыльную групу пераследнікаў, таму перастаноўкі магчымыя і далей.

У Хэле прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх трох малодшых катэгорый WRX. У старэйшай з іх – таксама электрычнай RX2e – перамогу адсвяткаваў Ісак С’ёквіст. Подыум тут атрымаўся цалкам шведскі: другое месца заняў Нільс Андэрсан, а трэцяе – напарніца Йохана Крыстоферсана ў таксама электрычнай пазадарожнай серыі Extreme E Мікаэла Алін-Катулінскі, для якой гэта быў дэбют у ралі-кросе.

Калі фінальны заезд малодшых электракараў выдаўся адносна спакойным, то ў катэгорыі Euro RX1 барацьба была шчыльнай. Нарвежац Сівер Свардал на Volkswagen Polo GTI літаральна вырваў перамогу ў шведа Антона Марклунда, які выступае на Ford Fiesta. Апошняму пашанцавала, бо ў кантакце з Патрыкам О’Донаванам і Энца Ідэ, у адрозненні ад брытанца, развароту ён пазбег. Трэцяе месца заняў выгорац Тамаш Карай на Audi S1.

У Euro RX3 подыум атрымаўся інтэрнацыянальным, хаця ўсе, хто на яго падняўся, выступаюць на Audi A1. Лепшым тут стаў немец Нільс Воланд, які дамінаваў на этапе. Барацьба за другое месца была болей шчыльная, і тут лепей справіўся з задачай паляк Даміан Літвіновіч. Нарвежцу Эспэну Ісаксэтрэ прыйшлося задаволіцца трэцім месцам.

Наступны этап WRX пройдзе 1-2 ліпеня ў шведскім Хольесе.

Іншыя пасты блога

Усе пасты