Пераломы сківіцы і косці твару, выбітыя зубы і ўнутраны крывацёк – жудасныя траўмы абаронцы Саудаўскай Аравіі пасля сутыкнення з каленам свайго брамніка
Ці правільна адрэагаваў суддзя?
Напрыканцы сенсацыйнага матчу паміж Аргенцінай і Саудаўскай Аравіяй (1:2) жудасныя траўмы атрымаў абаронца саудытаў Ясэр Аль-Шахрані – у футбаліста дыягнаставалі пералом сківіцы, пералом косці твару, страсенне мозгу, а яшчэ ў яго выбітыя некалькі зубоў. З-за ўнутранага крывацёку яму спатрэбілася неадкладнае хірургічнае ўмяшанне.
(здымак ніжэй можа вас устурбаваць!)
Вось што стала прычынай такіх пашкоджанняў.
На пятай дабаўленай хвіліне другога тайма аргентынцы, у спробах адыграцца, арганізавалі закід у штрафную плошчу сапернікаў, на перахоп якога з выстаўленым наперад каленам выйшаў брамнік Махамед Аль-Авайс. У гэты ж час барацьбу за мяч з аргенцінцам Наўэлем Малінай вёў Ясэр Аль-Шахрані, і пад раздачу трапіў менавіта ён.
Нягледзячы на відавочную траўманебяспечнасць эпізоду і Аль-Шахрані, які ляжыць у накаўце, пра што адразу ж прасігналізаваў брамнік саудытаў, атака Аргенціны працягвалася яшчэ 15 секунд –арбітр Слаўка Вінчыч даў свісток толькі пасля вынасу мяча.
Брамнік Махамед Аль-Авайс быў настолькі напалоханым, што яго супакойвалі і свае, і аргентынцы, і суддзя гульні. Апошняму Аль-Авайс відавочна выказваў за тое, што ён не адразу спыніў гульню.
Агулам Аль-Шахрані тры хвіліны аказвалі дапамогу на полі, а затым вынеслі на насілках. Падчас трансляцыі было відаць, як футбаліст паказвае два вялікія пальцы ўверх.
Але траўмы – вельмі сур'ёзныя. Зразумела, што больш Аль-Шахрані на катарскім ЧС не згуляе.