Tribuna/Біятлон/Блогі/Winterfell/Як там беларускі біятлон? Смольская ўзнагародзіла Смольскага, Сола вярнулася пераможна (Лешчанка скрамней), блiзяцца гонкі з кітайцамі

Як там беларускі біятлон? Смольская ўзнагародзіла Смольскага, Сола вярнулася пераможна (Лешчанка скрамней), блiзяцца гонкі з кітайцамі

У ЧБ быў старт з медалямі для ўсіх удзельнікаў.

Блог — Winterfell
Аўтар — bytribuna com
8 кастрычніка, 07:56
Як там беларускі біятлон? Смольская ўзнагародзіла Смольскага, Сола вярнулася пераможна (Лешчанка скрамней), блiзяцца гонкі з кітайцамі

Зборная Беларусі па біятлоне рыхтуецца прапусціць ужо другі сезон Кубка свету з-за міжнароднага бана, накладзенага ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. І нават калі раптам беларускіх спартосменаў дапусцяць на вялікія старты, галоўны трэнер зборнай Алег Рыжанкоў прадракае цяжкасці па візах і атрыманні дазволаў на правоз зброі. Хутчэй за ўсё, каманду чакаюць чарговыя турніры з расіянамі, да якіх, праўда, могуць дабавіцца прадстаўнікі яшчэ адной краіны.

Расказваем, у якім складзе зборная ўваходзіць у новы сезон і якія спаборніцтвы чакаюць біятланістаў.

Перадсезонку каманда пачала ў чэрвені ў Раўбічах. У ліпені адбыўся горны збор – разглядаліся варыянты ў Расіі, Турцыі і Казахстане, але ў выніку заехалі ў армянскі Цахкадзор. Пасля працы на Каўказе лідар мужчынскай часткі каманды Антон Смольскі распавёў, што ў яго «назіраецца прыбаўленне амаль па ўсіх паказчыках».

На будучы сезон трэнерскі штаб зборнай больш разлічвае на мужчынскую каманду. На думку Рыжанкова, у яе зараз аптымальны склад – акрамя Смольскага, гэта Дзмітрый Лазоўскі, Мікіта Лобастаў і Максім Варабей.

Самым актыўным у міжсезонне быў Смольскі. Перад працай на Каўказе паспеў паўдзельнічаць у праекце «У свеце армейскага спорту», арганізаваным спартыўным камітэтам узброеных сіл Лукашэнкі. Таксама ён не раз успамінаў пра Кубак свету – прарэжымніку хочацца туды вярнуцца, прычым ён упэўнены, што з чыстай стральбой будзе стабільна ў топ-6, але думае, што беларускіх спартсменаў «дапусцяць аднымі з самых апошніх».

З Арменіі каманда адправілася ў Сочы на першы этап Кубка Садружнасці – ён праходзіў з 7 па 10 верасня на лыжаролерах на асфальце. Перад стартам старшы трэнер мужчынскай зборнай Раман Сінічэнка запэўніў, што беларусы будуць выступаць у расійскіх спаборніцтвах «ужо на роўных правах», удзельнічаючы «і ў рэйтынгу, і ва ўзнагароджанні». Таксама да каманды далучыліся Аляксандр Кошын і Раман Ялётнаў.

Смольскі выйграў усе тры гонкі этапу – спрынт, праследаванне і мас-старт. Яшчэ адзін медаль узяў Ілля Аўсеенка – пры трох промахах фінішаваў трэцім у мас-старце. Астатніх беларускіх біятланістаў падвяла стральба.

У жаночай зборнай састаў прыкметна абнавіўся ў параўнанні з мінулым сезонам. Нават у плане трэнераў – старшым стаў 28-гадовы Раман Малуха.

Толькі ў красавіку чакае Рыжанкоў Дынару Смольскую. Прарэжымніца марыць, каб ёй з калегамі дазволілі вярнуцца на Кубак свету, але пакуль яе «задавальняе бачыць біятлон толькі па тэлевізары» – у канцы верасня яна нарадзіла сына мужу Смольскаму, для якога гэта ўжо другое дзіця.

У сваю чаргу, вярнуліся пасля родаў Ірына Лешчанка і Ганна Сола – паўнавартасна прыступілі да падрыхтоўкі па індывідуальнай праграме. Сола паспела заявіць, што яе галоўная мэта – АГ-2026, Лешчанка таксама хоча туды патрапіць, пасля чаго завяршыць кар“еру.

У міжсезонне зборная па ініцыятыве трэнерскага штаба развіталася з Аленай Кручынкінай, чые вынікі палічылі слабымі. Цяпер Кручынкіна выступае за зборную Цюменскай вобласці, прызнаўшыся, што ў яе засталася «няслабая крыўда». Засталася ў Беларусі сястра-блізня Алены Ірына, якая пасля вяселля носіць прозвішча Шаклеіна. У астатнім у жаночай паловы зборнай спрэс моладзь.

«Часам наганяюць моманты, калі даводзіцца шукаць маладых дзяўчат, якія заматываваныя паказваць вынік. На сённяшні дзень, вядома, ёсць спартсменкі-юніёркі і дзяўчаты маладыя, якія трэніруюцца ў нас у краіне. Рэзерв ёсць, але яго хацелася б больш», – казаў Рыжанкоў.

У Сочы на «летні» этап КС не паехалі ні Сола з Лешчанка (не прадугледжвалася планам), ні Шаклеіна (узніклі нейкія «сямейныя абставіны»). У выніку трэнеры выставілі толькі двух спартсменак – Адэліна Сабітава і Дар“я Кудаева не падняліся вышэй за 17-е месца. Пры гэтым Кудаева паспела заявіць, што хоча завяршыць сезон у топ-6 агульнага заліку КС і заязджаць у медалі. А вось натуралізаваная расіянка Сабітава пасля 27-га месца ў спрынце заявіла, што «не было перажыванняў, усё было ў класічным стылі».

Затое Сола і Лешчанка 23-24 верасня выступілі на чэмпіянаце Беларусі па летнім біятлоне. Ганна выйграла і спрынт, і мас-старт – праўда, гонкі былі зусім не масавымі: на першую выйшла шэсць біятланістак, другая аказалася гарантавана медальнай, таму што было толькі тры ўдзельніцы (Лешчанка прапусціла пасля бронзы ў спрынце). У мужчын на абедзве аналагічныя гонкі было заяўлена па 12 удзельнікаў – праўда, Смольскі не выйшаў на мас-старт. А вось у спрынце перамог – і атрымаў медаль ад жонкі, якую за некалькi дзён да родаў паставілі праводзіць цырымонію ўзнагароджання.

Што тычыцца планаў на турніры, то «снежная» частка Кубка садружнасці павінна пачацца толькі ў сярэдзіне снежня. Аднак у справу ўмяшаўся кіраўнік федэрацыі біятлона Маскоўскай вобласці Расіі Аляксей Нуждоў. Ён лабіруе новыя гонкі пад назвай «Ліга прафесійнага біятлона» – першыя плануюцца 18-19 лістапада ў расійскім Ханты-Мансійску, прычым з удзелам не толькі беларускіх і расійскіх спартсменаў.

«На будучыя спаборніцтвы прыедзе кітайскі клуб. У нас усё гатова – грошы, магчымасці, дамоўленасці ёсць. Засталося, каб [у Ханты-Мансійску] далі адмашку і ўключылі спаборніцтвы ў каляндар», – заявіў Нуждоў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты