Tribuna/Бокс/Блогі/Баксёр з Беларусі на ЧЕ прыняў удзел у «флэшмобе» па ігноры расіян. Зрабіў гэта самым дзіўным чынам

Баксёр з Беларусі на ЧЕ прыняў удзел у «флэшмобе» па ігноры расіян. Зрабіў гэта самым дзіўным чынам

Але грошы і медаль атрымаў, а вось допуску на Алімпіяду пакуль няма.

Аўтар — bytribuna com
30 красавіка, 11:31
Баксёр з Беларусі на ЧЕ прыняў удзел у «флэшмобе» па ігноры расіян. Зрабіў гэта самым дзіўным чынам

У канцы красавіка ў сталіцы Сербіі Бялградзе завяршыўся чэмпіянат Еўропы па боксе. На ім былі беларускія ўдзельнікі, з якіх трое (усе яны падпісваліся за рэжым) зʼехалі з медалямі: Аляксей Алфёраў узяў срэбра, а Арына Данільчык і Вікторыя Кебікава атрымалі бронзы.

Чаму менавіта «атрымалі»? Мяркуйце самі: Данільчык для ўзнагароды прыйшлося выйграць адзін паядынак, супраць сербкі Анастасіі Лукаіч – гэта адразу вывела ў паўфінал, дзе пройгрыш венгерцы Рэгіне Лакос і прынёс бронзу (у боксе няма сустрэч за трэцяе месца). Кебікава ж проста стартавала з паўфіналу – у яе катэгорыі было ўсяго чатыры ўдзельніцы. Так што паражэнне тэхнічным накаўтам у другім раўндзе першага ж бою супраць расіянкі Алены Гапешынай не перашкодзіла беларускай спартсменцы атрымаць свой медаль (а з ім яшчэ і 5 тысяч долараў). Зрэшты, да такога ўзроўню супраціву ў белбоксе не абвыкаць.

Кебікава пры адліку тэхнічнага накаўту

Зрэшты, статус турніру ў прынцыпе выклікаў сумневы. Чэмпіянат праводзіўся пад эгідай Еўрапейскай канфедэрацыі бокса (EUBC) – падраздзялення Міжнароднай асацыяцыі бокса (IBA). З 2019-га Міжнародны алімпійскі камітэт гэтую арганізацыю не прызнае – спачатку там быў крызіс у кіраванні, а ў 2020-м IBA узначаліў прапуцінскі прамоўтар Умар Крамлёў, які да вяселля насіў прозвішча Лутфулоеў. У IBA ён прыцягнуў галоўным спонсарам гіганта расійскага рэжыму «Газпрам», вырашыўшы грашовыя пытанні, але гэта не дапамагло «аднавіцца» у МАК – хапала іншых праблем. А наогул у Крамлёва каламутная біяграфія – быў судзімы за вымагальніцтва і пабоі, але затым прабіўся ў кругі «эліт».

У 2022 годзе МАК рэкамендаваў міжнародным федэрацыям адхіліць расійскіх і беларускіх спартсменаў у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. IBA спачатку паслухалася, але ўжо ў кастрычніку таго ж года вырашыла дапускаць прадстаўнікоў краін-агрэсараў, прычым не ў нейтральным статусе, а з іх дзяржсімволікай, якую МАК не прымае да гэтага часу. Пасля такога бокс быў пад пагрозай выключэння з алімпійскай праграмы. У выніку МАК усё ж пакінуў від у Парыжы, аднак праводзіць сваю кваліфікацыю на Гульні.

IBA існуе асобна і ладзіць уласныя турніры – якія шэраг краін байкатуюць праз пазіцыю федэрацыі па расійска-беларускім пытанні. На сёлетні ЧЕ не прыехалі зборныя Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Даніі і Украіны, а адзіны спартсмен з Нідэрландаў выступаў пад нейтральным флагам.

Медальны залік турніру з адрывам выйгралі расіяне – забралі 11 з 25 залатых медалёў. Прычым тры з іх, у адзін дзень 28 красавіка, атрымалі без барацьбы ў вырашальнай стадыі. Спачатку ў рынг супраць Габіла Мамедава не выйшаў малдаванін Аляксандру Параскіў – потым гэта растлумачылі медычным нядопускам праз рассячэнне брыва ў паўфінале. Потым Муслім Гаджымагамедаў па невядомай прычыне не дачакаўся армяніна Нарака Мінасяна.

А паміж гэтымі падзеямі зусім ужо дзівосна паводзіў сябе згаданы беларускі баксёр Алфёраў. Падпісанта за рэжым у фінале чакаў расіянін Шарабутдзін Атаеў, які праз адмовы супернікаў і так фактычна выйшаў на рынг упершыню ў паўфінале. Алфёраў да сустрэчы з Атаевым перамог у трох баях – і, як потым заявілі рэжымныя крыніцы, атрымаў траўму рукі, праз якую «адмовіўся ад удзелу» ў вырашальным паядынку. Вось толькі здарылася гэта не да бою – Алфёраў выйшаў у рынг, з ударам у гонг пайшоў на суперніка, паспеў нанесці два ўдары за тры секунды, пасля чаго з беларускага кута на рынг паляцеў белы ручнік, сімвал здачы.

На гэтым Атаеў быў абʼяўлены пераможцам, а потым сам дзівіўся: «Самы лёгкі турнір у маёй карʼеры. Алфёраў падышоў да мяне і сказаў, што здымаецца з паядынку. Я не хацеў гэтага чуць, вельмі хацеў баксіраваць, але ён паўтарыў мне яшчэ раз». Зрэшты, выйсці на пʼедэстал за медалём і сертыфікатам на 10 тысяч долараў Алфёраву ўжо нічога не перашкодзіла – і ён спакойна слухаў гімн Расеі ў гонар Атаева.

А вось яшчэ адзін фіналіст, грузін Лаша Гурулі, павёў сябе зусім інакш. Саступіўшы золата расіяніну Тархану Ідыгаву, Гурулі на пастаменце пад гімн Расіі круціўся і папраўляў адзенне, а потым, паціснуўшы руку Ідыгаву і бронзавым прызёрам, замест сумеснага фота проста сышоў.

Ідыгаў потым сказаў, што Гурулі падышоў да яго і растлумачыў, што справа ў арбітрах сустрэчы – хоць расіянін не зразумеў, «пры чым тут суддзі, калі ён сам зняўся з бою ў другім раўндзе, калі пачалі яго біць». У EUBC абяцалі асобна разгледзець паводзіны спартсмена, дзякуючы срэбру якога, дарэчы, Грузія ў медальным заліку ЧЕ на адну пазіцыю апярэдзіла Беларусь, ссунуўшы яе на 12-е месца.

Ці будзе нехта з цяперашніх беларускіх медалістаў на Алімпіядзе? Гэта вызначыцца на другім сусветным адборы МАК, які пройдзе ў канцы траўня ў Тайландзе. Першы праходзіў у сакавіку ў Італіі – там з беларускіх баксёраў удзельнічалі толькі Алфёраў і Аляксандр Радзівонаў, але абодва не змаглі дабіцца поспеху. Для таго, каб усё ж паехаць на АГ, у выпадку Алфёрава, напрыклад, трэба патрапіць у топ-3 яго катэгорыі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты