Tribuna/Футбол/Блогі/Харват Лівакавіч – галоўнае варатарскае адкрыццё ЧС: мог стаць баскетбалістам, заззяў толькі ў 27, зацікавіў «Баварыю»

Харват Лівакавіч – галоўнае варатарскае адкрыццё ЧС: мог стаць баскетбалістам, заззяў толькі ў 27, зацікавіў «Баварыю»

Фанаты Football Manager ведалі пра яго і раней.

13 снежня 2022, 14:17
1
Харват Лівакавіч – галоўнае варатарскае адкрыццё ЧС: мог стаць баскетбалістам, заззяў толькі ў 27, зацікавіў «Баварыю»

ЧС-2022 падарыў нам як мінімум два варатарскіх адкрыцці. Адно з іх – мараканец Ясін Буну – у гэтую катэгорыю падпадае вельмі ўмоўна: гуляе ў адным з найпрэстыжнейшых клубаў Іспаніі, «Севільі», у свой час рабіў фінт Зідана ў сваёй штрафной, гуляў у майндгеймз з Холандам і нават вырваў нічыю голам на 94-й. То-бок, для тых, хто сочыць за топавым футболам, яго імя дакладна не было ўвогуле незнаёмым – адкрыццё, хутчэй, у тым, што ён гуляе настолькі моцна.

Іншая справа – брамнік зборнай Харватыі Дамінік Лівакавіч, які ўсю кар'еру правёў (пакуль) у дамашнім чэмпіянаце – у 2012-2016 гадах гуляў за «Заграб», затым і па гэты дзень – за «Дынама» з таго ж горада.

Знаёмімся з ім бліжэй.

Мог стаць дыпламатам і баскетбалістам

Першым відам спорту, якім у дзяцінстве зацікавіўся Лівакавіч, быў баскетбол – з ім Дамініка пазнаёміў яго бацька. Сувязі гэтага віда спорту з сям“ёй былі цеснымі – дзядуля Войміл уваходзіў у праўленне баскетбольнага клуба «Задар». Сябар Лівакавіча нават згадваў, што таму добра ўдаваліся трохачковыя кідкі (быццам ён цяпер сказаў бы нешта іншае).

Аднак менавіта дзядуля пазнаёміў Дамініка з футболам. У выніку Лівакавіч засяродзіўся на ім: «Як кожнае дзіця, я прайшоў некалькі відаў спорту, у тым ліку і баскетбол, пакуль не зразумеў, што мая любоў – быць на газоне з мячом. Ад самага пачатку мой дзядуля быў побач са мной, і ён найбольш адказны за тое, дзе я зараз. Ён навучыў мяне шмат чаму ў жыцці». З выбарам пазіцыі праблем не было: «Я не гуляў на полі, як некаторыя, і толькі потым вырашыў, што мне лепш паміж стойкамі. Пачаў займацца футболам у шэсць гадоў, а ўжо на другой трэніроўцы стаў галкіперам». Дзядуля яшчэ і вазіў Дамініка на трэніроўкі і забіраў апасля – іх сувязь сапраўды была прыгожай гісторыяй.

Войміл вельмі захапляўся футбольнай будучыняй свайго ўнука. У 2007-м, калі Дамініку было толькі 13 гадоў, нават папрасіў у тагачаснага галоўнага таленту заграбскага «Дынама» і нядаўняга дэбютанта зборнай Луку Модрыча пакінуць аўтограф на фотаздымках свайго ўнука.

Пры гэтым жыццё Лівакавіча магло пайсці зусім іншым шляхам – і ён бы прадстаўляў зараз Харватыю як дыпламат (магчыма, і ў Катары). Яго сям“я – адукаваная, бацька пэўны час працаваў дзяржсакратаром у міністэрстве марскіх спраў, транспарту і інфраструктуры Харватыі. Таксама і Дамінік хацеў пасля школы атрымаць вышэйшую адукацыю – і нават паступіў на міжнародныя адносіны. Навучанне прыйшлося прыпыніць праз прафесійную кар“еру, але яшчэ чатыры гады таму ён планаваў давучыцца і пайсці дыпламатычным шляхам па яе завяршэнні.

«Мае блізкія, мабыць, менш за ўсё шкадуюць, што я абраў мяч замест кнігі. Насамрэч, я ўпэўнены, што яны рады, што я вырашыў прыпыніць вучобу», – жартаваў ён.

Амаль усю кар'еру правёў у цені Даніэля Субашыча, але быў зоркай Football Manager

Імя Дамініка Лівакавіча дакладна не чужое для тых, хто гуляе ў вышэйзгаданую гульню. Адзін з найбуйнейшых твітэр-акаунтаў пра FM, Out of Context Football Manager (звыш 250 тысяч падпісчыкаў), пасля перформансу харвата ў серыі пенальці з Японіяй, адрэагаваў даволі выразна:

«Лівакавіч. Спадчына Football Manager».

Дамінік сапраўды карыстаўся асаблівай любоўю у фанатаў гульні. У апошняй версіі ён мае СА (цяперашнія здольнасці) 143 з 200 і РА (патэнцыяльныя здольнасці) 144 – то бок, лепшым ужо не стане. Але, для кантэксту, гэта ўзровень Хероніма Рульі з «Вільярэала», Альфонса Арэоля з «Вест Хэма», толькі крыху горш за Кевіна Трапа з «Айнтрахта» і Кепы Арысабалагі з «Чэлсі». То-бок такі сабе вельмі нядрэнны брамнік. З відавочна вялікіх плюсаў – заграбскае «Дынама» у Football Manager ніколі не папросіць тых жа грошай, што «Вільярэал» за Рульі.

Праўда, чым далей гульня і Лівакавіч развіваліся, тым станавілася цяжэй: у 23-й версіі гульні ён ужо каштуе прыкметна даражэй, і калі яго не купіць у першае-другое акно, то далей утвараецца вялікая верагоднасць яго ўцёкаў у топ-лігі, адкуль набыць харвата амаль нерэальна. А з яго выступамі на ЧС не факт, што ў зімовым і вясновым апдэйтах базы ён будзе заставацца такім жа даступным.

Вось, напрыклад, у адным з сэйваў FM23 ён перайшоў узімку з «Дынама» ў «Лестэр» і адразу падаражэў з прамежку ў 5-15 млн еўра да 11-35 млн (і з улікам кантраку да 2027-га падпісаць яго ў бліжэйшы час наогул будзе нерэальна):

Ітак, яму ўжо 27, ён валодае (як выявілася цяпер для ўсіх) нядрэннымі ўменнямі, але да гэтага часу не гуляў нідзе па-за Харватыяй (на дарослым узроўні наогул па-за горадам Заграб). Адна з прычын – трывалая адсутнасць якраз вось такой міжнароднай трыбуны (у еўракубках хоць і меў нядрэнныя перформансы ў супрацьстаянні з «Тотэнхэмам» і «Чэлсі», але абодва гранды былі ў даволі крызісным стане). Вы маглі забыцца, але Лівакавіч – фіналіст ЧС-2018 з Харватыяй. Праўда, у браме тады тварыў цуды Даніэль Субашыч, а яго 23-гадовы наступнік назіраў за гэтым з лаўкі.

«Для мяне Даніэль Субашыч заўсёды быў адным з найлепшых брамнікаў у свеце, і я часта запытваў у яго парады ў сваёй кар“еры. Сёння Суба кажа мне, што самае важнае для брамніка – быць спакойным і слухаць сябе і свае інстынкты ў браме», – распавядаў Лівакавіч у 2018-м. Здаецца, спадчыну Субашычу перадаць удалося.

Топ-клубы даўно цікавяцца ім і ў рэальнасці – але штуршком да пераезду можа стаць самая недарэчная траўма сезону

Лівакавіча ўжо не першы год звязваюць з рознымі клубамі. Гэта быў хто заўгодна – нарэшце, нават фактар папулярнасці ў Football Manager уплывае на пападанне гульцоў у «шорт-лісты» клубаў. Дэвід Арнштэйн з The Athletic расказваў, што толькі сёлета «МЮ», «Лестэр» і «Ноцінгем Форэст» маглі перавезці харвата ў АПЛ. Аднак «МЮ» захацеў проста бэкапа для Дэ Хеа (Марцін Дубраўка), «Форэст» гэтым скарыстаўся і ўзяў у арэнду больш звыклага да Англіі Дзіна Хендэрсана, а «Лестэр» проста вырашыў, што заменіць Шмейхеля трэцім брамнікам.

Зараз жа невялікая верагоднасць пераезду ў Англію застаецца – французскі Media Foot звязвае яго з «Лідсам» (незразумела, навошта гэта клубу з жывым Іланам Мелье). А турэцкія СМІ ўжо традыцыйна аднеслі Лівакавіча да ўсіх турэцкіх грандаў.

Аднак самы сур“ёзны варыянт для Лівакавіча – «Баварыя». Яе асноўны брамнік Мануэль Ноер настолькі добра адпачыў на лыжным туры, што зламаў галёнку і выбыў да канца сезона.

Свену Ульрайху кіраўніцтва наўрад ці гатовае даверыцца цалкам, Александэр Нюбель спакойна пачувае сябе ў «Манака» (і няма ў дамове палажэння, якое б дазволіла яго проста ўзяць і забраць) – у Мюнхене звярнулі ўвагу на харвата.

Як паведаміў нямецкі Sky Sports, «Баварыя» ўжо распачала перамовы з прадстаўнікамі гульца. Пакуль што яны знаходзяцца на пачатковай стадыі. Нікола Скіра таксама паведаміў, што мюнхенцы ўжо зрабілі запыт адносна Лівакавіча і ў «Дынама» Заграб.

Але, магчыма, гэта яшчэ не апошнія навіны адносная яго – калі Харватыя (= Лівакавіч) у серыі пенальці выб“е яшчэ і Аргенціну, то Дамініку дакладна давядзецца адкласці свае дыпламатычныя амбіцыі яшчэ на некалькі гадоў.

Шкада толькі, што дзядуля Войміл да зорнага часу свайго ўнука не дажыў.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты