Tribuna/Футбол/Блогі/Як склаўcя лёс найдаражэйшых трансфераў АПЛ: толькі чвэрць можна назваць удалымі, «МЮ» правальваецца часцей за іншых

Як склаўcя лёс найдаражэйшых трансфераў АПЛ: толькі чвэрць можна назваць удалымі, «МЮ» правальваецца часцей за іншых

Цяпер Мудрык таксама ў спісе.

29 студзеня 2023, 09:54
Як склаўcя лёс найдаражэйшых трансфераў АПЛ: толькі чвэрць можна назваць удалымі, «МЮ» правальваецца часцей за іншых

Узімку топ-20 трансферных рэкордаў АПЛ абнавіў украінец Мiхаiл Мудрык, які папоўніў склад «Чэлсі» за 70+30 млн еўра. Пакуль што лічым, што данецкі «Шахцёр» атрымаў за яго 70, а калі б гэта была патэнцыйная сотня, то Мудрык быў бы нават у топ-5.

Як склаўся лёс самых дарагіх футбалістаў у гісторыі самай дарагой і папулярнай лігі футбольнай планеты? Хто адкрыта праваліўся, хто адпрацаваў патрачаныя на яго грошы, а пра каго пакуль рана судзіць? Паспрабуем ацаніць шарыкамі розных колераў.

20. Рыяд Марэз, 67,8 млн еўра

«Лестэр» → «Манчэстэр Сіці»

Улетку 2018 года алжырац стаў найдаражэйшыім гульцом з Афрыкі, калі «Сіці» аддаў за яго 67,8 млн еўра. На той момант гэта быў рэкордны трансфер таксама і для манчэстэрскага клуба. Цяжка адназначна заявіць, што гэты трансфер быў удалым ці няўдалым. Часам Рыяду не хапала стабільнасці, але ўсё ж 73 галы і 50 асістаў за 4,5 сезона – гэта вельмі нядрэнна. Было нямала матчаў, калі менавіта намаганнямі Марэза каманда Пепа мяняла ход матчаў. Так што правальным гэты пераход дакладна нельга назваць.

Сума трансферу апраўдала сябе 🟢

19. Міхаіл Мудрык, 70 млн еўра

«Шахцёр» Д → «Чэлсі»

У Міхаіла ёсць усё, каб адпрацаваць кожны мільён, які лонданцы за яго заплацілі. Дэбют падаўся вельмі нядрэнным, але не будзем спяшацца з прагнозамі – Шаўчэнка калісьці пачаў кар'еру ў «Чэлсі» з гола супраць «Ліверпуля», але да гэтага часу ўваходзіць у разнастайныя падборкі правальных трансфераў.

Пакуль што складана ацаніць 🟡

18. Аляксандэр Ісак, 70 млн еўра

«Рэал Сасьедад» → «Ньюкасл»

За 23-гадовага шведа відавочна пераплацілі – трансфер быў экстраным (у «сарок» траўмаваўся Калум Уілсан), а «Рэал Сасьедад» гэтым і скарыстаўся, выціснуўшы з «Ньюкасла» на 20-30 мільёнаў больш, чым Ісак сапраўды каштуе. Аляксандэр хутка атрымаў траўму, з-за якой выбыў на некалькі месяцаў, і ўвогуле правёў пакуль толькі 365 хвілін за англійскі клуб. Але ўжо паспеў паказаць, што ён можа стаць лідарам каманды – напрыклад, нядаўна вырваў перамогу над «Фулхэмам» і зрабіў выдатны асіст на Жоэлінтана ў паўфінале Кубка лігі.

Пакуль што складана ацаніць 🟡

17. Каземіра, 70,65 млн еўра

«Рэал» → «Манчэстэр Юнайтэд»

Яшчэ адзін новы трансфер. Каземіра адразу ўпісаўся ў гульню манкуніянцаў, стаўшы адным з лідэраў. Гэтага ад яго і чакалі, калі аддавалі 70 мільёнаў за 30-гадовага паўабаронцу. Пакуль усё выглядае так, што гэты трансфер у выніку праз гады можна будзе аднесці да спісу ўдалых пераходаў.

Пакуль што складана ацаніць 🟡

16. Рубен Дыяш, 71,6 млн еўра

«Бенфіка» → «Манчэстэр Сіці»

Партугалец акупіўся ў першым жа сезоне, стаўшы найважнейшай часткай чэмпіёнскай каманды і найлепшым гульцом АПЛ у цэлым. Вельмі разумнае ўкладанне грошай. Рубену ўсяго 25, хоць часам складаецца адчуванне, што гэта адзін з ветэранаў – настолькі ён упэўнены і стабільны. Траўмы таксама пакуль не моцна выбіваюць – усяго 14 прапушчаных матчаў за 2,5 сезона.

Сума трансферу апраўдала сябе 🟢

15. Анхель Дзі Марыя, 75 млн еўра

«Рэал» → «Манчэстэр Юнайтэд»

Улетку 2014 года здавалася, што аргенцінскі паўабаронца ў росквіце сіл стане адным з тых, хто дапаможа «МЮ» нарэшце вярнуцца на ўзровень часоў эпохі Фергюсана. Аднак гэта быў поўны правал. У Анхеля не склаліся стасункі з ван Галам, ды й сама краіна не падышла ні яму, ні яго сям'і. Нягледзячы на прыстойныя 4+12 у 32 матчах за манкуніянцаў, калі праз год яго ўдалося прадаць у Парыж за 63 мільёны, у Манчэстэры з палёгкай выдыхнулі.

Сума трансферу не апраўдала сябе 🔴

14. Кевін Дэ Бруйнэ, 76 млн еўра

«Вольфсбург» → «Манчэстэр Сіці»

Ужо каля 8 гадоў «Сіці» асацыюецца з Дэ Бруйнэ, а Кевін – з «Сіці». Ці варта яшчэ што-небудзь казаць пра гэты трансфер? Калі возьме з манкуніянцамі ЛЧ, то можна будзе аднесці гэты пераход да легендарных.

Сума трансферу апраўдала сябе 🟢

13. Кепа Арысабалага, 80 млн еўра

«Атлетык» → «Чэлсі»

Самы дарагі брамнік у гісторыі футбола быў асноўным гульцом «Чэлсі» ўсяго два сезоны, а затым стаў аб'ектам для насмешак. Кепа, праўда, і сам у гэтым вінаваты. Пакуль што гэта на 100% адзін з самых кепскіх трансфераў у гісторыі АПЛ, аднак не спяшаемся ставіць крыж на іспанцы. Кар'еры брамнікаў вельмі адрозніваюцца ад кар'ер гульцоў з іншых пазіцый, таму цалкам магчыма, што толькі 28-гадовы Арысабалага яшчэ пакажа сябе.

Сума трансферу не апраўдала сябе 🔴

12. Нікаля Пепэ, 80 млн еўра

«Ліль» → «Арсенал»

Яшчэ адзін правал. Ці шмат вы ведаеце трансфераў, пасля якіх клубы распачынаюць унутранае расследаванне, праз якое звальняюць спартыўнага дырэктара? Вядома, гэта не той выпадак, калі гулец зламаўся, байкатаваў ці ўвогуле раствараўся на полі. У Пепэ ўсё ж такі ёсць 27+21 за тры сезоны. Аднак той факт, што ўлетку яго адпусцілі ў арэнду ў «Ніцу», таксама шмат пра што кажа.

Сума трансферу не апраўдала сябе 🔴

11. Кай Хаверц, 80 млн еўра

«Баер» → «Чэлсі»

78,85 з 80 млн еўра немец адпрацаваў, калі забіў пераможны мяч у фінале Лігі чэмпіёнаў 2020/21. Ужо за гэта яго трансфер можна лічыць удалым. Але мы не будзем меркаваць па адным удары. Усё ж Хаверц заслужыў пахвалу і за іншыя выступы ў складзе лонданцаў. Універсальны гулец, здольны згуляць амаль на ўсіх пазіцыях у атацы і паўабароне, адзін з найважнейшых футбалістаў і пад кіраўніцтвам Тухеля, і пад кіраўніцтвам Потэра.

Сума трансферу апраўдала сябе 🟢

10. Дарвін Нуньес, 80 млн еўра

«Бенфіка» → «Ліверпуль»

Калі ты становішся героем мемаў у першым сезоне – гэта дрэнны знак. Аднак не будзем спісваць уругвайца. Дарвін забіў 10 мячоў за мерсісайдцаў, але гэтая лічба магла б быць значна большай, калі б не кульгавая рэалізацыя. Магчыма, калі Нуньес да канца адаптуецца ў АПЛ, мы ўбачым займальную бамбардзірскую гонку з Холандам.

Пакуль што складана ацаніць 🟡

9. Уізлі Фафана, 80,4 млн еўра

«Лестэр» → «Чэлсі»

На дадзены момант 108 з 148 дзён у «Чэлсі» Фафана правёў па-за гульнёй з-за траўм. Наўрад цi гэты факт стаў вялікім адкрыццём для лонданцаў – француз пралячыўся амаль увесь мінулы сезон, калі быў яшчэ ў складзе «Лестэру». Пытанне: ці варта плаціць такую суму за траўматычнага гульца? Але ўбачым, як будзе далей.

Пакуль што складана ацаніць 🟡

8. Вірджыл ван Дэйк, 84,65 млн еўра

«Саўтгемптан» → «Ліверпуль»

З «Ліверпулем» ван Дэйк выйграў ужо ўсе магчымыя трафеі. А калі б мерсісайдцы не аддалі «Саўтгемптану» немалую суму, то ўсіх гэтых трафеяў магло б і не быць. Вірджыл ужо дзейная легенда клуба.

Сума трансферу апраўдала сябе 🟢

7. Рамелу Лукаку, 84,7 млн еўра

«Эвертан» → «Манчэстэр Юнайтэд»

Мабыць, самы цяжкі выпадак для адзнакі. З аднаго боку, Лукаку забіў 42 разы за два сезоны, што цалкам нядрэнна для форварда. З іншага – калі клуб плаціць такія грошы, то, верагодна, чакае не проста прыстойнай, а топавай рэзультатыўнасці. Хоць тут варта адзначыць, што, напрыклад, у сезоне 2018/19 увесь «Манчэстэр Юнайтэд» дэманстраваў непераканаўчую гульню (у адрозненне ад першага сезона з бельгійцам у складзе). Але калі мы ацэньваем у першую чаргу з улікам сумы трансферу, то ўсё ж такi дадзім гэтаму пераходу статус няўдалага.

Сума трансферу не апраўдала сябе 🔴

6. Джэйдан Санча, 85 млн еўра

«Барусія» Д → «Манчэстэр Юнайтэд»

Калі Джэйдан пераходзіў у манчэстэрскі клуб, то ці наўрад мог уявіць, што параўнанне з Агентам 007 будзе насмешкай з яго статыстыцы. Пакуль Санча проста растварыўся. Калі не ведаць, што за хлопца заплацілі 85 млн еўра, то па яго гульні можна было б падумаць, што гэта проста перспектыўны футбаліст з акадэміі, якому даюць час, каб рэалізаваць сябе, і не чакаюць вынікаў тут і зараз. Джэйдану ўсяго 22, таму ўсё яшчэ наперадзе, але пакуль – жалезна няўдалае падпісанне.

Сума трансферу не апраўдала сябе 🔴

5. Хары Магуайр, 87 млн еўра

«Лестэр» → «Манчэстэр Юнайтэд»

Яшчэ адзін прадстаўнік «МЮ». З Гары ўсё складана і проста адначасова. Па ўсіх жартах ужо неяк і згубіліся ўспаміны пра яго класную гульню, а заўзятары часцей чакаюць падстаў для смешных відэа. Сыдземся на такім сцвярджэнні: Магуайр – не правал, але і 87 млн еўра – адкрыта шмат за яго. Здаецца, «Лестэр» ідэальна вызначыў пікавы момант, калі за Гары можна было запатрабаваць такую суму, хоць і тады гэта здавалася пераборам. Тое, што гэты трансфер будзе аднесены да спісу няўдалых, – больш віна перагаворшчыкаў з боку манкуніянцаў, чым самога гульца.

Сума трансферу не апраўдала сябе 🔴

4. Антані, 95 млн еўра

«Аякс» → «Манчэстэр Юнайтэд»

У бразільца таксама ёсць усе шанцы папоўніць пералік няўдалых падпісанняў, але не будзем спяшацца. Ён вельмі таленавіты, магчыма, тэн Хаг зможа вывесці Антані на новы ўзровень, як і ўсю каманду.

Пакуль што складана ацаніць 🟡

3. Поль Пагба, 105 млн еўра

«Ювентус» → «Манчэстэр Юнайтэд»

Усяго два трафеі за шэсць сезонаў, затое 100 прапушчаных з-за траўмаў матчаў і шмат скандалаў. Кар'ера Поля ў Манчэстэры вельмі неадназначная. Часам ён выглядаў найлепшым паўабаронцам свету, але калі справы на поле не ішлі, Пагба рэдка быў хлопцам, які мог пераламаць ход сустрэчы і павесці за сабой каманду. Чаго ад яго і чакалі, падпісваючы ў 2016 годзе. Хаця з ацэнкай гэтага пераходу можна спрачацца.

Сума трансферу не апраўдала сябе 🔴

2. Рамелу Лукаку, 113 млн еўра

«Інтэр» → «Чэлсі»

А тут ніякіх спрэчак не можа быць. Другі па кошце трансфер у гісторыі АПЛ – поўны правал. Тут усё не на баку Рамелу – і выніковасць (усяго 8 галоў у АПЛ), і сума, і гісторыі па-за полем. У якасці пацверджання правальнасці – арэнда 113-мільённага форварда ў «Інтэр» мінулым летам.

Сума трансферу не апраўдала сябе 🔴

1. Джэк Грыліш, 117,5 млн еўра

«Астан Віла» → «Манчэстэр Сіці»

«Манчэстэр Сіці» мог бы стаць героем гэтага матэрыялу, асабліва на фоне суседзяў і «Чэлсі». Трансферы Марэза, Дыяша і Дэ Бруйнэ былі пазначаныя зялёным колерам, але падпісанне Джэка Грыліша за неверагодныя 117,5 млн калі не перакрэслівае ўсё, то проста не дае назваць «гараджан» майстрамі трансферных спраў. Ёсць надзея, што Пеп усё ж зможа знайсці правільную ролю для Джэка і зрабіць яго незаменным гульцом, але пакуль складана ўявіць як. На дадзены момант – відавочная пераплата, самая вялікая ў гісторыі АПЛ.

Сума трансферу не апраўдала сябе 🔴

***

Што маем у выніку:

◉ 6 трансфераў пакуль складана ацаніць – гэта сведчыць аб тым, што з кожным сезонам клубы АПЛ будуць траціць усё больш, таму гэты спіс можа значна абнавіцца ўжо летам-2023;

◉ усяго 5 зялёных шарыкаў, тры з якіх – на рахунку «Сіці»;

◉ 9 чырвоных шарыкаў – амаль палова з топа самых дарагіх трансфераў апынулася правальнай. 5 з іх – у выкананні «МЮ». Наступнаму кіраўніцтву «чырвоных д'яблаў» варта задумацца над трансфернай палітыкай;

◉ толькі 1 трансфер у першай дзясятцы – удалы. Гаворка пра ван Дэйка. Відавочна, часта цэннік маральна цісне на гульцоў. Ну і яшчэ гэта гаворыць аб тым, што англійскія клубы сапраўды любяць раскідвацца грашыма.

Фота: Mark Cosgrove/Global Look Press; Andy Rowland/Global Look Press; Paul Marriott/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты