Tribuna/Футбол/Блогі/Чаму «Інтэр» Маямі не збірае поўны стадыён на 21 тысячу гледачоў, нягледзячы на прыезд Месі

Чаму «Інтэр» Маямі не збірае поўны стадыён на 21 тысячу гледачоў, нягледзячы на прыезд Месі

Тлумачым

Аўтар — Бона Сфорца
7 жніўня, 06:40
Чаму «Інтэр» Маямі не збірае поўны стадыён на 21 тысячу гледачоў, нягледзячы на прыезд Месі

Матчы «Інтэра» Маямі на іх стадыёне DRV PNK у Форт-Лодэрдэйле ў Кубку ліг дагэтуль не сабраў аншлага пасля пашырэння да 21 тысячы месцаў.

На матчы з «Крус Асуль» было 20 512 заўзятараў, на «Атланце» – 19 758, на «Арланда» – 20181. Вядома, гэта 97,7%, 94% і 96,1% запаўняльнасці адпаведна, але на матчах не самага вялікага стадыёна заставаліся вольныя месцы – прычым на «Атланце» іх было больш за тысячу.

Чаму так?

Адказ – дынамічнае коштаўтварэнне, якое выкарыстоўвае «Інтэр» разам з галоўнай пляцоўкай продажу квіткоў

«Інтэр» Маямі прадае свае квіткі праз платформу-манапаліста ў ЗША – Ticketmaster. Тая, у сваю чаргу, мае функцыю дынамічнага коштаўтварэння – калі кошт фармуецца не «адміністрацыйна» (то бок клуб вызначыў, што квіткі ў адным сектары каштуюць 50 долараў, у іншым – 100 долараў, і на гэтым усё), а ў адпаведнасці з попытам на іх. Большасць з нас ужо сутыкалася з дынамічным коштаўтварэннем – менавіта яго ўжываюць авіялініі пры фармаванні цаны на квіток.

Уласна, у футболе дынамічнае коштаўтварэнне Ticketmaster, як растлумачыў The Athletic, улічвае час пачатку і дату матчу, бачнасць з пэўнай кропкі стадыёна і, вядома ж, попыт.

Так, на матч з «Крус Асуль», дзе дэбютаваў Месі, самы танны квіток каштаваў, паводле звестак Forbes, 325 долараў, сярэдні кошт складаў 830 долараў. Гэта рост амаль на 500% у параўнанні з тым, за якія грошы «Інтэр» прадаваў квіткі раней – тады можна было патрапіць на арэну і за 29 долараў.

На «Атланту» попыт быў ужо зусім іншым – цэны на квіткі ўпалі да 180 долараў, перад стартавым свістком іх усё яшчэ можна было набыць за 200-220 долараў.

На «Арланда» самы танны квіток каштаваў 105 долараў, за чатыры гадзіны да пачатку матча ён падаражэў да 160 долараў, аднак праз неспрыяльныя ўмовы надвор’я і затрымку пачатку матча кошт упаў да 73 долараў.

The Athletic таксама паразмаўляў з дацэнтам кафедры эканомікі ўніверсітэта Маямі Айчай Каяй. Яна патлумачыла, што «Інтэру» цалкам можа быць больш выгадная стратэгія не запоўненых да канца трыбун, пакуль прыбытак ад прададзеных квіткоў прыносіць больш выгады. А таксама адзначыла, што большасць усё роўна будзе хадзіць на матч – любоў да сокера ў Маямі пераважае здаровы сэнс:

«Калі «Інтэр» ацэньвае, што іх кліенты не вельмі адчувальныя да цаны і павышэнне цаны не памяншае продажы вельмі моцна, ці, наадварот, зніжэнне цаны не павялічвае продажы істотна, тады аптымальна паставіць высокія цэны, але мець пустыя месцы.

Паўднёвая Фларыда дзякуючы сваёй дэмаграфіі, верагодна, з’яўляецца рэгіёнам ЗША, дзе больш за ўсё футбольных заўзятараў, якія вельмі высока цэняць Месі. Такія моцныя перавагі часта робяць попыт неадчувальным да змены цэнаў датуль, пакуль чалавек можа дазволіць сабе куплю квітка».

Дынамічнае коштаўтварэнне ад Ticketmaster трапіла пад масавую крытыку праз тур Тэйлар Свіфт. У Масачусецы хацелі яго забараніць наогул

Як бы там ні было, а дынамічнае коштаўтварэнне на квіткі ў ЗША і свеце ледзь не з моманту ўкаранення выклікае мноства негатыўных рэакцый. Усё таму, што Ticketmaster не проста змяняе кошт пахвілінна – ён яго працягвае змяняць нават тады, калі вы ўжо абралі месцы і афармляеце замову. Вось як пра гэта расказвала фанатка Гары Стайлза для BBC, калі ў кастрычніку 2022-га купляла квіток на адно з ягоных шоу:

«Я паклала ў свой кошык два квіткі коштам 155 фунтаў кожны на стадыён «Уэмблі», але калі я націснула «набыць», з’явілася паведамленне, што яны больш не даступныя.

Я пракруціла экран уніз, і там было напісана: «квіткі па 386 фунтаў стэрлінгаў за штуку» у тым жа сектары. У рэшце рэшт, я магла б іх атрымаць, але я адмовілася, таму што гэта былі тыя ж самыя квіткі. Мяне гэта вельмі зачапіла. Як бы я не любіла хадзіць на канцэрты, я падумала, што не ў гэты раз – гэтае абсалютны здзек».

Аднак самы вялікі скандал адбыўся падчас распродажу квіткоў на амерыканскую частку тура Тэйлар Свіфт. Тады дынамічнае коштаўтварэнне наклалася на яшчэ шэраг раздражняльных фактараў (напрыклад, сайт проста лёг).

Напрыклад, у Масачусецы ў траўні 2023-га сябры палаты прадстаўнікоў штата Дэн Кэры і сената штата Джон Вэліс падалі праект закона «Аб забеспячэнні празрыстага коштаўтварэння на квіткі». Ім яны прапануюць абавязаць кампаніі, якія прадаюць квіткі, ці гандлёвых пасярэднікаў раскрываць поўную цану квіткоў, уключаючы ўсе зборы да таго, як кліенты зробяць куплю. Фактычна, вяртацца да продажу квіткоў па загадзя ўсталяванай цане – ці хаця б не мяняць яе ў працэсе пакупкі.

У Ticketmaster тлумачаць, што ўкаранілі практыку дынамічнага коштаўтварэння праз «чорны» рынак продажу квіткоў, дзе яно заўсёды па факце працавала без якіх-небудзь абмежаванняў і засцярог.

Фота: Casey Flanigan/Global Look Press, «Інтэр» Маямі

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты