Tribuna/Футбол/Блогі/«Баер» – адна з найлепшых каманд топ-ліг на старце сезону. Усё дзякуючы Алонса і трансфернай кампаніі

«Баер» – адна з найлепшых каманд топ-ліг на старце сезону. Усё дзякуючы Алонса і трансфернай кампаніі

Ужо перамаглі «Лейпцыг» і згулялі ўнічыю з «Баварыяй».

Аўтар — Бона Сфорца
19 верасня, 18:55
«Баер» – адна з найлепшых каманд топ-ліг на старце сезону. Усё дзякуючы Алонса і трансфернай кампаніі

Мабыць, менавіта ў Германіі лягчэй за ўсё прадказаць будучага чэмпіёна, улічваючы наяўнасць у лізе «Баварыі» і апошнія 11 сезонаў, калі менавіта «рэкордмайстар» забіраў чэмпіёнства.

У мінулай кампаніі гегемонію мюнхенскага клуба ледзь не перапыніў «Дортмунд», але і бягучы сезон наўрад ці стане лёгкай прагулкай для каманды Томаса Тухеля. Моцным супернікам выглядае «Лейпцыг», яшчэ абавязкова падцягнецца «Уніян», магчыма, пасля няўдачы мінулага сезона ўсё ж ачуняе «Барусія».

Але яшчэ адным вельмі сур’ёзным канкурэнтам у гэтым сезоне выглядае леверкузенскі «Баер». Пасля стартавых тураў фанаты смела называюць яго прэтэндэнтам на чэмпіёнства — а Хабі Алонса працягвае будаваць вельмі сімпатычны калектыў, пра які мы вам і раскажам.

«Баер» правёў топавае лета – захаваў лідараў і вельмі сур’ёзна ўзмацніўся

Леверкузенцы звярнулі на сябе асаблівую ўвагу яшчэ ў мінулым годзе. Спачатку – няўдалым стартам сезона і знаходжаннем у зоне вылету пасля васьмі тураў, затым – прызначэннем Хабі Алонса на пасаду галоўнага трэнера, а яшчэ пазней – геройствам іспанца, які ўсё ж такі змог вывесці клуб у Лігу Еўропы, нягледзячы на катастрафічны старт яго папярэдніка Джэрарда Сеаанэ.

Поспех у выніку прызначэння Алонса («Баер» яшчэ дайшоў да паўфіналу ЛЕ мінулага сезона, дзе крыўдна саступіў «Роме») клуб летам падтрымаў магутнай трансфернай кампаніяй.

Па-першае, найважнейшы крок – «фармацэўтам» удалося захаваць лідараў Фларыяна Вірца і Джэрэмі Фрымпонга. Муса Дыябі ўсё ж сышоў, але пераходам у «Астан Вілу» за 55 млн еўра падарыў клубу магчымасць рэінвеставаць гэтыя грошы ў новых футбалістаў.

Яшчэ 10 млн еўра «Баер» зарабіў на продажы Мітчэла Бакера ў «Аталанту», за амаль 4 млн еўра «Галатасарай» набыў Керэма Дэмірбая, Сердар Азмун з’ехаў у арэнду ў «Рому», а Паўліньё, Дэйлі Сінкгравен і Карым Беларабі пакінулі леверкузенцаў вольнымі агентамі.

Далей — майстар-клас трансфернага рынку ад спартыўнага дырэктара Сімона Рольфеса.

Спачатку «Баер» узмацніў флангі абароны, таму што камандзе быў вельмі патрэбен асноўны левы абаронца і падмена для Фрымпонга справа.

Не без удзелу Алонса ў перамовах на пазіцыю левага вінгбека прыйшоў сапраўдны топ-футбаліст Алехандра Грымальда, які пакінуў «Бенфіку» свабодным агентам. Ім цікавіліся адразу некалькі еўрапейскіх клубаў, аднак ён абраў менавіта «Баер», нягледзячы на цікавасць роднай «Барселоны», дортмундскай «Барусіі» і некаторых клубаў АПЛ.

На падмену Фрымпонгу прыехаў 20-гадовы бразілец Артур, якога за 7 млн еўра набылі ў «Амерыкі Мінэйра». А потым леверкузенцы яшчэ і падпісалі Ёсіпа Станішыча з мюнхенскай «Баварыі» на правах арэнды без права выкупу.

Цэнтр поля «Баер» узмацніў ужо вопытнымі футбалістамі. Граніт Джака за 15 млн еўра прыехаў у апорную зону, а на пазіцыю хаўбека атакі вельмі нечакана прыбыў Ёнас Хофман з менхенгладбахскай «Барусіі». Яго кантракт у «жарабцоў» Леверкузен выкупіў усяго за 10 млн еўра.

На вакантнае месца другога галкіпера «Баер» купіў Матэя Коваржа з «МЮ» за 5 млн еўра (ужо трэці чэшскі футбаліст у камандзе!), а самы дарагі трансфер «фармацэўтаў» гэтым летам па звестках Transfekmarkt – падпісанне Натана Тэлі, які ў мінулым сезоне гуляў на правах арэнды за «Бёрнлі», забіў 17 мячоў і аддаў 5 асістаў у Чэмпіёншыпе. За 24-гадовага англічаніна «Саўтгемптан» атрымаў крыху больш за 23 млн еўра.

Зрэшты, нягледзячы на наяўнасць у спісе такіх гульцоў як Джака і Хофман або таго ж Тэлі, які стаў трэцім найдаражэйшым набыццём у гісторыі клуба, пакуль што найбольшую ўвагу сярод усіх навічкоў прыцягвае іншы футбаліст.

Баніфейс – галоўны летні трансфер і новая зорка «Баера». Ён ужо стаў найлепшым у Бундэслізе ў жніўні

Улічваючы сур'ёзную траўму прываднай цягліцы і ўвогуле траўматычнасць адзінага цэнтрфорварда ў камандзе Патрыка Шыка, леверкузенцы ў прыватнасці выйшлі на трансферны рынак з мэтай падпісаць новую 9-ку – і спыніліся на кандыдатуры Віктара Баніфейса (ён менавіта Баніфейс, а не Баніфасе, пруф – тут).

Баніфейс пачынаў мінулы сезон у складзе «Будэ-Глімта», дзе паспеў забіць 5 мячоў у чатырох матчах кваліфікацыі ЛЧ. Нарвежцы прайшлі ісландскі «Класвік» і паўночнаірландскі «Лінфілд», але ў матчах з «Жальгірысам» у наступным раўндзе гулялі ўжо без нігерыйскага бамбардзіра – ён за 6,1 млн еўра перайшоў у бельгійскі «Юніён».

У «Юніёне» Баніфейс адразу стаў асноўным і працягнуў дэманстраваць свае бамбардзірскія якасці. У 51 матчы ва ўсіх турнірах ён настраляў 17 галоў і 12 асістаў, але ў першую чаргу зарэкамендаваў сябе на еўрапейскай арэне – аформіў 6+2 у 10 матчах Лігі Еўропы (там былі дублі ў вароты «Брагі» і берлінскага «Уніяна» і гол у вароты...«Баера»!).

Усе лічылі, што Баніфейс адправіцца ўжо па пракладзеным маршруце ў «Брайтан» (у бельгійцаў і англічан – адзін уласнік), але Дэ Дзербі, ужо маючы ў складзе падобнага па тыпажы Эвана Фергюсана, вырашыў, што яму патрэбны больш мабільны форвард, таму «чайкі» падпісалі Жаау Педру, а Баніфейс адправіўся ў Леверкузен за 20 млн еўра.

Віктар адразу ж замацаваўся ў стартавым складзе і ўжо паспеў запісаць на свой рахунак 7 галявых дзеянняў (5+2) у стартавых 5 матчах сезона. Такая рэзультатыўнасць дапамагла нігерыйцу паўтарыць дасягненне самога Эрлінг Холанда – у жніўні ён стаў і найлепшым навічком Бундэслігі, і найлепшым футбалістам.

Пасля выдатнага старту сезона футбаліст таксама атрымаў дэбютны выклік у нацыянальную зборную Нігерыі. У першым жа матчы супраць Сан-Тамэ і Прынсіпі выйшаў на замену і вызначыўся асістам. Такім чынам, Баніфейс дапоўніў ужо і без гэтага ўражальную атаку нігерыйцаў з Асімхенам, Іхеанача, Аваніі і Гіфтам Арбанам.

«Баер» ужо абгуляў «Лейпцыг» і згуляў унічыю з «Баварыяй». «Алансабол» дамінуе на полі, а сам Хабі хутка вырашае праблемы

З аднаго боку, рабіць першыя высновы сезона толькі пасля чатырох тураў чэмпіянату – рызыкоўнае рашэнне, але старт сезона «Баера» прымушае пайсці на гэтую рызыку.

Каманда Алонса пачала сезон у Бундэслізе трыма перамогамі, а ў чацвёртым туры адправілася ў Мюнхен на топ-матч з «Баварыяй».

Матч заканамерна завяршыўся ўнічыю 2:2, але менавіта «фармацэўты» прымусілі ўсіх казаць пра сябе – і не толькі таму, што адабралі пункты на полі «Баварыі», што атрымліваецца далёка не ў кожнага, але і таму, што прадэманстравалі вельмі якасны і тактычна граматны футбол.

Алонса пачаў гульню ўжо звычайнымі для яго 3-4-2-1. Схема з вінгбекамі дазваляе ствараць большасць падчас атак на палове поля супернікаў, а таксама абараняцца з пяццю абаронцамі. Зрэшты, «Баварыя» добра падрыхтавалася да «Алонсабола» і ўжо з першых хвілін перахапіла ініцыятыву, ствараючы вольную прастору ў цэнтры поля і ў глыбіні, адкуль і развівала свае атакі.

Падчас першага тайма перавага гаспадароў была даволі адчувальнай, таму іспанец перабудаваў каманду, што дапамагло спачатку выраўнаваць гульню, а потым перахапіць нават ініцыятыву. 3-4-2-1 ператварыліся ў 4-4-2, у якой Фрымпонг дзейнічаў як стандартны правы паўабаронца (спачатку гуляў правага вінгбека), Хофман перамясціўся на левы фланг (быў адным з двух хаўбекаў атакі), а Вірц сітуатыўна знаходзіўся то на пазіцыі адцягнутага форварда, то ў пары з Баніфейсам (гуляў другой 10-кай побач з Хофманам).

Свае галы «Баер» забіў са стандартаў (спачатку шэдэўр са штрафнога выканаў Грымальда, а лік на апошніх хвілінах ударам з пенальці зраўняў Паласіас), але пасля тактычных рашэнняў Алонса на працягу матча Леверкузен ствараў небяспечныя моманты, кантраляваў мяч, ужываў тыповы для іспанскага спецыяліста высокі прэсінг і хутка пераходзіў з абароны ў атаку.

Алонса менш за год працуе трэнерам на прафесійным узроўні, аднак футбол ягонай каманды стаў захапляльным і дынамічным, пры гэтым з захаваннем халоднага розуму. Іспанец прапагандуе атакуючую гульню першым нумарам, пры гэтым застаецца дастаткова гнуткім спецыялістам, які ўжо навучыўся хутка рэагаваць на праблемную сітуацыю. Рашэнне такога роду праблем (як, напрыклад, у матчы з «Баварыяй») тактычнымі метадамі сведчыць пра тое, што ў Алонса ўжо ёсць задаткі топ-трэнера, які ў будучыні можа ўзначаліць еўрапейскі гранд.

І самае галоўнае ў гэтым усім, што такі футбол дае вынік. Леверкузенцы атрымалі 4 перамогі ў стартавых 5 матчах сезона:

Леверкузенцы прайшлі ў другі раўнд Кубка Германіі і ўжо ўзначальваюць турнірную табліцу Бундэслігі. У кожным са згуляных матчаў «Баер» забіваў па меншай меры 2 мячы, так што відовішчная гульня і наяўнасць выніку аказваюць непасрэдны ўплыў на статыстыку гульцоў:

• Жэрэмі Фрымпонг: 2 галы + 3 асісты;

• Фларыян Вірц: 2 галы + 2 асісты;

Адам Гложэк: 3 галы + 1 асіст;

• Ёнас Хофман: 2 галы + 3 асісты;

• Віктар Баніфейс: 5 галоў + 2 асісты.

Сёння усё гэта выглядае як ідэальны мэтч – каманда атрымлівае вынік, Алонса рэалізуе сябе як трэнер, футбалісты за кошт паказнікаў рэзультатыўнасці набіваюць сабе трансферны кошт, а «Баер» у выпадку іх продажу (гэтага не мінаваць з некаторымі гульцамі) зможа выручыць буйныя сродкі.

Гэтая каманда Алонса пакуль што не паднімала над галавой трафей, але па стане на цяпер мае шанцы нарэшце пазбавіцца дрэннай мянушкі «Неверкузен», якая сведчыць пра тое, што яна нічога не можа выйграць.

Фота: Andreas Rentz, Christof Koepsel/REUTERS, скрыншот трансляцыі матча «Баварыя» – «Баер», Oliver Kaelke, Stefan Brauer/DeFodi Images/Global Look Press

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты