Tribuna/Футбол/Блоги/Дзяўчына навічка «Баварыі» – мегапапулярная спявачка і зорка «Еўрабачання». У гэтым годзе яна заняла трэцяе месца

Дзяўчына навічка «Баварыі» – мегапапулярная спявачка і зорка «Еўрабачання». У гэтым годзе яна заняла трэцяе месца

«U-ni-corn»! 🦄

31 августа, 06:14
1
Дзяўчына навічка «Баварыі» – мегапапулярная спявачка і зорка «Еўрабачання». У гэтым годзе яна заняла трэцяе месца

Мюнхенская «Баварыя» ўсё ж вырашыла сваю брамніцкую праблему – афіцыйна абвясціла пра пераход ізраільцяніна Даніэля Перэца. 23-гадовы футбаліст падпісаў кантракт з рэкордмайстрам да 2028 года, а «Макабі» Тэль-Авіў атрымаў за трансфер 5 млн еўра.

Лета-2023 – насычаны перыяд для Перэца. Акрамя пераходу ў еўрапейскі гранд ён паспеў запаліць на моладзевым Еўра-2023 (у матчы з Германіяй пацягнуў два пенальці, а ўвогуле выйшаў з камандай у паўфінал), а пасля стала вядома пра яго стасункі з адной з найпапулярнейшых спявачак краіны Ноай Кірэл.

Ноа Кірэл – мегапапулярная прыгажуня з 1,8 млн падпісчыкаў у інсце. Увесну яна заняла 3-е месца на Еўрабачанні

Калі вы глядзелі «Еўрабачанне»-2023, то дакладна запомнілі Ноу Кірэл – прыгажуню з Ізраіля, якая са сваёй песняй «Unicorn» заняла трэцяе месца на конкурсе.

У канцы вясны стала вядома, што Ноа разышлася з мадэллю Томерам Хакоэнам, але ўжо хутка яе заўважылі на трыбунах падчас матча «Макабі» Тэль-Авіў, пасля якога яна адпачывала разам з сябрамі ў кампаніі Даніэля Перэца.

Спачатку агульныя знаёмыя спрабавалі не выдаваць іх стасункі, называючы гэта проста «сяброўствам», але пасля ўсім усё стала зразумела – нават нягледзячы на тое, што ў іх пакуль няма агульных фатаграфій у сацсетках.

Менавіта Ноа суправаджала Даніэля на яго медагляд у мюнхенскім клубе.

Дзяўчына мае 1,8 млн падпісчыкаў у інстаграме (для параўнання, у Даніэля – 65 тысяч), дзе яна рэгулярна радуе фаловераў новымі фатаграфіямі:

Таксама Ноа – амбасадар нямецкага брэнда PUMA.

Музычная кар'ера Кірэл пачалася ў 2015-м, калі яе трэк «Medabrim» стрэліў у ютубе.

З 2017-га па 2022-і яна выйграла 5 MTV Music Awards за найлепшы нацыянальны выступ.

Яе самая папулярная песня ва ўсё тым жа ютубе – «Pouch», якая ўжо набрала 40 млн праглядаў.

А апошні рэліз Ноа – трэк пад назвай «DEJA VU».

Ноа – не толькі спявачка, але і аўтарка песень, актрыса, танцорка і тэлевядучая.

Пакуль што Ноа больш папулярная за Перэца, але ў яго ёсць усе шанцы стаць «новым Ноерам»

З новай дзяўчынай Даніэль Перэц атрымаў новы статус, бо цяпер ён – футбаліст еўрапейскага гранда. У гэтым сезоне яго фактычна ўзялі на замену Свену Ульрайху, які вымушана стаў першым нумарам праз траўму Мануэля Ноера. Зрэшты, у Ульрайха ўжо ў наступным сезоне сканчваецца кантракт з «Баварыяй», і цяпер, калі ў мюнхенцаў ужо ёсць Перэц, Свена, верагодна, адпусцяць.

Заўзятары чэмпіёнаў Германіі падпісаннем задаволеныя – бачаць у ізраільцяніне якасці топ-галкіпера і першага нумара ў недалёкай будучыні (нават параўноўваюць з Ноерам).

Пакуль што Даніэль саступае знакамітай дзяўчыне па папулярнасці, аднак, магчыма, ён і сапраўды стане новым жалезабетонным першым нумарам «Баварыі» праз некалькі год.

Фота: FC Bayern, noakirel/Instagram, ONE

Другие посты пользователя

Все посты