Tribuna/Футбол/Блогі/Наколькі 115 парушэнняў правілаў АПЛ паўплывалі на сёлетнія гістарычныя поспехі «Сіці»

Наколькі 115 парушэнняў правілаў АПЛ паўплывалі на сёлетнія гістарычныя поспехі «Сіці»

Чатыры тытулы запар яшчэ ніхто не выйграваў.

21 траўня, 16:35
Наколькі 115 парушэнняў правілаў АПЛ паўплывалі на сёлетнія гістарычныя поспехі «Сіці»

«Ман Сіці» перапісвае гісторыю Англіі – стаў першым клубам у гісторыі мясцовага футбола, які чатыры разы запар выйграў чэмпіёнства.

Гэты факт і апошнія два з чатырох чэмпіёнстваў ішлі ўжо разам з навінамі пра 115 абвінавачванняў з боку АПЛ. Але што менавіта тады парушыў «Сіці» – здаецца, ужо забылася. І ўвогуле Пеп Гвардыёла, Рубен Дыяш і Эрлінг Холанд і іншыя нешта парушалі?

Што парушыў «Сіці»: іміджавыя кантракты, фэйкавыя спонсары, «канверты» Манчыні і расследаванне УЕФА

Парушэнняў так шмат, што ў іх можна заблытацца – і не ўсе датычацца непасрэдна грошай (так, аднойчы там згадваецца непрадастаўленне квіткоў гасцявой камандзе). Акрамя таго, у сваім прэс-рэлізе АПЛ не прадаставіла ніякай канкрэтыкі.

У цэлым жа меркаваныя парушэнні можна падзяліць на такія тры вялікія катэгорыі.

1. Парушэнне правілаў фінансавай справаздачнасці і фінансавых прагнозаў, у прыватнасці, адносна спонсарства. АПЛ абвінавачвае «Сіці» ў тым, што ў перыяд 2009-2018 гадоў клуб не даваў праўдзівую фінансавую інфармацыю лізе, як быў абавязаны тое рабіць.

Сюды ж аднясём і пункты, што «Сіці» нібыта парушаў правілы УЕФА, а Еўрапейскі футбольны саюз ужо караў «Сіці» за парушэнне фінансавага фэйр-плэй менавіта праз выкарыстанне фіктыўных спонсараў – клуб проста падпісваў дагаворы з датычнымі да свайго ж ўласніка кампаніямі, якія не існавалі нідзе, акрамя як на паперы.

УЕФА мела амбіцыі адхіліць клуб на два гады ад еўракубкаў за гэта ў 2020-м, аднак Спартыўны арбітражны суд у Лазане пакаранне адмяніў.

Здрада? Часткова – бо суд, што важней, пакінуў прызнанне «Сіці» вінаватым у парушэнні ФФП у сіле, толькі змякчыўшы пакаранне праз тэрміны даўнасці па большасці эпізодаў.

2. «Сіці» выплачваў частку заробку Раберта Манчыні і неназваных гульцоў па-за кантрактам. Так, частка абвінавачанняў тычацца правілаў, па якіх клубы АПЛ павінны інфармаваць лігу цалкам па заробках, якія выплачваюцца футбалістам і трэнерам.

Што да трэнера, то перыяд абвінавачанняў карацейшы, чым правілы ў цэлым – з сезонаў 2009/10 па 2012/13. Менавіта ў гэты перыяд у «Сіці» працаваў першы топ-трэнер эпохі шэйхаў – Раберта Манчыні. Адпаведна, ліга абвінавачвае клуб у тым, што частку заробку плацілі «ў абыход» кантракту.

Што да гульцоў, то гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра «іміджавыя» кантракты футбалістаў – звыклая схема для дадатковых выплат у абыход кантракту. Аднак, згодна з правіламі, клуб павінен даваць справаздачу ў лігу па кожнай капейцы, якую атрымлівае гулец – у тым ліку і па такіх кантрактах.

А вось наконт прозвішчаў тут можна толькі здагадвацца.

3. «Сіці» не спрыяў расследаванню АПЛ. Гэты комплекс парушэнняў ужо тычыцца перыяду пасля сезона 2018/19 – АПЛ пачала сваё чатырохгадовае расследаванне менавіта тады, і, мяркуючы па правілах, па якіх абвінавачвае «Сіці» ў гэтай частцы, не раз спрабавала запатрабаваць у «Сіці» дадатковыя дакументы ці тлумачэнні. У клубе ж, як вынікае з абвінавачанняў, адбіваліся «канфідэнцыяльнасцю» і проста не спрыялі дзеянням лігі.

Нагадаем, «Сіці» «строга» абвяргае ўсе абвінавачанні.

Окей, але ж цяперашняя каманда Гвардыёлы пабудаваная без парушэнняў? Што рабіць з гэтым?

Калі не звяртаць увагу на апошнюю катэгорыю парушэнняў, якая тычыцца больш «сумлення» клуба, то фінансавыя абвінавачанні заканчваюцца ў 2018-м, то бок 6 гадоў таму. Больш за тое, цалкам верагодна, што ў сезоне 2023/24 і нядаўніх сезонах фінансавая справаздачнасць «Сіці» для АПЛ вылізаная да немагчымасці. Прынамсі, было б дзіўна інакш і на фоне вердыкту CAS, і на фоне расследавання АПЛ, і на фоне аператыўных зняццяў пунктаў з «Эвертана» і «Нотынгем Форэст».

Але нельга казаць, што поспехі «Сіці» ў гэтым сезоне былі б магчымыя без фінансавых парушэнняў, у якіх яны падазраюцца.

Па-першае, у клубе наўрад ці з'явіўся б Пеп Гвардыёла, калі б у перыяд 2009-2016 гадоў «Сіці» не стаў на ногі як адзін з топ-клубаў як мінімум АПЛ (з Еўропай тады ў яго былі яшчэ праблемы). Для гэтага «Сіці» наогул грошай не шкадаваў – трансферныя выдаткі ў 147 і 183 млн еўра за сезон цяпер з інфляцыяй ужо не здзіўляюць, але ў сезонах 2009/10 і 2010/11 былі чымсьці шалёным. Прыйшоў бы Пеп у «Сіці», які выдаў серыю з 15, 14, 9 і 10 месцаў у АПЛ? Пытанне рытарычнае.

Па-другое, аснова сённяшняга «Сіці» і, магчыма, ключавыя гульцы гэтай каманды прыйшлі «ў канцы» перыяду фінансавых парушэнняў. Сам Гвардыёла ўзначаліў клуб у 2016-м – два гады яго дзейнасці ўжо падпадалі пад гэты перыяд.

Па стане на сезон 2017/18 у клубе ўжо былі Эдэрсан, Джон Стоўнз, Кайл Уокер, Кевін дэ Бруйнэ і Бернарду Сілва. Толькі пяць гульцоў – але ўсе пяць з'яўляюцца неад'емна ключавымі ў стварэнні як трэбла мінулага сезону, так і чэмпіёнства (КДБ літаральна найлепшы асістэнт клуба ў АПЛ пры тым, што значную частку сезона прапусціў).

Так, там яшчэ быў Філ Фодэн – але яго дзіцячая любоў да клуба з'явілася раней за тое, як яго купіў шэйх Мансур.

Па-трэцяе, закладзены падмурак пацягнуў за сабой магчымасць запрашаць больш якасных гульцоў не толькі на грошы. Эрлінг Холанд, Родры, Рубен Дыяш, Джэк Грыліш, Мануэль Аканджы, Ёшка Гвардыёл прыходзілі ў «Сіці» ўжо хутчэй не столькі за «тлустым чэкам», але і за поспехам, тытуламі і развіццём у адным з наймацнейшых клубаў свету.

І менавіта праз гэты ланцужок падзей, якога не было б без стартавага парушэння, поспехі «Сіці» выклікаюць дваякае адчуванне. З аднаго боку – гэта сапраўды класная і абʼектыўна моцная каманда, яшчэ і (тут субʼектыўна) з футбалістамі і стылем гульні, якія не раздражняюць, і поспехі, якіх захапляюць. Хочаш не хочаш, а што трэбл, што чатыры чэмпіёнствы запар – гэта гістарычныя дасягненні.

З іншага боку – прысмак гэтых абвінавачванняў-парушэнняў нікуды падзеці, нават калі Холанд і Дыяш да іх не маюць ніякага дачынення. Сітуацыя – класічнае «не пытайце, як быў зароблены першы мільён».

Тым часам сама ж ліга на сваім сайце пакуль пытаецца, ці гэты «Сіці» – найлепшая каманда АПЛ у гісторыі і распавядае пра «пастаянную эвалюцыю» клуба так, быццам 115 абвінавачванняў з яе боку і няма.

Слуханні па справе адбудуцца у кастрычніку 2024-га.

Фота: АПЛ, imago sportfotodienst/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты