Tribuna/Футбол/Блогі/ФІФА канчаткова вызначылася з новым клубным чэмпіянатам свету. Фармат зменіцца кардынальна

ФІФА канчаткова вызначылася з новым клубным чэмпіянатам свету. Фармат зменіцца кардынальна

Вось як.

Аўтар — Бона Сфорца
20 снежня, 07:11
ФІФА канчаткова вызначылася з новым клубным чэмпіянатам свету. Фармат зменіцца кардынальна

«Манчэстэр Сіці» 19 снежня стартуе ў паўфінале клубнага чэмпіянату свету – апошняга ў такім фармаце. ФІФА ж днямі прыняла канчатковыя рашэнні па фармаце новага чатырохгадовага клубнага ЧС, першы з якіх пройдзе ўжо ў 2025-м.

Дэталі фармату і адбору – ужо афіцыйна: 32 клубы, прадстаўніцтва ўсіх канфедэрацый

Такім чынам, галоўныя дэталі фармату паўторым з папярэдняга паста на тэму, бо ФІФА фактычна пацвердзіла ўсе інсайды, акрамя прызавога фонду:

▶️ 32 клуба, 8 груп па 4 каманды, плэй-оф.

▶️ 12 слотаў атрымае Еўропа, 6 – Паўднёвая Амерыка, па 4 – Азія, Афрыка і Паўночная Амерыка, 1 – Акіянія.

▶️ Турнір будзе праходзіць кожныя чатыры гады (у «няцотныя», калі няма ЧС зборных або Еўра).

▶️ Першы розыгрыш – у ЗША ў чэрвені-ліпені 2025-га.

▶️ Паводле інфармацыі Sportmediaset, прызавы фонд новага клубнага чэмпіянату свету складзе каля 2,5 млрд еўра. Пераможца атрымае 100 мільёнаў, практычна столькі ж, колькі за перамогу ў Лізе чэмпіёнаў. Толькі тут можна зняць касу ўсяго за адзін месяц!

Слоты ўсім акрамя Акіяніі размяркоўваюцца наступным чынам: па 4 месцы для пераможцаў Ліг чэмпіёнаў з 2020/2021 па 2023/2024 гады + свабодныя месцы па чатырохгадовым каэфіцыенце, які вылічваецца за выступленні ў турнірах у акрэслены перыяд. Важнае правіла – у турніры не могуць ўдзельнічаць больш за два клубы з адной краіны, акрамя выпадкаў, калі больш за два клубы з адной краіны выйгралі турнір у адпаведны перыяд.

Для Еўропы каэфіцыент пралічваецца на аснове дзейнай табліцы каэфіцыентаў УЕФА, аднак толькі з баламі за выступленне непасрэдна ў ЛЧ.

У цэлым сітуацыя ў Еўропе выглядае так: акрамя «Чэлсі», «Рэала» і «Манчэстэр Сіці», якія атрымалі пуцёўкі праз перамогу ў ЛЧ, у турнір ужо гарантавана кваліфікаваліся «Баварыя», «ПСЖ», «Інтэр», «Порту» і «Бенфіка». «Барусія» гарантуе сабе месца, калі «Лейпцыг» не выйдзе ў чвэрцьфінал, «Напалі» абыдзе «Юве», калі выйграе яшчэ тры матчы ў ЛЧ, «Барселоне», акрамя таго, трэба яшчэ, каб «Атлетыка» адразу ж вылецеў.

У іншых канфедэрацыях ужо гарантавалі сабе пуцёўку:

Азія – «Аль-Хілаль» (Саудаўская Аравія), «Урава Рэд Дайманд» (Японія);

Афрыка – «Аль-Ахлі» (Егіпет), «Відад» (Марока);

Паўночная Амерыка – «Мантэрэй», «Леон» (Мексіка), «Сіэтл Саўндэрс» (ЗША);

Паўднёвая Амерыка – «Палмейрас», «Фламенгу», «Флуміненсе» (Бразілія).

Асобная гісторыя з Акіяніяй – паколькі яе прадстаўляе адзін клуб, то ён вызначаецца па чатырохгадовым агульным каэфіцыенце. І нягледзячы на тое, што сезон-2024 яшчэ не пачаўся, матэматычна ніводны клуб ужо не зможа абысці новазеландскі «Окленд Сіці».

Штогадовы «клубны ЧС» застанецца і будзе звацца Інтэркантынентальным кубкам (яшчэ больш прывілеяў для еўрапейцаў)

У 2024-м ФІФА ўвядзе яшчэ адзін новы турнір – Інтэркантынентальны кубак, у якім будуць спаборнічаць непасрэдна крайнія чэмпіёны асацыяцый. Гэта будзе фактычна сёлетні клубны ЧС, аднак з некалькі змененым фарматам:

👉 На стадыі А будуць удзельнічаць чэмпіёны Афрыкі, Азіі і Акіяніі. Клубы з першых двух штогод па чарзе ў сябе дома прымуць чэмпіёна Акіяніі, а пераможца гэтага матча будзе гуляць з трэцім клубам з тройкі.

Гэта значыць, у год, калі чэмпіён Афрыкі прымае чэмпіёна Акіяніі, пераможца гуляе з чэмпіёнам Азіі, а ў год, калі чэмпіён Азіі прымае чэмпіёна Акіяніі – гуляюць далей з чэмпіёнам Афрыкі.

👉 На стадыі В паміж сабой будуць гуляць чэмпіёны Паўночнай і Паўднёвай Амерык на хатнім стадыёне аднаго з клубаў.

Першы будзе вызначаны лёсаваннем, далей – па чарзе. Умоўна, калі ў 2024-м дома будзе гуляць чэмпіён Паўночнай Амерыкі, то ў 2025-м – Паўднёвай, 2026-м – зноў Паўночнай і гэтак далей.

👉 Фінальная стадыя будзе складацца з двух матчаў на нейтральным стадыёне. Спачатку паміж сабой за права выступіць у фінале згуляюць пераможцы стадый А і В. Затым пераможца гэтага супрацьстаяння будзе змагацца за трафей з пераможцам еўрапейскай ЛЧ.

То-бок галоўныя змены – раскіданасць турніру па свеце і змяншэнне колькасці матчаў для еўрапейскіх клубаў.

Вядома, што турнір і ў далейшым будзе праводзіцца ў зімовы перыяд – паўфінал і фінал запланаваны на 14 і 18 снежня 2024 года адпаведна.

Фота: ФІФА

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты