Tribuna/Футбол/Блогі/10 найлепшых формаў новага сезона ў топ-лігах: ад каляровага «Мілана» да вытанчанага «Кадзiса»

10 найлепшых формаў новага сезона ў топ-лігах: ад каляровага «Мілана» да вытанчанага «Кадзiса»

Эра трэціх камплектаў – 🔛.

2 верасня, 05:22
10 найлепшых формаў новага сезона ў топ-лігах: ад каляровага «Мілана» да вытанчанага «Кадзiса»

Футбольныя формы эвалюцыянуюць настолькі хутка, што амаль кожны год трэнды мяняюцца як у прынтах, так і ў міксаванні колераў. Многія клубы Еўропы аддаюць даніну павагі сваім знакавым джэрсі, канешне, інтэрпрэтаваўшы іх на сучасны лад.

Новы сезон ужо стартаваў, таму лавіце 10 найлепшых форм у топ-5 лігах на нашую думку.

10 месца – «Жырона», выязная форма

Просты і ўтульны дызайн выязной формы «Жыроны» не нясе ў сабе нейкай асаблівай задумкі. Выканана ў белым колеры з блакітнымі кропкамі, а лагатыпы асфальтава-сінія. У Puma вырабілі камплекты на 100% з перапрацаванага матэрыялу.

9 месца – «Марсель», выязная форма

Усе тры камплекты «Марселя» былі прадстаўлены пад дэвізам «Гісторыя пішацца пад вашымі нагамі» і аддаюць даніну павагі бажаствам мора і зямлі. У падборку патрапіла менавіта сіняя выязная форма з-за яе эфектнай стрыманасці з лініямі, якія ўвасабляюць пясчаныя пляжы Марселя. Таксама ўдала ў агульную карціну ўпісваюцца белыя палосы на абшэўках і каўняры. Ва ўсім камплекце выкарыстоўваюцца ўсяго два колеры, але ад гэтага дызайн зусім нічога не губляе.

8 месца – «Баварыя», трэцяя форма

Нетыповая для «Баварыі» далікатная трэцяя форма ў кветкавы прынт таксама сімвалізуе даніну мінуламу. На форме скарыстаны лагатып клуба 1923 года, які з перапынкамі прысутнiчаў на футболках да 1954-га.

7 месца – «Ліверпуль», трэцяя форма

Новая трэцяя форма «Ліверпуля» мае нетыповае для клуба каляровае спалучэнне: касмічны фіялетавы на аснове і белыя фрагменты, у тым ліку і лагатып. Пад колер удала падабралі дэфармаваны прынт у палоску, падкрэсліўшы дызайн джэрсі чорнымі ўстаўкамі. Гэты камплект быў нечакана прадстаўлены Алісанам Бекерам і Дамінікам Сабаслаi на бясплатным мерапрыемстве для заўзятараў, на якім галкіпер каманды нават сыграў на гітары.

6 месца – «Фіярэнціна», выязная форма

Форма, якая робіць гэтую падборку больш індывідуальнай – выязны камплект «Фіярэнціны». Белая джэрсі з кветкавым контурным аздабленнем увасабляе ўнікальнасць фларэнтыйскіх колераў. Для каўняра і манжэтаў мінімальна задзейнічаны чырвоны колер, які ўдала спалучае гэтыя элементы з клубным лагатыпам.

5 месца – «Арсенал», трэцяя форма

На стварэнне трэцяй формы «Арсенала» у Adidas натхніліся выязным камплектам каманды сезона-1982/83. Рэтра-стыль выкарыстоўваўся і на прэзентацыі, якая стала самай крутой сярод клубаў топ-ліг гэтага міжсезоння.

На джэрсі выкарыстоўваецца лагатып з гарматай, а таксама цёмна-зялёная аснова з цёмна-сінімі рукавамі, як і ў арыгінале ад Umbro тых гадоў.

4 месца – «Манчэстэр Сіці», трэцяя форма

У Puma задызайнілі трэцюю форму «Сіці» маланкамі з-за жывой атмасферы Манчэстэра і хуткага стылю гульні каманды. Класны набор колераў: цёмна-сіняя аснова, неонавыя маланкі і чырвоныя лагатыпы. Гэты камплект таксама крута ўпісаўся пад японскую культуру, задзейнічаную пры прэзентацыі. Каманда ўпершыню апранула гэтую форму на матч супраць «Баварыі» менавіта ў Японіі.

3 месца – «Кадзiс», выязная форма

Macron стварыў для іспанскай каманды элегантны выязны камплект, выкананы ў чорным колеры з залатымі ўстаўкамі. Такое спалучэнне амаль заўсёды выглядае выйгрышна, а ў гэтым выпадку дызайнеры яшчэ і ўдала выкарысталі прынт з лагатыпаў клуба.

2 месца – «Рэал», хатняя форма

Каралеўскі клуб будзе выступаць у сучаснай і пры гэтым простай хатняй форме, створанай Adidas у белым з цёмна-сінімі і залатымі фрагментамі. Упершыню ў гісторыі «Рэала» на хатняй форме каманды размешчаны лозунг клуба «¡Hala Madrid!» (на каўняры).

1 месца – «Мілан», трэцяя форма

«Мілану» і Puma ўдалося зрабіць найпрыгажэйшую трэцюю форму ў топ-чэмпіянатах гэтага сезона. Камплект выкананы ў градыенце ружовага, фіялетавага, сіняга і аквамарынавага колеру, а лагатып прадстаўлены манахромным спосабам. Дызайнеры выбралі такія сакавітыя колеры нездарма: яны сімвалізуюць клубную культуру разнастайнасці, справядлівасці і інклюзіўнасці.

Фота: Instagram-акаўнты клубаў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты