Tribuna/Футбол/Блогі/20 фактаў пра фенаменальны сезон «Баера»

20 фактаў пра фенаменальны сезон «Баера»

Леверкузенцы пішуць гісторыю на нашых вачах.

26 студзеня, 12:47
20 фактаў пра фенаменальны сезон «Баера»

«Баер» – галоўнае адкрыццё сезона-2023/24. Каманда з Леверкузена ўжо даўно з'яўляецца рэгулярным удзельнікам еўракубкаў і сур'ёзным супернікам для ўсіх у Бундэслізе, аднак у гэтым сезоне фенаменальны Хабі Алонса вывеў «фармацэўтаў» на новы ўзровень – яны натхнёна змагаюцца за чэмпіёнства.

Пасля 18 тураў нямецкага чэмпіянату «Баер» знаходзіцца на вяршыні табліцы і апярэджвае «Баварыю» на 4 пункты. Зрэшты, гэта далёка не адзіны паказнік, якім могуць пахваліцца леверкузенцы.

Сабралі 20 фактаў пра фантастычны сезон ў выкананні калектыву Алонса.

• «Баер» – адзіны клуб еўрапейскіх топ-5 чэмпіянатаў, які пакуль не пацярпеў ніводнай паразы ў сезоне. Больш за тое, размова ідзе не толькі пра Бундэслігу, але і пра усе спаборніцтвы, у якіх леверкузенцы бяруць удзел – у 27 сустрэчах каманда Алонса атрымала 24 перамогі і толькі тройчы згуляла ўнічыю.

• 27 матчаў без параз – паўтарэнне легендарнага дасягнення брэменскага «Вердэра» ў сезоне-2003/04. Сярод нямецкіх клубаў больш працяглая бяспройгрышная серыя была толькі ў «Баварыі» у сезоне-2019/20 (32 матчы).

• Леверкузенцы ў сярэднім бяруць 2,67 пункты за адзін матч у нямецкім чэмпіянаце – больш за ўсіх сярод клубаў топ-5 ліг. Калі пашырыць статыстыку да ўсіх спаборніцтваў, то сярэдні паказнік пунктаў за гульню павялічыцца да 2,78.

• 45 пунктаў пасля 17 тураў (першая палова сезона) – трэці найлепшы вынік у гісторыі Бундэслігі. Толькі «Баварыя» ў сезонах-2013/14 і 2015/16 мела больш – 47 і 46 адпаведна. Канешне, у абодвух выпадках мюнхенцы станавіліся чэмпіёнамі Германіі.

• «Баер» другі раз у клубнай гісторыі мае 0 паразаў у стартавых 18 матчах сезона, аднак у кампаніі-2009/10 у леверкузенцаў было 10 перамог і 8 нічыіх (38 пунктаў). Тады «фармацэўты» ўпершыню саступілі ў 25-м туры Бундэслігі і скончылі сезон на чацвёртым месцы.

• У выпадку перамогі над менхенгладбахскай «Барусіяй» у суботу леверкузенцы будуць мець у актыве 51 пункт за 19 матчаў сезона. За ўсю мінулую кампанію «Баер» набраў 50 пунктаў.

• Каманда Хабі Алонса бесперапынна ўзначальвае табліцу нямецкага чэмпіянату ад 6-га тура, калі «Баварыя» ў другі раз (уласна пасля нічыёй 2:2 з леверкузенцамі) страціла пункты.

• «Фармацэўты» паставілі новы рэкорд Бундэслігі, забіўшы як найменей два галы ў кожным з 12 стартавых матчаў сезона-2023/24.

• 50 галоў пасля 18 тураў Бундэслігі – клубны рэкорд.

• Толькі «Ман Сіці» забіў больш галоў, чым «Баер» ва ўсіх спаборніцтвах гэтага сезона – 86 супраць 85. Зрэшты, манчэстэрцы згулялі 32 матчы, а «фармацэўты» – усяго 27.

• У леверкузенцаў – найлепшая абарона ў гэтай Бундэслігі. Каманда Хабі Алонса прапусціла ўсяго 14 галоў.

Лукаш Градзецкі – галкіпер з найбольшай колькасцю кліншытаў у Бундэслізе ў гэтым сезоне (8).

• Адразу пяць футбалістаў «Баера» маюць больш за 15 рэзультатыўных дзеянняў ва ўсіх спаборніцтвах гэтага сезона – Джэрэмі Фрымпонг, Алехандра Грымальда, Ёнас Хофман, Фларыян Вірц і Віктар Баніфейс.

• Фрымпонг і Грымальда – самыя выніковыя крайнія абаронцы («Баер» гуляе схемай з вінгбекамі) у сусветным футболе ў гэтым сезоне. Нідэрландзец нагуляў на 7 галоў і 10 рэзультатыўных перадач, іспанец ужо запісаў на рахунак 9+10. Паказнік, якімі не могуць пахваліцца многія атакуючыя гульцы еўрапейскіх грандаў.

• У гэты ж час Грымальда – футбаліст з найбольшай колькасцю рэзультатыўных дзеянняў у выязных матчах у Бундэслізе (6 галоў, 4 асісты).

• Фрымпонг зрабіў найбольшую колькасць спрынтаў у нямецкім сезоне (627).

• Самы рэзультатыўны гулец «Баера» у мінулым сезоне Муса Дыябі меў 25 выніковых дзеянняў у 48 матчах. Віктар Баніфейс ужо мае 24 пункты па сістэме «гол+пас» у 23 сустрэчах, у якіх ён прыняў удзел (зрэшты, у бліжэйшыя месяцы нігерыец прапусціць праз траўму прываднай мышцы).

• 7 асістаў у выкананні 20-гадовага Фларыяна Вірца ў гэтым сезоне дапамаглі яму стаць найлепшым асістэнтам у топ-5 лігах па выніках 2023 года.

Граніт Джака – рэкардсмен сезона па колькасці пераадоленай адлегласці (214,2 км). Грымальда, дарэчы, тут трэці (209,6).

• Па звестках статыстычнага партала Opta, сёння шанцы леверкузенцаў выйграць Бундэслігу ў гэтым сезоне складаюць 60,1%. Верагоднасць выйгрышу Салатніцы мюнхенскай «Баварыяй» суперкамп'ютэр ацаніў у 39,8%.

Фота: Jörg Schüler/Bayer 04 Leverkusen, Lars Baron/Bongarts/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты