Tribuna/Футбол/Блогі/Вялікая міграцыя топ-трэнераў: вяртанне Зідана, павышэнне Дэ Дзербі, шмат адставак?

Вялікая міграцыя топ-трэнераў: вяртанне Зідана, павышэнне Дэ Дзербі, шмат адставак?

Хто і куды.

29 лютага, 13:44
Вялікая міграцыя топ-трэнераў: вяртанне Зідана, павышэнне Дэ Дзербі, шмат адставак?

Падобна, улетку нас чакаюць не толькі трансферныя сагі гульцоў, але і вялікае трэнерскае ператасоўванне. Разбіраемся, што адбываецца на рынку: хто ўжо сапраўды сыходзіць, а пад кім крэсла можа захістацца ў любы момант. А таксама звярнулі ўвагу на тых, каму час ісці вышэй.

Хто ўжо дакладна пакіне каманду

Юрген Клоп

Немец шакаваў усіх рашэннем сысці з «Ліверпуля», але праз некалькі тыдняў мы ўжо прынялі гэты факт. Падобна, што Клоп зладзіць сабе адпачынак, падобны да таго, што быў у Гвардыёлы пасля «Барселоны».

Сярод варыянтаў на апасля называюць зборную Германіі, «Рэал», які праз год будзе шукаць трэнера на замену Анчалоці, «Баварыю» ці амаль родны «Дортмунд».

«Нават калі мне не будзе чаго есці, я не буду працаваць ні ў адным англійскім клубе», – казаў Клоп пасля адстаўкі, так што спіс патэнцыйных працадаўцаў значна звузіўся. Але ў любым выпадку – да гэтай размовы варта вярнуцца праз год.

Хаві

Каталонец таксама аб'явіў, што летам пакіне «Барселону». За спіной адно чэмпіёнства і пакуль вельмі сціплыя выступленні ў еўракубках. Аднак магія імя ўсё яшчэ працуе, таму варыянты Хаві атрымае. Калі спачатку Лапорта казаў, што чакае, каб спецыяліст перадумаў, дык цяпер зразумела, што рашэнне канчатковае.

Выданне As паведамляла, што трэнер гатовы ужо ўлетку прыняць новую каманду, аднак не мае ахвоты трэнаваць іншы іспанскі клуб.

Томас Тухель

Тухель сыходзіць не таму, што сам так вырашыў. Бакі дамовіліся пра датэрміновы разрыў кантракта, а сам трэнер лічыць прыярытэтам вяртання ў Англію, пра што напісаў The Telegraph. Паведамляецца пра варыянты з «Ліверпулем», «МЮ» і нават зборнай Англіі.

Іспанцы паведамляюць, што Тухель сам прапаноўваў паслугі «Барселоне». Журналіст Bild Крысціян Фальк кажа, што ў каталонцаў нядрэнныя шанцы яго атрымаць, калі Дэку палічыць немца прыярытэтным варыянтам.

Хто блізкі да звальнення

Стэфана Піолі

Італьянец, хутчэй за ўсё, дапрацоўвае ў Мілане. Яму не могуць дараваць ранні вылет з ЛЧ і адсутнасць барацьбы з «Інтэрам» за Скудэта. Тэарэтычна выратаваць можа перамога ў ЛЕ, але клуб ужо сочыць за іншымі трэнерамі. Златан вельмі хацеў бы, каб замест Піолі прыйшоў Антоніа Контэ.

Масіміліяна Алегры

«Ювентус» прапускае гэты сезон у еўракубках праз дыскваліфікацыю, але і ў Серыі А справы ідуць не вельмі добра. Алегры ўвесь час паўтарае, што «Інтэр» з'яўляецца відавочным фаварытам, але ў фанатаў сваё меркаванне. Некалькі тыдняў таму яны нават выкупілі рэкламу на Тайм-сквер у Нью-Ёрку, каб паказаць там ролік, што ў «Юве» няма іншага шляху, акрамя звальнення Алегры.

У трэнера па кантракце застаецца яшчэ год працы з заробкам у 7 мільёнаў, а сам Масіміліяна пакуль нікуды не хоча сыходзіць.

Маўрысіа Пачэціна

Нядаўна легенда «Чэлсі» Франк Лебеф сказаў, што Пачэціна апошні, каго варта вінаваціць у праблемах клуба, але калі каманда ўсё яшчэ вельмі далёка ад зоны ЛЧ, то думкі пра звальненне сапраўды з'яўляюцца.

Аргенцінец пакуль кажа, што яго не хвалююць чуткі пра адстаўку, але да канца сезона ўсё можа змяніцца.

Эрык тэн Хаг

Эрык у інтэрв'ю BBC расказваў, што ў яго вельмі добрыя стасункі з Джымам Рэткліфам, але калі «МЮ» не трапіць у ЛЧ, то захаваць працу будзе вельмі цяжка. Галоўнай умовай яму ставяць менавіта фініш у топ-4.

А заменай ужо называюць Грэма Потэра, якому асабіста сімпатызуе Рэткліф.

Эдзін Тэрзіч

У Тэрзіча выходзіць вельмі ірваны перыяд у Дортмунце: яшчэ ў траўні каманда магла стаць чэмпіёнам, у пачатку сезона «Барусія» вельмі нестабільна гуляла ў Бундэслізе, але выйшла ў плэй-оф ЛЧ з цяжкай групы і захоўвае добрыя шанцы на чвэрцьфінал.

Зімой у яго ўжо была сур'ёзная размова з кіраўніцтвам – і тады трэнер атрымаў двух новых асістэнтаў, але летам гэтым можа не абмежавацца.

Хто сёння без працы

Зінедзін Зідан

Адзін з трох дзейных трэнераў, якія маюць тры перамогі ў ЛЧ, неяк занадта доўга выбірае сабе клуб. Французскі Sport1 паведамляе, што Зізу не супраць узначаліць «Баварыю», дзе бачыць шмат агульнага з «Рэалам» (багатую гісторыю і добрыя магчымасці). Такое меркаванне падтрымлівае яго стары сябар Крыстаф Дзюгары, але гэта не адзіны варыянт.

У Італіі пішуць, што Зідан абраў бы «Ювентус» перад «Баварыяй», калі б турынцы запрасілі сваю былую зорку. Таксама абмяркоўваецца варыянт са зборнай Францыі.

Жазэ Маўрынью

Партугалец у апошні час выпаў з кагорты топ-трэнераў, але па інерцыі разглядаецца ўсімі як магчымая опцыя. Bild паведамляў, што Жазэ ўжо пачаў вучыць нямецкую мову і гатовы прыняць клуб летам. Яшчэ адным варыянтам для Маўрынью называюць вяртанне ў «Чэлсі».

Ханс Флік

Ханса Фліка часцей за ўсё звязваюць з «Баварыяй» і «Барселонай». У Каталоніі таксама былі б радыя бачыць спецыяліста, тым больш што Левандоўскі і тэр Штэген добра ведаюць суайчынніка. Акрамя гэтых відавочных варыянтаў фігуруе таксама «МЮ».

На карысць каталонцаў кажа тое, што Флік нядаўна пачаў супрацу з Піні Захаві, які ў добрых стасунках з Лапортам і прадстаўляе інтарэсы Левандоўскага.

Антоніа Контэ

Контэ гатовы ўзначаліць менавіта «Баварыю» і лічыць яе адной з трох найлепшых каманд Еўропы. Яшчэ ў студзені была інфармацыя ад Telelombardia, што Контэ гатовы ўзначаліць «Мілан» гэтым летам. Таксама казалі пра тое, што Антоніа прапаноўваў свае паслугі «Барселоне», але Фабрыцыа Рамана скасаваў гэтыя звесткі.

У Мюнхене таксама гатовыя разгледзець варыянт з італьянцам, але прыярытэтам застаецца Хабі Алонса.

Юльян Нагельсман

Юльян Нагельсман толькі што ўгаварыў Крооса вярнуцца ў зборную Германіі, але сам, па ўсёй верагоднасці, пакіне яе ўлетку. Трэнер адразу ж трапіў у шорт-лісты ўсіх клубаў, якія будуць шукаць боса. «Барселона» адмовілася ад гэтай ідэі, таму што лічыць Нагельсмана недастаткова дасведчаным (ці проста не гатовая плаціць яго заробак).

Таксама трэнер разглядае «Ліверпуль», які можа падоўжыць нямецкі перыяд пасля Клопа. У Юльяна кантракт да канца Еўра-2024, але ёсць варыянт, пры якім ён застанецца ў зборнай.

Могуць пайсці на павышэнне

Хабі Алонса

Пра Хабі Алонса ў гэтым сезоне чуваць з кожнага праса: яго «Баер» б'е нямецкія рэкорды пры цудоўнай гульні. А тут яшчэ і два былыя клубы Алонса шукаюць трэнера ад лета. Пакуль што спецыяліст засяроджаны на Леверкузене, але размовы не сціхаюць: «Баварыя» наш галоўны супернік, але чуткі не адцягваюць маю ўвагу».

У «Баварыі» бачаць у Алонса ідэальнага наступнага трэнера, аднак сярод канкурэнтаў і «Ліверпуль». Sky Sport сцвярджае, што трэнер больш схіляецца да англійскага варыянту. Ці можа застацца на сезон у «Баеры», а праз год узначаліць мадрыдскі «Рэал». Паведамляецца, што адступныя па Алонса складаюць 15-20 млн еўра, а актывізаваць опцыю можна будзе ўжо ў траўні.

Себасцьян Хёнес

Хёнес праводзіць выдатны сезон са «Штутгартам» – і толькі «Баер» Алонса пакідае працу 41-гадовага трэнера ў ценю. Швабы ідуць трэцімі і могуць планаваць удзел у Лізе чэмпіёнаў у наступным сезоне, але трэба будзе ўтрымаць не толькі гульцоў, але і трэнера. Хёнес з'яўляецца пляменнікам таго ж Улі Хёнеса з «Баварыі», таму яму наканавана калі-небудзь узначаліць мюнхенскі клуб.

Таксама яго звязваюць з «Баерам», калі Хабі Алонса сыдзе.

Мічэл Санчэс

Мічэл з «Жыроны» нядаўна заявіў, што будзе ў клубе ў наступным сезоне, аднак многія паспелі адзначыць, што гэта можа быць накіравана на заспакаенне гульцоў. Але шмат чаго залежыць ад клуба.

«Жырона» прапануе падоўжыць кантракт, каб атрымаць добрыя адступныя. Сярод прэтэндэнтаў называюць «Барселону» і «Чэлсі», якія сочаць за коўчам.

Тыяга Мота

Тыяга Мота ўпэўнена вядзе «Балонню» у ЛЧ, а яго гульнёй ужо даўно захапляюцца ў Італіі. Сярод прэтэндэнтаў называюць «Мілан», якому падабаецца ўменне трэнера развіваць гульцоў, а таксама збалансаваная гульня з акцэнтам на атаку.

Не варта забываць, што Мота – бразілец з італьянскім пашпартам, які з'яўляецца гадаванцам «Барселоны». Так што цікавасць з боку каталонцаў таксама цалкам зразумелая. Яшчэ за спецыялістам сочаць у Парыжы, дзе Тыяга заканчваў кар'еру ў 2018 годзе. Прэтэндэнтам можа стаць «Ювентус», калі ўсё ж адважыцца растацца з Алегры.

Раберта Дэ Дзербі

Дэ Дзербі сёння не настолькі на слыху, як восенню, але яму таксама прадказваюць павышэнне. У Каталоніі ўгледзелі ў Раберта «ДНК «Барселоны», а вядомы інсайдэр Нікола Скір, піша, што трэнер можа ўзначаліць улетку «Чэлсі».

Таксама італьянца звязваюць з «МЮ» і «Ліверпулем». У «Брайтане» ўжо прыглядаюцца да Рубена Амарыма са «Спортынгу», калі Дэ Дзербі ўсё ж такі сыдзе.

Са свежага: «Баварыя» разглядае італьянца ў якасці альтэрнатывы, калі не атрымаецца перацягнуць Алонса.

Хаўер Гарсія Пім'ента

Пім'ента – яшчэ адно «каталонскае сэрца». Яго «Лас-Пальмас» гуляе ў даволі закрыты, але эфектыўны футбол. Трэнера адпраўляюць на замену Мічэлу ў «Жырону», а таксама ў «Барселону». Букмекеры лічаць, што ён знаходзіцца ў топ-5 прэтэндэнтах на крэсла трэнера «блаугранас».

Франчэска Фар'ёлі

34-гадовы Франчэска Фар'ёлі выдатна зарэкамендаваў сябе ў «Ніцы», таму не дзіўна, што вучня Дэ Дзербі ўжо чакаюць у роднай Італіі. Пакуль самы верагодны варыянт – «Напалі», дзе Франчэска Кальцонэ дапрацуе толькі да канца сезона.

Рубен Амарым

Рубен Амарым са «Спортынгу» таксама фігуруе ў шорт-лістах процьмы клубаў з топ-5. Некаторую не супраць бачыць свайго земляка ў «Барселоне». Таксама ёсць «Чэлсі», які даўно сочыць за спецыялістам. The Telegraph паведамляе, што Амарым можа стаць прыярытэтам для «Ліверпуля» ў выпадку адмовы Хабі Алонса.

У партугальца ўсё яшчэ ёсць кантракт са «Спортынгам» на два гады, таму за яго давядзецца выкласці 30 мільёнаў еўра.

Фота: Global Look Press/IMAGO, «Барселона», «Баер», «Брайтан»

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты