Tribuna/Футбол/Блогі/«Моўны iнспектар» 3 гады хаваўся ў Беларусi. Праз яго ў «вышцы» прозвiшчы па-беларуску, а ў БАТЭ пісалі вершы

«Моўны iнспектар» 3 гады хаваўся ў Беларусi. Праз яго ў «вышцы» прозвiшчы па-беларуску, а ў БАТЭ пісалі вершы

Чалавек, якi змянiў наш футбол.

Аўтар — Tribuna.com
27 кастрычніка, 13:00
«Моўны iнспектар» 3 гады хаваўся ў Беларусi. Праз яго ў «вышцы» прозвiшчы па-беларуску, а ў БАТЭ пісалі вершы

На днях стала вядома пра паспяховую эвакуацыю з Беларусі ў Літву папулярызатараў беларускай мовы Ігара Случака і Аліны Нагорнай з іх двума маленькiмi сынамi Стэфанам ды Тадэвушам. Сілавікі Лукашэнкі палявалі на пару з часу пачатку пратэстаў 2020-га – але актывісты не хацелі пакідаць краіну: замест гэтага яны часта мянялі месца жыхарства (рабілі гэта, як толькі заўважалі цікавасць «людзей у чорным» да кватэры), пры гэтым паспявалі пісаць звароты ў дзяржорганы, паспяхова заклікалі розных вытворцаў выкарыстоўваць беларускую, нават знаходзілі магчымасць выдаваць свае кнігі. Каб не рызыкаваць раскрыццём асабістых звестак, Случак аднойчы сам сабе зрабіў невялікую аперацыю, а ў красавіку 2023-га Нагорная змагла, не прыцягваючы ўвагі, другі раз стаць маці.

Але рэжым не супакойваўся – назваў сацсеткі пары «экстрэмісцкімі». Да таго ж з-за стрэсу адкрывалiся праблемы са здароўем, ды i дзяцей было ўжо амаль немагчыма не «свяцiць» у дзяржструктурах, i становiшча аказвалася ўсё больш небяспечным. Таму з дапамогай фонда BYSOL была праведзеная «асаблівая эвакуацыя са складанымі і драматычнымі рашэннямі». Таксама для сям'i абвясцiлi дабрачынны збор на 5 тысяч еўра – iх ужо сабралi.

Случак і Нагорная – заснавальнікі ініцыятывы «Умовы для мовы», якія займаюцца абаронай і папулярызацыяй беларускай мовы. Сярод іх праектаў – выпуск дапаможніка «Абаронім мову», выданне дзіцячай кнігі «Кошык вожыка», кніга пра дыскрымінацыю беларускамоўных у Беларусі «Мова 404».

Але «моўным інспектарам» Случака называлi за гады да яго знаёмства з Нагорнай. Яшчэ ў 2009 годзе ён запусціў кампанію «Справаводства па-беларуску!», метадычна рассылаючы запыты і звароты ва ўсе магчымыя арганізацыі на тэму пашырэння выкарыстання беларускай мовы. Былi сярод iх i спартыўныя клубы.

У пачатку 2014-га Случак завёў блог на «Трыбуне» i пачаў расказваць пра тое, як прасоўвае мову. I ў белфутболе актывiст дабiўся заўважнага поспеху. У 2014-м усе прозвiшчы гульцоў вышэйшай лiгi на майках яшчэ пicалiся па-руску, а ў 2015-м Случак радаваўся першаму ў гісторыі «беларускамоўнаму» матчу – з беларускiмi прозвiшчамi на спiнах сустракалiся мінскае «Дынама» і «Тарпеда-БелАЗ» (таксама ў тым сезоне такiя былi ў «Гомеля»).

З часам «беларусізацыя» нашага футбола расла: у 2016-м прозвішчы на роднай мове пісалі ўжо шэсць каманд Д1, у 2017-м – 11. Гэта быў сапраўдны прарыў.

Але было i жорсткае непрыманне прапаноў Случака. Самы яркі прыклад – «Граніт» і старшыня праўлення клуба Марына Быстрая, якая некалькi разоў у парушэнне нормаў адказвала на беларускамоўныя запыты па-руску, а ў 2017-м усё ж такi перайшла на беларускую (падкрэслiўшы, што «пераступае праз сябе») i заявiла, што Случак нiбыта «займаецца нікому не патрэбнай справай» i мае «ўзровень развіцця «дзіцячы сад ясельная група», да разумнага чалавека вельмі далёка». Усё скончылася двума адміністрацыйнымі пратаколамі ў дачыненні да Быстрай – за адказы, якія не адносяцца да тэмы звароту.

Намнога больш творча адказвалi Случаку ў БАТЭ – ў 2017-м і 2018-м тады генеральны сакратар клуба Андрэй Вашкевіч ствараў для актывiста вершы. Дарэчы, БАТЭ па сёння пiша прозвiшчы на майках i робiць графiку ў сацсетках па-беларуску.

Свой блог на «Трыбуне» Случак перастаў весці ў сакавіку 2020-га. З таго часу сітуацыя з беларускай мовай у айчынным футболе пагоршылася. З майкамi – не нашмат: у сёлетняй «вышцы» 9 з 15 каманд гуляюць з прозвішчамі на беларускай мове, плюс брэсцкае «Дынама» мае яе на адным з камплектаў (выключна рускае напiсанне захоўваюць «Шахцёр», «Нафтан», «Мінск», «Энергетык-БДУ» і «Славія»). Галоўная праблема – змена пазiцыi АБФФ, якая да канца 2021-га рабiла ўсю графiку трансляцый i тэксты ў сацсетках па-беларуску.

Але з 2022-га федэрацыя цалкам перайшла на рускую.

Для роднай мовы ад федэрацыi засталася толькi такая аддушына, як адзiнкавыя каментатары, якiя вядуць рэпартажы са стадыёнаў па-беларуску.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты